Беларусы Самарскай вобласці напярэдадні Новага года запрасілі знаўцаў і прыхільнікаў самабытнай беларускай культуры ў дзівоснае падарожжа ў свет Музыкі, Песні, Танцаў. Афіцыйна то быў гала-канцэрт лаўрэатаў XII Абласнога беларускага дзіцяча-юнацкага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Беларусь — мая песня!”, прайшоў ён 13 снежня 2016 года ў канцэртнай зале Палаца культуры “Заря”.
Нагадаю: упершыню гэты фестываль правялі ў 2005-м, і стаў ён штогадовым. Звычайна дастасаваны да свята “Дажынкі”, а на гэты раз фэст-імпрэзы ўліліся ў плынь іншых юбілейных падзей: 165-годдзе Самарскай губерні, 430-годдзе Самары і 15-годдзе Дома Дружбы народаў. Як і раней, ладзіла фестываль Самарская абласная грамадская арганізацыя “Руска-Беларускае Братэрства 2000” пры падтрымцы Адміністрацыі, Думы гарадской акругі Самара, Адміністрацыі Савецкага раёна Самары і Дома дружбы народаў вобласці. “У сучасным свеце, калі бурацца і рвуцца нават раней устойлівыя сувязі, вельмі важна, каб у стасунках між людзьмі пераважала сяброўства, — лічыць прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. — Вось таму заключны канцэрт беларускага фестывалю мае назву “Свята разам з сябрамi / Праздник вместе с друзьями”. Як вядома, яшчэ старажытнарымскі філосаф Цыцэрон казаў, што “ў свеце няма нічога лепей і прыемней за дружбу: выключыць з жыцця дружбу — усё роўна, што пазбавіць свет сонечнага святла”. З тым пагадзіліся і ганаровыя госці свята з Адміністрацыі Самары, Савецкага ўнутрыгарадскога раёна, прадстаўнікі адміністрацый школ-партнёраў фестывалю...
Гасцей і ўдзельнікаў беларускага творчага форуму вітаў дэпутат Думы гарадской акругі Самара Валеры Барсук, які й сам мае беларускія родавыя карані. Ён павіншаваў усіх са святам самабытнага нацыянальнага мастацтва, і асабліва Ірыну Глускую, “якая ўзяла на сябе ролю ахоўніка і прапагандыста беларускіх нацыянальных традыцый, звычаяў і абрадаў на самарскай зямлі”. Супляменнік уручыў Ірыне Міхайлаўне Падзячны ліст за шматгадовую і плённую працу па ўмацаванні руска-беларускай дружбы і адраджэнні славянскіх нацыянальных традыцый. Падзячныя лісты ад кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Уладзіміра Сафронава атрымалі ўсе ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Каданс”, шэраг педагогаў са школ-партнёраў беларусаў Самарскай вобласці. Вітанне і сваю ўдзячнасць арганізатарам і ўдзельнікам гала-канцэрта даслаў Алег Фурсаў, кіраўнік гарадской акругі Самара.
А на пачатку канцэрта для гледачоў прайшла віктарына пра Беларусь: і дарослыя, і дзеці ў ёй паўдзельнічалі. Пераможцы атрымалі навагоднія ўзнагароды: сувеніры і салодкія падарункі. А потым прагучалі фанфары — і пачаўся гала-канцэрт. Прычым па традыцыі адкрыў праграму заслужаны і любімы ў Самары ансамбль беларускай песні “Каданс”: ім кіруе Іна Сухачэўская, педагог вышэйшай катэгорыі па класе эстраднага вакалу. Прагучала некалькі песень, і першай — беларуская народная жартоўная “Гармонiк грае”. Бурнымі апладысментамі гледачы сустрэлі беларускі танец-гульню “Лапаточкі” ў выкананні ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “Преображение” з 15-й Дзіцячай школы мастацтваў. Усім спадабалася і беларуская народная песня “Сеў камарык на дубочак”: яе выконвалі вакальны дуэт і ансамбль гітарыстаў з 20-й Дзіцячай музычнай школы. Скарыла гледачоў Ксенія Гуськова з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество”: вельмі хораша праспявала песню “Зямля з блакiтнымi вачамi”.
Як бачым, у першым блоку праграмы лаўрэаты фестывалю выконвалі беларускі рэпертуар. А ў другім аддзяленні пасля песні “Самарская губерния” былі прадстаўлены нумары ад іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у вобласці. Аднак і тут вымалёўваўся своеасаблівы “карагод сяброўства”. Напрыклад, за рускім танцам “Топотуха” была вакальна-харэаграфічная пастаноўка “Сястра па духу”: Анастасія Гуркіна і Арына Камісарава выканалі песню на армянскай і беларускай мовах, суправаджалася ж яна выкананнем танца ў нацыянальных традыцыях беларускага і армянскага народаў. Потым быў яўрэйскі народны танец “Сем сорак”, далей — украінская песня Уладзіміра Івасюка “Червона рута” ў выкананні салісткі “Каданса” Арыны Камісаравай. За татарскім танцам загучала лірычная песня “Венок Дуная”, потым на сцэне быў кітайскі танец “Лотас”… А ў фінале гала-канцэрта песню “Дети Земли” выканала Аліна Чаркіна з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество”. Там ёсць словы: “Нет ничего прекрасней на планете/ Минуты той, когда смеются дети…” І ў іх таксама выявіўся лейтматыў беларускага фестывалю мастацтваў “Беларусь — мая песня!”: давайце будзем сябраваць, жыць у згодзе і міры!