Беларускі вакальны ансамбль “Сузор’е” з Самары, якім кіруе Алена Кірылашава
Прэзідэнт суполкі Ірына Глуская лічыць: подзвігі тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны, варта памятаць — у імя будучыні. Беларусь, як вядома, прынесла велізарныя ахвяры на алтар Перамогі, і таму для беларусаў Самарскай вобласці памятаць пра герояў асабліва важная: “Таму мы й выступілі арганізатарамі патрыятычнага форуму, асноўная ідэя якога — замацоўваць пераемнасць пакаленняў і воінскіх традыцый”.Мы памятаем, як эстафету памяці з рук пераможцаў падхапілі спачатку іх сыны й дочкі, а цяпер яе нясуць ужо іх унукі, праўнукі... Напрыклад, Наталля Яўгенаўна Палашына з горада Сызрань Самарскай вобласці — унучка беларуса Фядоса Сцяпанавіча Хортава. Яна памятае, што дзядуля быў родам з вёскі Новае Займішча Шклоўскага раёна Магілёўшчыны. Ваяваць пачаў у 1941-м, а закончыў вайну ў Берліне: старшым лейтэнантам інтэнданцкай службы. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі”.
Унучка Івана Адамавіча Сідаровіча, які нарадзіўся ў вёсцы Ясень Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны, расказала нам пра свайго дзядулю: “Ён служыў у войску са снежня 1934-га, удзельнічаў у Савецка-фінскай вайне.
Потым змагаўся беларус на Паўночна-Заходнім, Заходнім, Калінінскім франтах... Вайну закончыў гвардыі маёрам, пераехаў жыць у Куйбышаў, куды была эвакуявана сям’я. У 57-м у званні палкоўніка быў звольнены ў запас”. Кацярына кажа, што да 1986 года яе дзядуля жыў, працаваў, выхоўваў дзяцей і ўнукаў. Дарэчы, яго малодшы сын Уладзімір пайшоў па слядах бацькі: стаў афіцэрам. І такіх сямейных гісторый шмат. Прычым якраз у ваеннае ліхалецце, а таксама ў цяжкі пасляваенны час дзясяткі тысяч беларусаў аказаліся далёка ад Бацькаўшчыны. Цесна звязаныя й сёння лёсы многіх з іх з шматнацыянальнай Самарскай зямлёй. Як вядома, шэраг прамысловых прадпрыемстваў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей былі эвакуяваны ў Куйбышаў, які восенню 41-га па рашэнні Дзяржакамітэта Абароны стаў запасной сталіцай СССР.
І Беларусь для ураджэнцаў Самарскай вобласці — блізкая і родная. Больш за паўмільёна куйбышаўцаў змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай, большасць з іх удзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. На беларускай зямлі цяпер — 6184 пахаванні валжан. Ведаючы пра тое, моладзевае аддзяленне суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” рэалізуе важны, сацыяльна значны праект: складаецца Рэестр воінаў, якія пайшлі ў войска з Куйбышаўскай вобласці ды загінулі, абараняючы і вызваляючы Беларусь, пахаваны ў беларускай зямлі.
Унукі, праўнукі герояў нясуць далей эстафету памяці. Тое бачна было й на мерапрыемствах фестывалю. А 9 снежня 2017 года ў Доме культуры “Победа” гарадской акругі Самара прайшоў вялікі канцэрт яго лаўрэатаў. У фае гасцей сустракала моладзь у нацыянальных касцюмах, знаёміла з выставай “Героический вклад народов в Великую Победу”. Песняй “О героях былых времён…” з вядомага кінафільма “Афіцэры” праграму адкрыў заслужаны беларускі вакальны ансамбль “Каданс”. На гэты раз у складзе салістак спявалі як заснавальніца калектыву Алена Кірылашава, так і яго цяперашняя мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская. Памяць тых, хто загінуў на палях бітваў, ушанавалі Мінутай маўчання. Арганізатараў фестывалю, яго лаўрэатаў, гледачоў віталі прадстаўнікі Адміністрацыі гарадской акругі Самара, Дома дружбы народаў і нацыянальных суполак вобласці.
У канцэрце гучалі песні, якія ўжо даўно сталі вядомымі, да таго ж маюць высокі статус праваднікоў у свет Памяці. Сярод іх — песня “Журавли”, якую шчыра і душэўна выканаў Артур Паталаха з Культурнага цэнтра “Дагестан”. А вядомую беларускую песню “Чатыры сыны” спяваў ансамбль “Каданс”. Словы з яе: “Чатыры сыны не прыйшлі да матулі з вайны/ Чатыры сыны, ўся надзея і ўцеха матулі/ Старэнькай і зараз здаецца, што прыйдуць дахаты яны/ Абдымуць, да сэрца прытуляць…”. На канцэрце згадвалі: у Самарскай вобласці, у пасёлку гарадскога тыпу Аляксееўка гарадской акругі Кінэль, усталяваны Мемарыяльны комплекс сям’і братоў Валодзічкіных. Гэта і помнік салдацкай маці, у якой вайна забрала ўсіх дзевяцярых сыноў: шасцёра загінулі на фронце, трое пазней памерлі ад ран. Іх маці, Праскоўя Ерамееўна, не дачакалася вяртання траіх апошніх сыноў, памерла — сэрца не вытрымала страт... І ў Беларусі ёсць падобны помнік Маці. У горадзе Жодзіне ўсталяваны Манумент у гонар маці-патрыёткі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, чые пяцёра сыноў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай.
Хораша гучала песня “Самарский край” — яе спяваў народны чувашскі ансамбль песні і танца “Самар ен”. Юная спявачка Сафія Бясчэтнава запомнілася песняй “Прадедушка”, сямігадовы Мацвей Малінін цудоўна выканаў знакамітую “Три танкиста”. Былі ў канцэрце харэаграфічныя кампазіцыі. Усяго ж — 26 лепшых нумароў лаўрэатаў фестывалю. Паўдзельнічалі ў ім творчыя калектывы, салісты ад беларускай, грузінскай, армянскай, чувашскай, казахскай, дагестанскай, асяцінскай, башкірскай ды іншых этнасуполак вобласці.
Таксама школы — агульнаадукацыйныя і музычныя — падрыхтавалі цікавыя нацыянальныя і патрыятычныя нумары. А фінальную песню-пажаданне “Это надо сберечь” сумесна спявалі два беларускія вакальныя ансамблі — “Сузор’е” і “Каданс”. Завяршыўся канцэрт урачыстай цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў.
Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF