24 мая будзе адзначацца Дзень славянскага пісьменства і культуры. Які ўнёсак у iх развіццё зрабілі продкі сучасных беларусаў? Каго ў ХІІ стагоддзі людзі называлі «Златоустом, паче всех воссиявших на Руси»? Ці можна праваслаўных святых лічыць нацыянальнымі героямі? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт «НГ» шукала разам з протадыяканам Паўлам Бубновым, выкладчыкам мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдатам багаслоўя.
Варта ведаць
— Веруючым людзям не трэба тлумачыць, хто такія святыя: да іх звяртаюцца з малітвай, ім выказваюць падзяку, іх жыцці становяцца прыкладам. Але ці варта знаёміцца з асобамі нашых святых тым, хто далёкі ад веры ў Бога?— Калі чалавек здольны ацаніць помнікі архітэктуры, прадметы мастацтва і добрую літаратуру, то і важнасць спадчыны, якую нам пакінулі нашы праваслаўныя святыя, будзе для яго відавочнай. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці на працягу стагоддзяў развівалася ў цесным узаемадзеянні з праваслаўем. Культурная і адукацыйная дзейнасць галоўным чынам была засяроджана ў Царкве. І не таму, што існавала нейкая манаполія ў гэтых сферах, а таму, што альтэрнатыў ніхто і не прапаноўваў — ні паганскія жрацы, ні прадстаўнікі іншых сацыяльных груп.
Калі насамрэч хочам зразумець, хто мы ёсць і адкуль пайшлі, гэта немагчыма зрабіць, абыходзячы той факт, што большасць беларусаў сёння з’яўляюцца праваслаўнымі хрысціянамі. Гэтак, дарэчы, было і тысячу гадоў таму. Немагчыма казаць пра Ефрасінню Полацкую проста як пра асветніцу. Нельга ў асобе Сафіі Слуцкай бачыць толькі княгіню.
Ці возьмем, напрыклад, Кірылу Тураўскага. На мінулым тыдні споўнілася 840 гадоў з моманту яго смерці, але і ў наш час яго іменем называюць вуліцы і ўстановы адукацыі, у яго гонар узводзяць храмы, яму ставяць помнікі.
— З чым звязана такая «папулярнасць»?
— Кірыла Тураўскі быў выключнай асобай для свайго часу. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Тураве, але слава пра яго разышлася далёка за межы роднага княства. Абраўшы шлях служэння Богу, ён стаў адным з самых выбітных багасловаў і пісьменнікаў XII стагоддзя. У той перыяд значная частка літаратуры на нашых землях была перакладной з грэчаскай мовы. Кірыла Тураўскі змяніў гэта: ён пакінуў досыць разнапланавую спадчыну: арыгінальныя малітвы і богаслужэбныя тэксты, пропаведзі і пасланні, прытчы і вершы. І ўсё гэта было настолькі глыбокім і ў той жа час зразумелым, што хутка пачало перапісвацца, распаўсюджвацца і прызнавацца ва ўсіх епархіях Старажытнай Русі. Таму не дзіўна, што ў летапісах ён згадваецца як «Златоуст, паче всех воссиявших на Руси».
— Ці актуальная яго творчасць сёння?
— Безумоўна! Літаратурная спадчына Кірылы Тураўскага — крыніца мудрасці, да якой беларусы (ды і ўсе астатнія) павінны звяртацца пастаянна. Нездарма яго творы перакладаліся на сучасную мову і выдаваліся нават у атэістычны савецкі перыяд.
Святы быў не проста пісьменнікам, але і епіскапам Тураўскім. Абапіраючыся на ягоныя тэксты, мы ведаем, як ён рэагаваў на ключавыя падзеі дзяржаўнага і царкоўнага жыцця. Так, Кірыла Тураўскі ў свой час паспрыяў недапушчэнню царкоўнага расколу, які мог адбыцца ва Уладзімірскім княстве. Ён выступіў выкрывальнікам епіскапа Фёдара і яго паплечнікаў, якія хацелі ў аднабаковым парадку прыняць рашэнне. Да нас дайшла прытча «Пра сляпца і храмца» («Пра душу і цела»), якая ў поўнай меры тлумачыць усю канфліктнасць той сітуацыі. Думаю, гэты тэкст карысна перачытаць і сёння ў кантэксце таго, што адбываецца цяпер з праваслаўем на тэрыторыі блізкай для нас Украіны.
Навучаныя горкім досведам
— Былі і ў нашай гісторыі перыяды, калі праваслаўная вера знаходзілася пад пагрозай знішчэння…— Былі. Аднак ні ў часы прымусовага ўніяцтва і акаталічвання, ні падчас савецкага атэізму беларускі народ не пакінуў веру продкаў, не забыў спадчыну Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Сёння, як і тысячу гадоў таму, большая частка насельніцтва нашай краіны лічыць сябе праваслаўнымі. Пра гэта сведчыць і колькасць прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы.
Хочацца прыгадаць вёску Рубель Столінскага раёна. За апошнія 30 гадоў адтуль выйшла некалькі соцень праваслаўных святароў. Феномен не толькі для праваслаўя, але і для ўсяго свету. Бо ў гэтай вёсцы толькі адзін прыход, няма ніякіх семінарый і акадэмій. Проста народная вера, якая захавалася ў палескай глушы, аказалася такой моцнай. А можа, і сам свяціцель Кірыл так спрыяе гэтым людзям: ад вёскі Рубель да Турава некалькі дзясяткаў кіламетраў.
— Атрымліваецца, што вера — гэта яшчэ і непарыўная сувязь сучасных беларусаў з іх продкамі?
— У Бога няма мёртвых. Больш за тысячу гадоў на нашых землях жывуць людзі, якія ходзяць у храмы, моляцца, хрысцяць дзяцей. Безумоўна, у звяртанні да Бога мы звяртаемся і да сваіх продкаў, да нашых святых.
11 мая, у дзень памяці свяціцеля Кірылы, на фундаменце кафедральнага сабора ў Тураве адбываецца богаслужэнне. Па сутнасці, мы прыходзім на тое самае месца, дзе ў ХІІ стагоддзі служыў сам свяціцель, каб памаліцца разам з ім.
Запаветы для нашчадкаў
— Вядома, што свяціцель Кірыл быў адным з першых манахаў на Русі, якія здзейснілі подзвіг стоўпніцтва. Што гэта азначае?— Кажучы простымі словамі, ён сышоў ад людзей, каб засяродзіцца на малітве Богу. Пры гэтым сышоў не таму, што стаміўся ці яму нешта не падабалася. Бог адкрыў яму: такая малітва — рэальны спосаб зрабіць свет лепшым. Нездарма падчас пандэміі каронавіруса і падзей жніўня 2020-га Беларуская праваслаўная царква заклікала людзей шчыра маліцца, а не рабіць неабдуманыя крокі.
— Ці можна лічыць беларускіх праваслаўных святых нацыянальнымі героямі?
— Прынята казаць так: святых праслаўляе Бог, а Царква гэта проста фіксуе. Варта разумець, што веруючыя людзі ўсё робяць па сумленні і дзеля Бога, а не для таго, каб атрымаць узнагароду ці прызнанне. Кірыла Тураўскі не імкнуўся да славы ці ўлады, ён проста добра выконваў сваю працу, нёс службу. Таму калі адштурхоўвацца ад таго, што герой — чалавек, з якога трэба браць прыклад, то, безумоўна, святыя — гэта героі.
Акрамя таго, у нас ёсць прыклад мітрапаліта Філарэта. Яго пакуль не кананізавалі, але пры жыцці ён атрымаў званне Героя Беларусі. Помнік яму стаіць перад кафедральным Свята-Духавым саборам у Мінску, у гонар яго называюць вуліцы.
ДАРЭЧЫ
Спакон вякоў праваслаўныя святары не толькі неслі ў народ Слова Божае, але і спрыялі развіццю адукацыі на нашых землях. Прычым нават у самыя няпростыя часы.
Так, у XVII стагоддзі пасля таго, як старажытны Віленскі Троіцкі манастыр быў захоплены ўніятамі, манахі былі вымушаны заснаваць новую абіцель. У Свята-Духавым манастыры яны адкрылі школу і друкарню. Менавіта там у 1618 годзе архімандрыт Лявонцій выдаў першую ў свеце кнігу з назвай «Буквар» для навучання чытанню на царкоўнаславянскай мове.
А ў 1631 годзе Спірыдон Собаль надрукаваў «Буквар» на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Адбылося гэта ў Куцеінскім манастыры ў Оршы, які, дарэчы, таксама быў заснаваны манахамі-выгнаннікамі.
Першыя «Буквары» — інавацыйны прадукт свайго часу. Прадстаўнікі іншых канфесій, хоць і мелі падтрымку з боку ўлад, нічога падобнага не стварылі.
kurak@sb.by