Нядаўна ў краіне вызначылі 48 раёнаў і гарадоў, у якіх найбольш складана знайсці працу. На верхавіне айсберга — Віцебская вобласць, дзе ў спіс тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы трапілі 13 раёнаў і два горады — Віцебск і Наваполацк. Крыху статыстыкі: на Віцебшчыне сёння жыве 1 мільён 180 тысяч чалавек, з іх 689 тысяч — працоўныя рэсурсы рэгіёна. Амаль 72 працэнты працаздольнага насельніцтва, або 494 тысячы чалавек, занятыя ў эканоміцы. Як зрабіць гэтую лічбу большай?
Дэкрэтам № 1 прадугледжана стварэнне і вядзенне ў краіне базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Парадак яе фарміравання і вядзення вызначаюць. Мяркуецца, што на першым этапе створаць адзіную базу даных на аснове рэспубліканскіх інфармацыйных рэсурсаў. Другі этап — яе карэкціроўка на мясцовым узроўні, каб пазбегнуць любых скажэнняў. У тым, што ў перспектыве дойдуць да кожнага беспрацоўнага, ды і сёння, па сутнасці, займаюцца гэтым жа, упэўнены Пётр Прасолаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гарадоцкага райвыканкама.
Гарадоччына замыкае тройку напружаных у плане працаўладкавання тэрыторый Прыдзвіння. У мінулым годзе з пытаннем аб занятасці ў выканкам звярнулася амаль 600 чалавек. На ўлік як беспрацоўныя сталі 434, на 16,4 працэнта менш, чым у 2016-м. На пачатак гэтага года колькасць заяўленых наймальнікамі вакансій — 167. На гэты ж перыяд лічба па беспрацоўных — 48. У асноўным за бортам аказваюцца мужчыны каля 35 гадоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Больш за ўсё свабодных месцаў — у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы, адукацыі і культуры, ахове здароўя і сферы сацыяльных паслуг. Раёну неабходныя швачкі, прадаўцы, вадзіцелі аўтамабіляў катэгорый С, Е, D. На вёсцы чакаюць трактарыстаў, жывёлаводаў, бухгалтараў. Перманентны попыт на ўрачоў-спецыялістаў, патрэбныя псіхолагі, інжынеры-праграмісты, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, сацыяльныя педагогі. Усю інфармацыю аб вакансіях лёгка знайсці ў інтэрнэце, а таксама ў інфакіёску на першым паверсе райвыканкама.
План па стварэнні новых працоўных месцаў раён выканаў, дзеліцца Пётр Іванавіч:
— У мінулым годзе замест 100 жыхароў працаўладкавалі 117. На гэты год, спадзяёмся, таксама ўсё атрымаецца. Будзе стабільная вытворчасць — будуць і месцы, тут ніякага сакрэту.
Вялікія стаўкі робяцца на адкрыццё ўласнай справы. Выдатны прыклад ёсць і ў Гарадку. Сённяшнія прадпрымальнікі Алена Вячэрская і Аксана Мікушка яшчэ нядаўна былі цырульнікамі ў камбінаце бытавога абслугоўвання. Потым узялі ў арэнду памяшканне ў цэнтры горада. Хутка зрабілі рамонт і сталі стрыгчы, фарбаваць, завіваць кліентаў, уводзіць у курс справы Алена Вячэрская:
— Шчыра? Было страшна, але цяпер не шкадуем. Хіба што трошкі — што не адважыліся раней. Субсідыі прыйшліся вельмі дарэчы. Як і тое, што мы прывыклі працаваць у камандзе, падтрымліваючы адзін аднаго.
Прыватную ініцыятыву ў раёне вітаюць. У дзень, калі я пабывала ў райцэнтры, у службу занятасці звярнулася 12 чалавек. З іх чацвёра хочуць адкрыць уласную справу. Збіраюцца гандляваць прадуктамі і рамантаваць адзенне, арганізаваць работу дзіцячай камісіёнкі і цырульні для... сабак.
