Пастаўкі беларускага харчавання на знешнія рынкі будуць павялічвацца

Смачны вектар

Час ідзе, а нашы пазіцыі ў сусветным малочным рэйтынгу застаюцца ўсё гэтак жа высокімі. У мінулым годзе Беларусь стала трэцяй у свеце па вытворчасці сметанковага масла, чацвёртай — па выпуску сыру і тварагу, шостай — па вытворчасці сухога абястлушчанага малака. Між тым у бліжэйшы час сусветны малочны рынак можа сутыкнуцца з праблемай перавытворчасці. У сувязі з гэтым вельмі важна будаваць якасную экспартную палітыку. У Мінсельгасхарчы расказалі пра тое, куды будзе пастаўляцца наша харчаванне ў гэтым годзе.

У мінулым годзе наша прадукцыя прадавалася ў 70 краін свету.

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў прыводзіць наступныя лічбы: першыя два месяцы года задалі добры тэмп росту экспарту сельгаспрадукцыі — 7,4 працэнта. У студзені—лютым аграрыям удалося зарабіць 765 млн долараў.

— Калі гаварыць пра рынкі, то, у прынцыпе, па ўсіх напрамках, акрамя Расіі, у нас назіраецца рост. За два месяцы мы экспартавалі ў два разы больш прадукцыі ў краіны СНД (без уліку Расіі), у 1,5 раза вырас экспарт у краіны Азіі і Акіяніі, аб'ёмы экспарту ў Амерыку таксама ўзраслі. Пастаўкі сельгаспрадукцыі ў краіны далёкага замежжа павялічыліся на 13,5 працэнта. Лічу, што гэта вельмі нядрэнны трэнд.

Дарэчы, у мінулым годзе беларуская сельгаспрадукцыя пастаўлялася ў 70 краін свету, 18 з якіх сталі для пастаўшчыкоў новымі. У маі можа быць пастаўлена ў Кітай першая партыя мяса птушкі. Напярэдадні кітайскі рынак для гэтай прадукцыі афіцыйна адкрылі. Першаадкрывальнікамі стануць спачатку пяць птушкафабрык: «Смалявічы Бройлер», «Дружба», Агракамбінат «Дзяржынскі», «Сервалюкс», Віцебская бройлерная птушкафабрыка. Штогадовы экспарт мяса птушкі пакуль трымаецца на ўзроўні 150 тысяч тон, хоць экспартны патэнцыял значна большы. «Мы гатовыя і 50 тысяч тон, і 100 тысяч тон адправіць на кітайскі рынак, калі гэта будзе запатрабавана. Але разам з тым хачу адзначыць, што Кітай сам вельмі шмат вырабляе мяса птушкі, таму размова ідзе пра некаторыя сегменты: не пра цэлую тушку, а пра гатовую, у разабраным выглядзе прадукцыю», — рэзюмаваў Аляксей Багданаў.

ДАРЭЧЫ

Наша краіна мае намер захаваць аб'ёмы паставак малочнай прадукцыі ў Расію на ўзроўні мінулага года. Такая выснова чарговых перамоў на экспертным узроўні з Мінсельгасам Расіі. Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарчу Беларусі Аляксей Багданаў.

Дадзеная нашым бокам інфармацыя прадэманстравала безгрунтоўнасць прэтэнзій да беларускіх вытворцаў малака ў дэмпінгу на рынку Расіі. Акрамя таго, зблізіліся пазіцыі ў разуменні неабходнасці ўдасканалення сістэмы ўліку экспарту малочнай прадукцыі, маніторынгу цэнаўтварэння, прыняцця мер па забеспячэнні малочнага рынку Саюзнай дзяржавы ў першую чаргу за кошт расійскіх і беларускіх вытворцаў.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter