Карлюкевич о наиболее примечательных книгах на Дне белорусской письменности

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч: «Прыходзяць новыя людзі і новыя кнігі»

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў гарадах — цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, мясцінах з багатай гістарычнай спадчынай. Сёння і ў нядзелю асноўныя яго падзеі адбудуцца ў Добрушы, на малой радзіме Івана Шамякіна. Штогод наведвальнікаў чакаюць як традыцыйныя мерапрыемствы, так і своеасаблівыя імпрэзы. Адна з галоўных адметнасцяў гэтага свята — магчымасць асабістай сустрэчы аўтара і чытача, нагадаў напярэдадні доўгачаканай урачыстасці старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. 

— Аляксандр Мікалаевіч, вы ўзначалілі Саюз пісьменнікаў Беларусі ў сакавіку гэтага года. Творчае аб'яднанне традыцыйна выконвае актыўную ролю ў пад­рыхтоўцы свята беларускага пісьменства разам з Міністэрствам інфармацыі. Што новага рыхтуеце разам з калегамі? 

— Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы, як і папярэднія, праходзіць традыцыйна. Гэта свята звязана з тымі каштоўнасцямі, што сцвердзіліся на нашай зямлі праз стагоддзі. Мне здаецца, што навацыі заўсёды будуюцца на традыцыях. Так, або прыблізна так, гэта адбываецца і на Гомельшчыне. Безумоўна, сама праграма істотна адрозніваецца ад мінулых гадоў. Прыходзяць новыя людзі і новыя кнігі. Летась у нашай краіне было выпушчана 9055 назваў кніг і брашур. Гэта даволі істотная лічба. І у многім яны адрозніваюцца ад таго, што рабілася гады або дзесяцігоддзі таму. Саюз пісьменнікаў традыцыйна разам з Міністэрствам інфармацыі выступае сярод арганізатараў Дня беларускага пісьменства. Мы ўдзячныя за тое, што нам дазваляюць прыцягнуць да ўдзела вялікую колькасць літаратараў з рэгіёнаў. І 3, і 4 верасня ў Доб­руш прыедуць паэты, празаікі і публіцысты з Брэста, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мінска і Мінскай вобласці. Дзякуючы падтрымцы мясцовых органаў дзяржулады адлегласці не сталі праблемай. Кожнаму аддзяленню беларускіх пісьменнікаў хацелася б паказаць плён сваёй працы за год: прадставіць літаратурна-мастацкія альманахі, якія вы­пусцілі, расказаць пра свае здабыткі і публікацыі новым чытачам. Сёння такі час, што слова, выкладзенае на паперы, у многім папулярызуецца дзякуючы непасрэдна жывым сустрэчам з чытачамі, у тым ліку і ў школах. Дарэчы, гэта прастора нашай асаблівай увагі. Там, у школе, самыя галоўныя і шчырыя чытачы. Як мне асабіста падаецца, зараз справы ў кнігадрукаванні больш-меньш наладжаны менавіта ў выданні дзіцячай літаратуры. У Добрушы ў кожную школу ў гэтыя дні прыйдуць пісьменнікі, у першую чаргу з Гомельшчыны, а таксама іншых рэгіёнаў краіны. Жывыя сустрэчы вельмі важныя.

— Сярод пляцовак, дзе чытачы змогуць таксама пазнаёміцца з творчасцю сучасных аўтараў, стане ў Добрушы Фестываль кнігі і прэсы, прадстаўлены некалькімі тэматычнымі павільёнамі: «Бацькаўшчына», «Слова пісьменніка», «Белдрук», «Белкніга». Пазнаёмце з імі чытачоў. 

— У нас ёсць некалькі пляцовак. За «Слова пісьменніка» адказвае выдавецтва «Мастацкая літаратура», там найперш будуць прадстаўлены кнігі дзяржаўных выдавецтваў, ў тым ліку выдавецкага дома «Звязда» і выдавецтваў «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Беларусь», «Мастацкая літаратура». Лічу, што падзеямі для нашага кнігадрукавання ў апошні час сталі кнігі Алеся Бадака, Віктара Шніпа, Мікалая Чаргінца… Як выдавец, я з вялікай прыемнасцю працаваў над кнігай паэзіі Алеся Бадака «Уладар ветру» і зборнікам апавяданняў і аповесцяў «Ідэальны чытач». Той, хто патраціць час на знаёмства з гэтымі кнігамі, а таксама самім аўтарам у Добрушы падчас аўтограф-сесіі альбо прэзентацыі, не пашкадуе. 

— Што цікавага чакае гледачоў і чытачоў на сумеснай пляцоўцы выдавецкіх дамоў «Беларусь сегодня» і «Звязда», «Белдрук» ад вашага прадпрыемства? 

— На пляцоўцы «Белдрук» больш будзе прадстаўлена перыёдыка — газета «Звязда», штотыднёвік «Літатаратура і мастац­тва», часопісы «Родная прырода» і «Алеся», а таксама краіназнаўчы часопіс Belarus на англійскай мове з беларускімі і кітайскімі ўкладкамі. Сёлета мы таксама выпусцілі каля 50 назваў кніг, творы маладых аўтараў, шмат дзіцячай літаратуры, творы Сяргея Давідовіча і Галіны Пшонік, Міколы Чарняўскага і Анатоля Зэкава. Абодва — і Чарняўскі, і Зэкаў — ураджэнцы Гомельшчыны, з Буда-Кашалёскага раёна. Адзначу таксама серыю кніг Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Спадзяемся атрымаць на гэтых пляцоўках зваротную сувязь з чытачом. Важна выслухаць і пачуць думкі і ацэнкі ўдзельнікаў: што людзі хацелі б атрымаць з варштатаў друкарняў і выдавецтваў?

— Якім вам, Алесь Мікалаевіч, бачыцца сённяшні чытач беларускамоўнай літаратуры, чаго яму не стае? 

— Дзіцячай літаратуры шмат, яна адрасавана школьнікам і нават дашкольнікам. Выдаецца прыгожа, ў добрым афармленні, такія выданні моцна падтрымлівае дзяржава. У цэлым наша кнігавыданне атрымлівае моцную падтрымку праз даціраванне, дзякуючы якому зніжаецца кошт кніг, яны робяцца больш даступнымі для пакупніка. Але не хапае літаратуры для падлеткаў і чытача, які сур'езна ўваходзіць у жыццё. І для дарослых таксама мала цікавых празаічных знаходак. Здавалася б, ніхто не перашкаджае сёння выдаваць, перспектывы ёсць ў нан-фікшн, а таксама ў публіцыстычнай літаратуры. Але, калі браць статыстыку мінулага года, прыблізна з 2 тысяч назваў кніг і брашур мастацкай літаратуры ў лідэрах — проза, паэзія і дзіцячая мастацкая літаратура. Але уражлівы факт: усяго 30 публіцыстычных кніг. 

Фото  БЕЛТА

— Падчас свята будуць ўручаны ўзнагароды рэспубліканскага конкурса «Нацыянальная літаратурная прэмія», на перамогу прэтэндавалі 68 кніг у сямі намінацыях. Падзяліцеся, калі ласка, сваім бачаннем вынікаў і меркаваннем пра творы пераможцаў… 

— Лаурэатамі Нацыянальная прэміі за 2022 год сталі Алесь Бадак (паэзія), Анатоль Андрэеў (драматургія, за кнігу п'ес «Главные слова для любимой женщины»), Мікалай Чаргінец (проза), Андрэй Мукавозчык (публіцыстыка), Валерыя Сцяцко (у намінацыі «Дэбют» за кнігу «Аляксей Талай. Нястомны»), Ігар Запрудскі (літаратуразнаўства) і Алесь Жук (дзіцячая літаратура). Алесь Аляксандравіч Жук — аўтар многіх аповесцяў і раманаў, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, атрымлівае ўзнагароду за кнігу «Лаві зайца!». Гэта цікавыя прыродазнаўчыя мініяцюры, адрасаваныя юнаму чытачу, у кнізе — любоў да прыроды, цёплае беларускае слова. На мой погляд, кніга яшчэ будзе перавыдавацца, яна і зараз запатрабавана ў бібліятэках, хутка разыходзіцца з паліц кнігарняў. Безумоўна, пры вызначэнні лаўрэатаў былі розныя погляды, суб'ектыўнасць прысутнічае паўсюль, як і ў звычайных чытачоў. Але я падтрымліваю гэты выбар, бо добра ведаю гэтых аўтараў. 

— Як можна пашырыць папулярнасць беларускамоўных аўтараў ў грамадстве?

— Распаўсюджванне кніг залежыць ад трох фактараў. Першы — унікальнасць і цікавасць мастацкага твора. Другі — літаратурная крытыка, якой у нас, можа, зараз і не хапае. І не абавязкова хваліць кнігі, можна проста пісаць пра іх, разглядаць. І трэці — сам чытач, што прыязна ставіцца да надрукаванага, імкнецца чытаць папяровую кнігу. 

— У Добрушскім раёне Саюз пісь­меннікаў Беларусі адзначыўся добрай ініцыятывай: яшчэ напярэдадні свята перадалі кнігі сельскім бібліятэкам. Як нарадзілася гэта ідэя? 

— Мы займаемся падобнымі ініцыятывамі, калі ёсць такая магчымасць. Напрыклад, разам з Беларускай універсальнай таварнай біржай перадалі некалькі даволі вялікіх бібліятэк школам-інтэрнатам. У Добрушскім раёне ўсе рэгіянальныя арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі сабралі кнігі для цэнтралізаванай сеткі бібліятэк. Вазілі кнігі некалькі разоў і перадалі каля тысячы асобнікаў. Галоўным генератарам такой ідэі стаў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Уладзімір Гаўрыловіч.

— У якасці старшыні Саюза пісьменні­каў Беларусі ці выступаеце вы з новымі арганізацыйнымі задумамі? 

— Усе будуецца на традыцыях і вопыце папярэднікаў. Сёння ў Саюзе пісьменнікаў створаны Цэнтр папулярызацыі літаратуры. Яго узначаліў Анатоль Матвіенка. Вельмі спадзяемся на актыўную працу гэтага цэнтра, што будзе займацца мерапрыемствамі і арганізацыйнымі актыўнасцямі. У саюзе вылучылі секцыі паэзіі, прозы, мастацкага перакладу, дзіцячай літаратуры. Напрыклад, сектар дзіцячай літаратуры у дзяржаўным літаратурным мемарыяльным музеі Якуба Коласа правёў фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды», а на 10 верасня запланавана аналагічнае свята каля Парка пісьменнікаў побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. 

Таксама па даручэнню і з падказкі Мінінфарма створана Камісія па кантролю за якасцю кніжнай прадукцыі, у якой асноўны накірунак работы — грамадскі кантроль за тым, што ляжыць на паліцах кнігарняў, якая ідэалагічная і мастацкая вартасць у тых ці іншых выданнях. Створаны таксама Савет па рабоце з творчай моладдзю пры Саюзе пісьменнікаў. Мэта — пашырыць дзейнасць сярод моладзі, менавіта сярод іх браць кандыдатаў на ўступленне ў наш саюз. Але яго дзейнасць шырэй. Усе гэтыя праекты не навацыі, але насычэнне нашай дзейнасці новымі справамі. 

yasko@sb.by

Фота з архіва Аляксандра Карлюкевіча.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter