В Парке истории «Сула» создали почтовое отделение времен ВКЛ, объект исторической реконструкции

Сульскі парк як пружына часу

Наш карэспандэнт наведала вядомую экскурсійную лакацыю і даведалася пра яе навінкі

Калі вы раптам пажадаеце адправіць арыгінальную паштоўку на другі канец свету, завітайце на паштовую станцыю ў Парк гісторыі «Вялікага Княства Сула». Менавіта адсюль можна нагадаць аб сабе сябрам і знаёмым такім вось незвычайным для нашага часу спосабам. І хуткасці электроннай пошты супрацьпаставіць жывое цяпло вашых рук, якое захавае гэта паштовае адпраўленне, сцвярджае экскурсавод ВКС Дзіяна Ранцюк. Паштовая станцыя — чарговы аб’ект гістарычнай рэканструкцыі, адчынены тут напрыканцы чэрвеня.


Пошта захоўвае функцыянальнае і знешняе падабенства з тымі станцыямі, якія былі раскіданы па тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага падчас яго рэальнага існавання на карце Еўропы. Выканаўцы ідэі надзялілі аб’ект тагачаснай інфраструктуры яшчэ і функцыямі музея, стварыўшы тут цікавую экспазіцыю, прысвечаную развіццю чыгуначнага транспарту на тэрыторыі Беларусі. Гэта канцэпцыя невыпадковая. Справа ў тым, што ў біяграфіі Парка гісторыі пару месяцаў таму з’явілася яшчэ адна цікавая навацыя: тут запрацавала конная чыгунка — таксама аб’ект гістарычнай рэканструкцыі. З яго пачыналася развіццё чыгуначнага транспарту ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дарэчы, каля 150 год таму так званая конка з’явілася ў Маскве і Пецярбургу. Яе мелі большасць буйных гарадоў былой царскай Расіі. Ішоў час, і развіццё тэхналогій у галіне транспартных камунікацый выцесніла цягавітых рысакоў з каляіны тэхнічнага прагрэсу.

Конная чыгунка — рэальны экскурс у мінулае, яшчэ адзін, чарговы, паколькі, як сцвярджаюць экскурсаводы, штогод інфраструктура парка абагачаецца некалькімі новымі аб’ектамі. Таму і штогодняя «пілігрымка» ў Суле становіцца неабходнай для тых, хто глыбока капае свае гістарычныя карані і ў даўнім побыце ліцвінаў знаходзіць падмурак для актывізацыі сваёй геннай памяці. Ці проста атрымлівае задавальненне ад экскурсій.

Будзем шчырымі, многія з нас не чулі пра наяўнасць такой адміністрацыйнай адзінкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, як Вялікае Княства Сула. Княствы і ўсё звязанае з імі падаюцца нам глыбока архаічнымі тэрмінамі, якім не месца ў нашым лексіконе. І ўсё ж акаляючы свет існуе не без лю­дзей, маючых жаданне акунуцца ў глыбіню гісторыі і поўнымі жменямі зачэрпнуць адтуль веды аб сваім мінулым, аб тым, адкуль ёсць і пайшлі беларусы, коштам якіх ахвяр папярэднія пакаленні прывялі нашчадкаў да іх сённяшняга светаўспрыняцця, разумення сваёй ролі ў зменлівым, насычаным падзеямі часе.

…А пачыналася ўсё са старадаўняга паганскага капішча, адноўленага стваральнікамі парку на месцы, дзе яно размяшчалася паўтысячы год да нашай эры, калі існаваў культ пакланення прыродзе, калі чалавек абагаўляў акаляючы свет і бачыў сябе ў ёй драбнюткай часцінкай, нішчымнай і бездапаможнай. Нашы продкі прайшлі пасля цярністы шлях духоўнай эвалюцыі. Шлях ад паганскага капішча да замкавых вежаў, пад якімі нараджалася і шліфавалася багатая культура сярэднявечча.

У так званым замку Міндоўга яго сённяшніх гасцей, як і стагоддзі таму, сустракаюць гукамі жывой музыкі. Адзін з музыкаў, адарваўшыся ад інструмента, бярэ ў руку шаблю, пачынаючы распавядаць пра складаемыя шляхецкай культуры. Пад сутарэннямі замкаў нараджаліся дзіўныя мелодыі, узброеныя рыцары, якія не сёння-заўтра рыхтаваліся ў ваенны паход, прысвячалі вершаваныя радкі закаханым у іх паненкам. Тут ствараліся ўзоры сярэдневяковага жывапісу, ткацтва. Яны і сёння у рэканструяваным выглядзе упрыгожваюць сцены таксама адноўленых шматлікіх аб’ектаў парка гісторыі.

Сула — вынік упартай працы рэканструктараў згодна праекта аўтара ідэі Андрэя Запольскага. Тое, што створана на месцы разбуранага гняздоўя высакароднага роду Ленскіх, не існавала тут раней у такім выглядзе. Тут адноўлена, акумулявана гісторыя дзесяткаў такіх жа знявечаных часам шляхецкіх маёнткаў, з іх абавязковай атрыбутыкай духоўнага і матэрыяльнага кшталту. Праходзіш мост, ловячы шум струменяў падаючай вады, і нібыта трапляеш у іншае вымярэнне. Распрамляецца пружына часу і выводзіць цябе на ўзбярэжжа во­зера, дзе застылі ў чаканні далёкага падарожжа па гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі» два драккары, старадаўнія плаўсродкі купецтва. Поўнае кола ўздоўж узбярэжжа — і ў поле зроку трапляюць большасць значных аб’ектаў парка. Гэта і старое капішча з пантэонам славянскіх багоў, і музей-канюшня, і каралеўская асамблея, і паляўнічая рэзідэнцыя караля Стэфана Баторыя… На пружыне часу сышліся розныя эпохі.


У беларускім мястэчку, калі не палянуецеся прайсціся па брукаваных, выкладзеных блакітна-шэрым каменем сцежках, вы пакаштуеце хлеб, які выпякаўся нашымі продкамі, і казіны сыр. Сучасная сыравіна ўжо і сёння выспявае на акаляючых палетках, фарміруючыся ў тугі жытнёвы колас. А на лужку, побач з блакітнай Сулой, якой давялося аздабляць яшчэ эпоху варагаў, пасуцца спрытныя і рахманыя козачкі.

Аптэка «Зёлкі», ткацкая майстэрня, яўрэйская лаўка… І вось ён, чаканы для большасці музей сульскай старкі. Чаканы, бо дзе яшчэ легітымна, у публічным асяроддзі паспрабуеш на смак забаронены для кустарнай вытворчасці прадукт? Вадкасць на дне кілішка мае янтарны колер і церпкі смак. Кавалак салёнага агурка дабаўляе пазітыўных адчуванняў. Музей бортніцтва і батлейка дадаюць эмоцый у рэаліі светаадчування стогадовай даўнасці.

Сульскі парк інтэрактыўны. Тут можна атрымаць майстар-клас ігры на дудзе і фісгармоні, навучыцца некаторым каленцам сярэднявечных танцаў, пакруціць ганчарнае кола. Увогуле, усё можна памацаць,пакратаць, а некаторае, як ужо ўпэўніліся, і пакаштаваць на смак. Катанне на брычцы, даўняя панская забава, тут вельмі папулярная сярод юных наведвальнікаў. Але да нядаўна ўведзенага новага віду паслуг — коннай чыгункі — ужо прызвычаіліся і дарослыя наведвальнікі Сулы.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter