Сяргей Жагуноў (у цэнтры) сярод удзельнікаў творчай стажыроўкі беларусаў замежжа
Сяргей Жагуноў быў сярод сёлетніх “курсантаў”. У стажыроўцы ён удзельнічаў упершыню. Быў вельмі ўдзячны арганізатарам, Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур: “Гэта — і глыток роднага паветра, і настальгія, і магчымасць даведацца шмат новага. Галоўнае ж: дзякуючы такім сустрэчам этнічныя беларусы адчуваюць, што патрэбныя тут, не забытыя Бацькаўшчынай”. Сяргей нарадзіўся ў вёсцы Дуброўка Ржэўскага раёна Цвярской вобласці, а продкі яго — з беларускага Віцебска.Пабрацімскія сувязі, упэўнены спадар Сяргей, спрыяюць развіццю культурных стасункаў. Так, часта ў Таржку ды Ржэве, Ліхаслаўлі ды Бежацку — у любым горадзе Цвярской вобласці ў час фэстаў ды святаў можна сустрэць гурты з Беларусі. Госці з Расіі таксама прыязджаюць у Беларусь. “Памятаю, два гады таму пераможцай Міжнароднага фестывалю-конкурсу нацыянальных культур “Исток дружбы” ў Цвяры стала салістка Шклоўскага раённага Дома культуры Кацярына Ганчарова”, — згадвае Сяргей.
Вялікі патэнцыял маюць сяброўскія ўзаемасувязі й для развіцця беларуска-расійскіх стасункаў у сферы эканомікі. Напрыклад, у Канакове асфальтабетонны завод узводзяць беларускія спецыялісты з талачынскай дарожна-будаўнічай арганізацыі. А ў адну са здраўніц, што ў тым расійскім раёне, джэмы, сокі, кансервы й нават сталовае віно пастаўляе Талачынскі кансервавы завод.
Яшчэ адзін важны праект Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Братэрства” — аўтапрабег “Дарогамі вайны — дарогамі міру”, запланаваны ў гонар Дня Незалежнасці Беларусі. Пачнецца ён ад манумента “Героям-панфілаўцам”, што ў падмаскоўным Валакаламску, пройдзе праз Ржэў (дарэчы, у бітвах пад Ржэвам у 1942—43 гадах загінула каля 1870000 ваеннаслужачых: на 430 тысяч больш, чым пад Сталінградам). Потым на шляху ўдзельнікаў аўтапрабегу будзе пасёлак Аленіна Цвярской вобласці, беларускія гарады Віцебск, Магілёў, Гомель, Брэст, Мінск, Полацк, Глыбокае. Вяртацца ж у Цвярскую вобласць удзельнікі будуць праз Віцебск.
Расказаў Сяргей Жагуноў, што сам ён — майстар спорту па лёгкай атлетыцы. “Калі быў маладзейшы, — усміхаецца субяседнік, — на працягу васьмі гадоў да Дня Перамогі рабіў “забегі”: ад Кургана Славы, што пад Мінскам, да Плошчы Перамогі — 35 км. Аднойчы нават паставіў асабісты рэкорд: прабег дыстанцыю за 1 гадзіну 35 мінут”.
У планах актывістаў Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Братэрства” пабываць сёлета на “Славянскім базары ў Віцебску”, завітаць на “Купалле” ў аграгарадок Александрыя, што ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці.
Поспехаў вам, сябры!
Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ.
Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF