Деловая площадка или поликлиника: в Руденске никак не могут присвоить необходимый статус местному бизнес-инкубатору

Стаць на крыло

Калектыў рудзенскага бізнес-інкубатара на чале з дырэктарам Аленай ЯШОВІЧ.

У краіне дзейнічае ўжо больш за два дзясяткі бізнес-інкубатараў — супольнасцей падтрымкі прадпрымаль­ніцтва, якія дапамагаюць пачаткоўцам рабіць у бізнесе першыя крокі. Паступова растуць і развіваюцца такія структуры і ў рэгіёнах. Пасёлак гарадскога тыпу Рудзенск быў запланаваны як перспектыўны горад-спадарожнік Мінска. З пункта гледжання развіцця прадпрымальніцтва і геаграфіі месца зручнае: да сталіцы ўсяго 40 кіламетраў. Задума зрабіць тут індустрыяльную пляцоўку для размяшчэння дзясятка вытворчых пляцовак з ільготнымі ўмовамі дзейнасці — выдатная ідэя. Але бяда ў тым, што цалкам ператварыць яе ў жыццё не вельмі атрымліваецца. Дзелавая ініцыятыва ўперлася ў рэальную замінку — змяніць мэтавае прызначэнне выкупленага пад кузню маладых прадпрымальнікаў збудавання не атрымліваецца. У падрабязнасцях разбіралася карэспандэнт «Р».

Ход па крузе

Яшчэ ў 2012 годзе ў сербскіх інвестараў з’явілася думка стварэння ў самым цэнтры Рудзенска інкубатара прадпрымальнікаў. Яны выкупілі на аўкцыёне памяшканне былой паліклінікі на Ленінскай вуліцы з участкам зямлі, але разам зарэгiстравацца ў iх не ўдалося: складанасці пры афармленні расцягнуліся на цэлую пяцігодку.

Самае цікавае ў гэтай гісторыі тое, што ў цэнтры Рудзенска бізнес-інкубатар ужо ўзведзены і цалкам адрамантаваны. Тут праходзяць значныя дзелавыя форумы — не толькi рэгiянальнага маштабу, але i ў фармаце ўсёй краiны. Праблема ў тым, што змяніць мэтавае прызначэнне збудавання да гэтага часу немагчыма, бо на паперы гэты будынак па-ранейшаму пазначаны як паліклініка. А ва ўстановах аховы здароўя адкрываць вытворчыя плошчы і здаваць у арэнду памяшканні заканадаўства забараняе.

Алена Яшовіч, дырэктар біз­нес-інкубатара, праводзіць нас па будынку, дэманструючы фотагалерэю ранейшых старых сцен. Гісторыя ператварэння рэгіянальнага памочніка бізнесу доўгая. Пасля выкупу ў 2013 годзе капітальны будынак і зямельны ўчастак, што прылягае да яго, прайшлі дзяржрэгістрацыю. Паводле праваўстаноўчых папер аказалася, што межы і канфігурацыя зямельнага ўчастка, план збудавання па тэхпашпарце  няправільныя. Чамусьці межы зямельнага ўчастка былі зрушаны, а ў тэхпашпарт памылкова не ўключылі падвал, вокны, частку апорных канструкцый і іншае.

Што ж пакупніку ў дадзенай сітуацыі нестыковак заставалася рабіць? Быў зроблены паўторны абмер, а праз паўгода прыйшоў афіцыйны адказ ад УП «Праектны інстытут Белдзіпразем», у якім гаварылася аб тым, што аднавіць межы зямельнага ўчастка немагчыма.

Пасля працяглых зваротаў ва ўсе адказныя інстанцыі толькі ў жніўні 2015 года заснавальнікі ажыццявілі працэдуру паўторнай дзяржрэгістрацыі капітальнага збудавання з карэктнай плошчай — звыш 730 «квадратаў», а таксама ўчастка з плошчай 0,3012 гектара. Нарэшце адбыліся абследаванне і ацэнка тэхнічнага стану канструкцый, электрамантажныя працы. Але ў гісторыі гэтай раптам з’явіўся яшчэ адзін непрыемны сюрпрыз.

З лютага 2016 года будынак уключылі ў пералік  капітальных пабудоў, якія не выкарыстоўваюцца. У дачыненні да іх у 10 разоў (!) павысілася стаўка падатку на нерухомасць і зямлю. Інвестары звярнуліся ў Пухавіцкі райвыканкам з прапановай змяніць мэтавае прызначэнне аб’екта з паліклінікі на будынак адміністратыўны ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», але атрымалі ад варот паварот. Прычына адмовы: аб’ект не адпавядае тэхпашпарту. Але тады якому з іх, калі ні адзін з вырабленых не адпавядаў рэчаіснасці, што пацвярджаецца экспертызамі?

Алена Яшовiч узгадвае, як хадзіла па крузе ў пяць розных інстанцый з вялізным пакетам дакументаў, але, стукаючы ў чарговыя дзверы, чула адмовы.

Перамога, а не проста ўдзел

На выпраўленне чужых памылак у дакументацыі было выдаткавана шмат энергіі і часу. Бізнес-інкубатар афіцыйна запрацаваў толькі ў 2018 годзе. Адзін з яго заснавальнікаў Міамір Біджоўскі прызнаецца:

— Для мяне паняцце «мэтавае прызначэнне» не зусім зразумела. Ва ўсім свеце прыняты іншы падыход: калі прыватная асоба альбо прадпрыемства набылі збудаванне, то могуць распараджацца ім па сваім меркаванні. Асабліва актуальна пытанне ўздымаецца з пачаткам ацяпляльнага сезона, калі рызыка адмовы ў падключэнні ацяплення можа пацягнуць за сабой незваротныя наступствы для дарагога аздаблення ў будынку.

Так выглядае будынак кузні прадпрымальнікаў сёння.

Кіраўнікі бізнес-інкубатара жартуюць, што беларуска-сербскаму праекту можна надаць статус «паліклінікі бізнесу». Аднак для жыцця назву выбралі зусім іншую — «Уін», ад англійскага дзеяслова to win — «перамагаць».

Як толькі пераступаеш парог бізнес-інкубатара, заўважаеш урачысты інтэр’ер, беласнежныя велічныя калоны, люстры і аб’ёмную прастору ўсяго памяшкання.

Як лічаць заснавальнікі «Уіна», гэта толькі спрыяе волі да перамогі і прадпрымальніцкай ініцыятыве  ў іх падапечных, з’яўленню новых праектаў.

Алена Яшовіч кажа, што ў назве прадпрыемства нездарма закла­дзены пазітыўны сэнс:

— Мы перажылі цяжкія часы, загартаваліся, як кажуць, і можам падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з іншымі. Крок за крокам наш інкубатар ператвараўся ў сучасны дзелавы комплекс. Атрымаўся ўнікальны цэнтр, дзе так шмат святла і прасторы. Тут у галовах новых прадпрымальнікаў наво­дзяць парадак з хаосу розных задум бізнесу. Пачаткоўцы прыходзяць у асноўным па рэкамендацыі, комплексную дапамогу юрыста, бухгалтара, маркетолага.

Асабліва вітаюць у Рудзенску вытворчыя праекты. Актуальнасць набыло развіццё будаўнічага напрамку ў Пухавіцкім раёне, таму што кадраў гэтай індустрыі ў рэгіёне з лішкам — людзям патрэбна праца. Нядаўна ў бізнес-інкубатар запрасілі таленавітага серба Лазара Іліча, які моцны ў аздабленні будынкаў і можа навучыць справе іншых у спецыяльнай школе.

Дзе выхад

Звярнулася ў Мар’інагорскае бюро РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», дзе, па словах Алены Яшовіч, і адбыліся памылкі ў дакументацыі. У бюро прызналі: калі ў 2010 годзе выконваліся работы па тэхнічнай інвентарызацыі паліклінікі, падвал не ўключылі ў склад будынка ў сувязі з адсутнасцю доступу на той момант.

Андрэй Шарый, загадчык бюро, узгадвае: у 2017 годзе дадзенае прадпрыемства звярнулася з заявай аб выкананні праверкі характарыстык будынка паліклінікі ў сувязі з праведзенымі рамонтнымі работа­мі. Зрабілі ведамасць тэхнічных характарыстык, у якой адлюстраваны прыкметы самавольнага будаўніцтва і змены прызначэння капітальнага будынка. А ў бюро не быў прадастаўлены поўны пакет: акт прыёмкі ў эксплуатацыю, дазвол на рэканструкцыю, капітальны рамонт, праектная дакументацыя. З просьбай заказаць новы тэхнічны пашпарт прадпрыемства ў бюро не звярталася.

КАМПЕТЭНТНА

Сяргей НАЙДОВІЧ, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Мінскай вобласці:

— Дзеля развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы прыняты шэраг важных дакументаў, у тым ліку Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Хачу падкрэсліць, што ў Алены Яшовіч усе справы празрыстыя — яна не здзяйсняла ніякіх супрацьпраўных дзеянняў і рабіла ўсё па кроках, пра якія ёй казалі ў профільных інстанцыях у свой час. Гэтая арганізацыя стымулюе дзелавую актыўнасць у Пухавіцкім раёне, стварае новыя працоўныя месцы і папаўняе бюджэт. У пытанні з перапрафіляваннем, лічу, усё ўпёрлася ў бюракратычныя затрымкі. Сёння ёй раяць зноў стартаваць з праектнай дакументацыі на будынак, які ўжо паўнавартасна ажыццяўляе дзейнасць бізнес-інкубатара, што пацягне за сабой чарговыя калізіі. Ёсць пункт 5.11 Дэкрэта № 7, які прадугледжвае магчымасць перапрафілявання аб’ектаў нерухомай маёмасці для вядзення бізнесу, калі гэта не супярэчыць дзейнасці, якая там будзе ажыццяўляцца. Фактычна мясцовыя органы ўлады маглі спакойна гэта перапрафіляванне ажыццявіць. Для гэтага дастаткова было прыняць адпаведны ўнутраны дакумент, але па шэрагу кадравых прычын працэс не адбыўся. Але маем прыклады з іншых гарадоў Беларусі, калі мясцовыя ўлады, спасылаючыся на адпаведны пункт Дэкрэта № 7, перапрафілявалі нявыкарыстаныя будынкі. Са свайго боку Савет па развіцці прадпрымальніцтва гатовы ініцыяваць стварэнне такога дакумента па пастанове Саўміна № 604 ад 9 верасня гэтага года, а мясцовыя органы ўлады могуць правесці такую працэдуру праз Савет дэпутатаў. Усім трэба запасціся цярпеннем у вырашэнні гэтага пытання.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter