Фестиваль «Цімкавіцкія вытокі» претендует стать еще одним культурным брендом Копыльщины

Сцяжынкамі класіка

Літаратурна-музычнае свята, прымеркаванае да дня нараджэння Кузьмы Чорнага, другі год запар сабрала гасцей на малой радзіме класіка.  Яркі фэст у адным з найстарэйшых мястэчак Капыльскага раёна — аграгарадку Цімкавічы — здзіўляў аматараў роднага слова і самабытных традыцый шырокім інтэрактывам.


Самай прыцягальнай лакацыяй для ўдзельнікаў фэста «Цімкавіцкія вытокі» стаў літаратурны музей Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, дзе з 1908 года гадаваўся беларускі празаік. Загадчыца Людміла Ніжэвіч знаёміла гасцей з жыццёвым і творчым шляхам таленавітага сялянскага хлопчыка Мікалая Раманоўскага (сапраўднае імя пісьменніка), якому лёсам было наканавана стаць беларускім Дастаеўскім. Так называюць творцу многія літаратуразнаўцы, бо не без падстаў лічаць менавіта яго пачынальнікам айчыннай філасофскай і псіхалагічнай прозы, здольным так ярка перадаць характары і лёсы людзей у пераломныя гістарычныя часы войн і рэпрэсій.


У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы класіка, фота з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць ягоны голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы. Раскрываюць эмацыянальны і ўнутраны свет пісьменніка і яго малюнкі. Людміла Ніжэвіч прапаноўвае жадаючым саткаць радок на ткацкім станку.


— Самабытны інструмент тут не выпадковы, — тлумачыць яна. — Ткацтвам займаліся бацькі і продкі пісьменніка. Ды і само мястэчка славілася гэтым промыслам.

На малой радзіме свайго класіка не забываюць. Цікавы факт, што музей пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы. Спачатку і быў ён школьным, а ў 1993 годзе яму нададзены статус дзяржаўнага. Наведвальнікаў уражвае экспазіцыя ў пяці залах, якая сапраўды ўсебакова раскрывае творчую асобу празаіка, публіцыста, драматурга, памфлеціста. Ініцыятарам стварэння музея была дырэктар мясцовай школы і заслужаная настаўніца БССР Зінаіда Раманенка. Сёння ў Цімкавіцкай школе навучаецца крыху больш за дзвесце дзяцей. Пра гэта паведамілі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяна Маляўка і Галіна Пінчук. Яны на свяце прадстаўлялі пляцоўку з гісторыяй сваёй знакамітай установы, якая носіць імя класіка. Суразмоўцы ўпэўнены:
— Такое свята людзям патрэбна. Яно аб’ядноўвае цімкаўлян. Тут варта згадаць радкі пісьменніка: «Дзе прайшло дзяцінства — там пачынаецца Радзіма». І абуджэнне цікавасці да нашага краю, безумоўна, будзе спрыяць яго развіццю. І калі нашых гасцей, асабліва моладзь, святочная дзея ў вольны час натхніць пагартаць старонкі класіка — таксама дасягненне. Прыемна бачыць на свяце людзей, чые карані звязаны з Цімкавічамі!

Акрамя экскурсіі па музеі, гасцям было багата прапаноў, дзе можна бавіць час. Вакол музея раскінуліся стракатыя пляцоўкі з гульнямі, квестамі, выставамі-продажам мясцовых майстроў, канцэртам калектываў мастацкай самадзейнасці. Можна было паразмаўляць з сучаснымі літаратарамі, маладымі пісьменнікамі, якія прэзентавалі сваю творчасць.

Намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Святлана Маліноўская лічыць, што творчы форум набірае абароты і з’яўляецца добрым складальнікам для ўзмацнення турыстычнай прывабнасці краю:

— Кожны раён, напэўна, чымсьці ўнікальны і багаты. Культурная спадчына нашага краю — не выключэнне. Заўважыла, што наш фэст прыцягнуў увагу прадстаўнікоў розных пакаленняў. Асабліва прыемна бачыць тут моладзь, якая цікавіцца гісторыяй, культурай, літаратурай.


Святлана Іванаўна таксама адзначыла, што і ў цэлым на Капыльшчыне культурнае жыццё не спыняецца ў сваім развіцці. 
Шырокую вядомасць атрымаў, напрыклад, абрад «Калядныя цары» на вёсцы Семежава, унесены ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА, рэспубліканскія прыгодніцкія спартыўныя спаборніцтвы «Капыль рэйс», мясцовае свята бульбы заўжды здзіўляе крэатывам, Дзень горада, які традыцыйна праходзіць у апошнюю нядзелю жніўня. 
І ў гэтым вялікая заслуга працаўнікоў культуры, сярод якіх вельмі шмат таленавітай і перспектыўнай моладзі.


Нямала гасцей сёлета на «Цімкавіцкія вытокі» прыехала з Мінска. Павел Падгорны вырашыў паўдзельнічаць у свяце разам з дачушкай Марыяй:

— Пра падзею даведаўся з Instagram. Тут побач — малая радзіма бацькоў. Дарэчы, мая бабуля працавала ў сельскай бібліятэцы, прывівала густ да літаратуры. Увогуле, лічу, што трэба ведаць пра свае карані і дзяцей далучаць да іх шанавання. Свята атрымалася яркім, каларытным, пазнавальным. У музеі даведаліся шмат цікавага аб жыцці і творчасці класіка. Спадзяемся, што добрая традыцыя атрымае працяг і сюды будуць з радасцю прыязджаць яшчэ больш гасцей.



zakharov@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter