Унікальны спосаб дыягностыкі захворванняў вынайшлі навуковыя супрацоўнікі лабараторыі генетычных біятэхналогій РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. У планах супрацоўнікаў цэнтра прымяняць метад для скрынінгу першасных імунадэфіцытаў у нованароджаных. У чым унікальнасць і мэтазгоднасць медыцынскай распрацоўкі, якая не мае аналагаў у краіне, разбіралася карэспандэнт «Р».
Унікальную тэст-сістэму распрацавалі ўрачы РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі
Марыя Сцёганцава і Кацярына Палякова, навуковыя супрацоўнікі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, гасцінна запрашаюць у лабараторыю, каб наглядна прадэманстраваць, як працуе найноўшая тэст-сістэма. Для пачатку прашу ўрачоў растлумачыць, у чым сутнасць метаду і якія захворванні ён можа выявіць. Марыя паказвае на маніторы адзін з вынікаў даследавання:
— У нашай крыві ёсць лімфацыты, імунныя клеткі, функцыя якіх — змагацца з хваробамі, і існуюць нормы іх наяўнасці. Калі колькасць клетак ніжэй або вышэй, то ўзнікаюць падазрэнні, што са здароўем нешта не так. Дэфекты клетак, якія выклікаюць развіццё захворвання, могуць парушаць працэс утварэння новых лімфацытаў — іх мы і вызначаем. Працэс такі: праводзіцца забор крыві, вылучаюцца лімфацыты, а з іх — ДНК. З гэтым матэрыялам мы працуем. Сама тэст-сістэма — гэта набор рэагентаў і колькасныя стандарты, дзякуючы якім мы можам зрабіць калібровачную крывую і ўбачыць колькасць малекул кожнага пацыента. Займае ўсё гэта двое сутак.
Прымяненне новага метаду, у першую чаргу, мэтазгодна для скрынінга першасных імунадэфіцытаў у нованароджаных
Прымяненне новага метаду ў першую чаргу мэтазгодна для скрынінгу першасных імунадэфіцытаў у нованароджаных — з кожным годам яны сустракаюцца ўсё часцей. Пры парушэннях імуннай сістэмы лімфацытаў вельмі мала або няма наогул. Калі з дапамогай тэст-сістэмы выявіць паталогію да развіцця інфекцыйных ускладненняў, вынікі лячэння значна палепшацца. У гэтым перавага метаду перад імунаграмай, тлумачыць навуковы супрацоўнік:
— Імунаграму назначаюць толькі па паказаннях, калі дзеці ўжо маюць цяжкія інфекцыйныя ўскладненні: пастаянныя прастуды, атыты, бранхіты і г.д. Таксама такое даследаванне даражэй за тэст-сістэму ў некалькі разоў. Мы ж прапануем правяраць стан імуннай сістэмы ў нованароджаных і адразу вызначаць, ці ёсць неабходнасць у больш разгорнутай дыягностыцы.
Тэст-сістэма для ацэнкі стану імунітэту для грамадзян нашай краіны бясплатная
У нашай краіне немаўлят скрыніруюць на некаторыя з прыроджаных генетычных захворванняў — работнікі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі лічаць, што трэба ўвесці такую практыку і для выяўлення імунадэфіцыту. Напрыклад, у ЗША такі метад ужо зацверджаны на заканадаўчым узроўні, кажа супрацоўніца лабараторыі:
— Наша тэст-сістэма пакуль знаходзіцца на стадыі дапрацоўкі і выкарыстоўваецца толькі ў РНПЦ. Зараз выконваецца праект пад кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя: мы дапрацоўваем моманты, якія неабходна ведаць і ўлічваць, каб паставіць тэст-сістэму на паток.
У планах медыкаў таксама пашырыць спектр прымянення новага метаду: напрыклад, праводзіць маніторынг аднаўлення лімфацытаў пасля трансплантацыі касцявога мозгу ў пацыентаў не толькі з імунадэфіцытамі але і анказахворваннямі. Пасля аперацыі з дапамогай тэст-сістэмы можна прасачыць, як прыжываецца трансплантат і як хутка адбываецца аднаўленне клетак.
Тэст-сістэма для ацэнкі стану імунітэту для грамадзян нашай краіны бясплатная. Калі будзе завершаны праект, прайсці яе зможа любы жадаючы.
matuzova@sb.by
У краіне распрацавана першая тэст-сістэма для ацэнкі стану імунітэта
Споведзь малекулы
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.