У старажытныя часы лічылася: каб муж і жонка жылі ў гармоніі, на велікодны стол абавязкова трэба паставіць запечаную свініну, а для дабрабыту — сала. Тыя, хто хацеў папаўнення ў сям'і, рыхтавалі каўбасу. А вось алей, сыр, тварог, а таксама прадукты з іх (пірагі, булкі з тварагом) сімвалізавалі сытае жыццё і поспех. Калі хто з гаспадынь яшчэ не вызначыўся, як правесці свята з каларытам, раім пазнаёміцца са звычаямі часоў нашых прабабуль.
Праваслаўныя вернікі сёлета адзначаць Светлае Хрыстова Уваскрэсенне 16 красавіка. Вялікдзень, ці Вялікадне, Пасха, — любімае свята беларусаў. Нездарма яго называлі святам свят, урачыстасцю з урачыстасцей. У праваслаўнай традыцыі Пасха доўжыцца сорак дзён, да Ушэсця. Увесь гэты час прынята вітаць адзін аднаго так: «Хрыстос уваскрэс!»
Здаўна Вялікдзень — свята надыходу і панавання сонца, абуджэння прыроды. Пачыналася праца ў полі. У хрысціянскія часы Пасха прымяркоўвалася да ўваскрэсення распятага Хрыста, у народным жыцці мела адценні і каларыт.
Якіх традыцый прытрымліваліся ў велікодныя дні продкі і якія звычаі захаваліся да нашага часу ў розных рэгіёнах Беларусі?
Мяжа паміж старым і новым годам
Гаспадыні пачыналі думаць пра Вялікдзень з самага пачатку Вялікага посту: збіралі шалупінне цыбулі для афарбоўкі яек. За тыдзень да свята дасканала прыбіралі дом і двор, нарыхтоўвалі корм для хатніх жывёл, каб потым не турбавацца. Для ўсіх членаў сям'і прадугледжвалася новая чыстая вопратка для паходу ў царкву. Продкі лічылі: адзенне на Вялікдзень павінна быць светлых адценняў з элементамі чырвонага і зялёнага колераў.У ноч з Вялікай суботы не тушылі агню, не замыкалі адрыны. З вечара ішлі ў царкву на ўсяночную службу, на набажэнстве стараліся пабываць усе, за выключэннем самых нямоглых і хворых.
Цікавая традыцыя існавала ў Пружанскім раёне, дзе ў велікодную ноч распальваліся вогнішчы. Ладзіўся абрад гэтак жа, як і на Купалле, на Масленіцу. Вогнішча збірала большасць вяскоўцаў. На Брэстчыне вядомая традыцыя сямейных міні-вогнішчаў: загадзя нарыхтоўвалі бярвенне дзікай грушы. Яе калючыя галіны ўспрымаліся як аналогія з цярновым вянком Хрыста.
Сімвал свята — яйкі (крашанкі), што ўвасаблялі перамогу жыцця над смерцю. Іх здаўна фарбавалі пераважна ў чырвоны колер. У народзе казалі: «Свята Вялічка з чырвоным яечкам!» Дарэчы, нашы продкі надавалі асаблівае значэнне не толькі крашанкам, але і ўсім велікодным стравам. Булкі і пірагі сімвалізавалі цела Хрыста і радасць жыцця, соль — сувязь Бога з народам, дабрабыт і сэнс існавання, а віно — кроў Ісуса.
Асаблівая ўвага надавалася прыгатаванню пірагоў і булак.
Рэканструкцыя пасхальных абрадаў у аграгарадку Фойна Магілёўскага раёна.
Свята свят
Пасля літургіі вернікі спяшаліся дадому, імкнучыся апярэдзіць суседа. У народзе казалі: першы, хто ўвойдзе на вуліцу пасля ўсяночнай, будзе жыць у дабрабыце як мінімум год. Затым па традыцыі разгаўляліся. Велікодны сняданак абавязкова сярод блізкіх, для гасцей прадугледжваўся іншы час.Адно з правіл свята — сход сям'і за адным сталом. Даўней перад трапезай гаспадар апырскваў асвячонай вадой усе пабудовы на сваёй сядзібе. Існавала і традыцыя запрашаць больш бедных вяскоўцаў, нават жабракоў. Снеданне заўсёды пачыналася з малітвы. Можна было маліцца сваімі словамі, услаўляючы ўваскрэсшага Ісуса Хрыста і жадаючы дабра сабе і блізкім. Пасля малітвы галоўны ў сям'і са словамі «Хрыстос уваскрэс!» раздаваў кожнаму прысутнаму за сталом асвячоную крашанку, пасля чаго ўсе з'ядалі па кавалачку пірага. Толькі потым мяса, сыр і каўбасы.
Увесь дзень частавалі адзін аднаго пірагамі ды булкамі, велікоднымі яйкамі, якімі затым абавязкова стукаліся. У кожнай вёсцы ў даўнія часы ладзіліся гульні: біццё і катанне крашанак. Перш чым гуляць, іх спрабавалі на моц пастукваннем аб зубы. Выйграваў той, у каго яйка было мацнейшым.
Вялікдзень суправаджаўся ўзаемным наведваннем родных і блізкіх. Дзеці прыходзілі да хросных бацькоў, частавалі іх прысмакамі, адорвалі падарункамі і давалі фарбаваныя яйкі. Увечары па дварах хадзілі валачобнікі, ці «алалоўнікі», «глікальнікі», «кукольнікі», спявалі рэлігійныя песні. Лічылася, што абыход двароў прыносіць пладавітасць жывёле, ураджайнасць на палях, засцярогу падвор'я ад розных прыродных стыхій. Валачобнікаў, як і калядоўшчыкаў, беларусы сустракалі прыхільна і добра частавалі фарбаванымі яйкамі і іншымі прысмакамі.
Усе рытуалы мелі сакральны сэнс. Характэрна, што нават рэшткі велікодных страў набывалі асаблівае значэнне: пасля свята не выкідваліся, а выкарыстоўваліся, напрыклад, пры засяванні поля. Шкарлупіну прымешвалі ў ежу хатнім птушкам і жывёлам, а самі яйкі, што засталіся пасля свята, закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб тая добра ўрадзіла.

Гаспадыням на заметку
Святочны стол накрыйце льняным абрусам, раскладзіце сурвэткі, расстаўце свечкі. Не забудзьцеся пра букеты кветак: цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў. Да іх можна дадаць галінкі вярбы. Упрыгожаць стол і дэкаратыўныя фігуркі, напрыклад мініяцюрныя курачкі. Пірагі і булкі ставяць у цэнтры стала. Фарбаваныя яйкі раскладваюць у невялікія дэкаратыўныя кошыкі або сплеценыя сваімі рукамі птушыныя гнёзды.
Велікодны пірог «Святочны»
Замясіць рошчыну з адной шклянкі малака, 20 грамаў дражджэй, дадаць адно яйка і 6 сталовых лыжак цукру. Перамяшаць, паставіць у цёплае месца. Калі рошчына праз некалькі гадзін падыдзе, дадаць 4 сталовыя лыжкі сметанковага масла (растапіць), 2 яйкі, 1 жаўток, 1/3 сталовай лыжкі солі, цэдру аднаго лімона, а таксама 1/3 шклянкі разынак (калі цеста будзе добра вымешана). Паставіць падыходзіць на некалькі гадзін. Затым змазаныя алеем формы запоўніць цестам на 2/3 часткі, даць падысці яшчэ раз у форме. Выпякаць пры 200 градусах 40 хвілін, пакуль пірог добра не зарумяніцца. Затым трохі астудзіць у форме, дастаць, пасыпаць цукровай пудрай альбо глазурай.
З народнага
♦ Сонечнае надвор'е на Вялікдзень — да добрага ўраджаю.
♦ Дождж на Вялікдзень — да дажджлівага лета.
♦ Трапіць пад дождж у Вялікдзень — да шчасця.