У большасці сваёй, калі даходзіць да атрымання дзяржпадтрымкі, бізнесмены-пачаткоўцы спраўляюцца. Пётр Прасолаў прыгадаў толькі адзін выпадак, калі іпэшніка-рамесніка абавязалі вярнуць датацыі праз суд.
Няма на руках запатрабаванай прафесіі, не задавальняе зарплата? Можна прайсці перападрыхтоўку ад службы занятасці або падацца ў ІП. Але як пераламаць псіхалогію асобных таварышаў, якія гадамі не мелі ні аднаго запісу ў працоўнай кніжцы? Сталы дзяцюк, які сядзіць на шыі бацькоў-пенсіянераў, хатняя гаспадыня, што гадамі жыла за мужам, а цяпер вырашыла выйсці з ценю... Карцінка цалкам рэальная. Але на месцах імкнуцца дапамагчы кожнаму — па здольнасцях і адукацыі.
На Віцебшчыне партрэт сярэднестатыстычнага беспрацоўнага выглядае так: мужчына 44-45 гадоў, які мае прафесійна-тэхнічную адукацыю, звольнены па пагадненні бакоў. Найбольш папулярная ў рэгіёне некваліфікаваная праца дворнікам, вахцёрам, вартаўніком. Такія месцы нарасхват. Напрыклад, у спісах — усяго дзве вакансіі вартаўніка, а суіскальнікаў — 125. Для параўнання, наймальнікі гатовыя прыняць больш за 440 швачак, але працаваць імі хочуць толькі 14 жыхароў рэгіёна.
Каментарый
Ірына Мацвеева, намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама:
— Да 5 красавіка раёны, якія сталі праблемнымі ў плане занятасці насельніцтва, павінны стварыць і зацвердзіць планы мерапрыемстваў па стабілізацыі сітуацыі.
У іх аснову лягуць праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Разам з тым чакаем, што акцэнт будзе зроблены на беспрацоўных. Стаіць задача не проста забяспечыць працаўладкаванне, з якім па факце ўсё не так крытычна, а наладзіць узаемадзеянне з рознымі катэгорыямі грамадзян. Важна данесці да іх думку, што праца — гэта неабходнасць, а зарплату трэба не атрымліваць, а зарабляць.
Вакансій дастаткова: у фаворы швачкі, абутнікі, слесары-сантэхнікі, трактарысты, электраманцёры, электрагазазваршчыкі. Больш за ўсё свабодных месцаў заявілі прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасці — 26 працэнтаў ад агульнай колькасці; сельскай і лясной гаспадаркі — 20, аховы здароўя і сацыяльных паслуг — 10, будаўніцтва — 9. У аўтсайдарах — бухгалтары, юрысты і эканамісты, ліфцёры, станочнікі і аператары. Лічу, той, хто хоча працаваць, — будзе. Напрыклад, у Віцебскай вобласці больш, чым у іншых, запатрабавана перасяленне беспрацоўных і членаў іх сем’яў на новае месца жыхарства. Натуральна, з прадастаўленнем жылля і працы. За 5 гадоў ПМЖ змянілі 350 сем’яў, гэта трэцяя частка ад усіх, якія перасяліліся, па краіне. Расце попыт на кваліфікаваныя кадры, у тым ліку на вёсцы. Былыя беспрацоўныя там інжынеры, ветэрынарныя санітары, медсёстры. Узровень напружанасці на рынку працы падае.
На 1 студзеня гэтага года на адну вакансію ўмоўна прэтэндавалі 0,8 беспрацоўнага. Гэта супраць двух на 1 студзеня 2017-га. Ёсць станоўчая дынаміка і па вымушанай няпоўнай занятасці. За мінулы год яна зменшылася амаль на 30 працэнтаў.
Navumavahanna@mail.ru
У Віцебскай вобласці маюць намер пераламаць псіхалогію тых, хто бяжыць ад працы
Стрыжка прыбыткаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.