— Удзячны свайму Прэзідэнту і свайму народу за такое высокае званне, — падкрэслівае Уладзімір Карызна. — Усё жыццё стараўся служыць Беларусі і працягваю гэта рабіць, нягледзячы на ўзрост. Наша краіна — прыгожая, мірная, працавітая — натхняе на самыя ўзнёслыя вершы, самыя шчырыя і яркія радкі. Як тут не складаць?
Сапраўдная якасць
Творчая скарбніца Уладзіміра Карызны вельмі багатая. Напрыклад, ён склаў каля 200 тэкстаў да песень. На яго вершы напісалі музыку беларускія кампазітары Юрый Семяняка, Дзмітрый Смольскі, Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік. Але справа зусім не ў колькасці напісанага. Падкупляе, чапляе за душу якасць, вобразнасць. Словы нязмушана сцелюцца ў радок. Прыслухайцеся самі: «Жытнёвае поле, лясы і азёры, / Крынічанька ў лузе і ў небе жаўрук — / Услухайся толькі, усё тут гаворыць: / Люблю цябе, Белая, Белая Русь…» Нездарма некаторыя крытыкі прыкмецілі: песні Карызны такія ж лёгкія, добра запамінаюцца, як і народныя. І меркаваць так ёсць адпаведныя падставы.— Мая творчасць бярэ пачатак з народнай песні, якую чуў з дзяцінства і да якой прывілі любоў бацькі, — расказвае Уладзімір Карызна. — Я проста перакананы, што народная песня — аснова паэзіі, бо народ умее выразіць сваю думку ясна, лаканічна, зразумела, запамінальна. Некаторым аўтарам варта павучыцца ў народа, бо думаюць, чым мацней закруціш метафару, тым лепш. Але ж падыходы да сапраўднай творчасці зусім іншыя: важна глядзець у корань, каб закрануць струны чалавечай душы.
Як ствараўся гімн
У Карызны многа песень, прысвечаных роднай Беларусі. Але асобная гісторыя — гімн суверэннай краіны, які стаў нашым сімвалам, гучыць на ўсіх значных урачыстасцях, а спявае яго ўвесь народ. На напісанне лепшага тэксту праводзіўся конкурс, і паэт не адразу наважыўся ў ім паўдзельнічаць:— У 2002 годзе быў аб'яўлены конкурс на напісанне новага тэксту, бо былы страціў актуальнасць. Беларусь моцна станавілася на ногі, стала незалежнай. За стварэнне тэксту, адпаведнага новым рэаліям, адразу ўзялося некалькі аўтараў.
Такі банер з вершам У. Карызны змешчаны на нашым рэдакцыйным 8-м паверсе.
Уладзімір Карызна на чарговую прапанову Саюза пісьменнікаў пагадзіўся, вырашыў таксама паспрабаваць свае сілы ў конкурсе. І з-пад яго пяра выйшаў новы, асучаснены тэкст.
— Разумеў, што гэтая праца вельмі адказная. Я і цяпер, і тады быў вялікі патрыёт з моцным жаданнем падтрымаць Бацькаўшчыну. Як жа краіне жыць без галоўнай, урачыстай, патрыятычнай песні? Першым правілам яе напісання былі шчырасць і любоў да зямлі. Складаў словы і думаў пра Беларусь. Стараўся, каб тэкст атрымаўся ёмкі, цёплы, салідны і разам з тым лірычны, бо Беларусь жаночага роду.
Класічную і знаёмую мелодыю Нестара Сакалоўскага Уладзімір Карызна вырашыў пакінуць, бо, хоць краіна і памянялася, музыка жыве вечна. Аўтарства Міхася Клімковіча таксама засталося, бо скарыстаў адтуль некаторыя думкі і словы, якіх пры напісанні галоўнай песні краіны нельга абмінуць.
— Не магу падлічыць, колькі разоў за сваё жыццё праслухаў гімн, але кожны раз адчуваю трымценне і гонар за Беларусь!
«Народзіцца сын — адпраўлю на кампазітара»
Ускалыхала песняра родная вёска Закружка на Міншчыне. Ён успамінае яе самым цёплым словам, але згадкі пра дзяцінства азмрочаны Вялікай Айчыннай вайной. Калі яна пачалася, будучаму народнаму паэту было тры гады. Сям'я з чатырма малымі дзецьмі, хаваючыся ад фашыстаў і іх прыспешнікаў, доўга шукала прыстанішча ў лесе, бацька партызаніў. Летам 1944‑га, калі Мінск быў вызвалены, сям'я прыйшла ў родную вёску, але вярнуцца ў сваю хату не ўдалося.— Адступаючы, немцы яе спалілі, як і ўсю вёску, — успамінае Уладзімір Карызна. — Каб падпаліць, стрэлілі ў саламяныя стрэхі, якія загараліся ад гарачыні куль. Давялося адбудоўвацца наноў. Добра, што тата быў майстрам на ўсе рукі — і сабе хату збудаваў, і суседзям дапамог.
У сям'і Карызнаў вялікая ўвага надавалася адукацыі дзяцей. Будучы паэт скончыў Крупіцкую школу, прыдумваць мелодыі на вершы іншых аўтараў пачаў ужо ў пятым класе, а пазней пісаў словы сам. Добра спяваў, выступаў на сцэне. Гэтыя здольнасці — ад бацькоў і народнай песні, перакананы Уладзімір Карызна:
— Паступіўшы на філфак БДУ, я спяваў у студэнцкім хоры. Неўзабаве ад народнага артыста Уладзіміра Алоўнікава атрымаў нечаканую параду: лепш вучыцца на кампазітара, чым на філолага. Але ў мяне была вялікая цяга да слова, зачытваўся кнігамі. Таму кінуць філфак не наважыўся і вырашыў так: калі ў мяне народзіцца сын — адпраўлю на кампазітара.
Так і атрымалася: Уладзімір Карызна — малодшы стаў прафесійным кампазітарам, атрымаў музычную адукацыю і піша яркія песні, у тым ліку на бацькавы словы.
Любая сэрцу Браслаўшчына
У адной з песень народнага паэта спяваецца: «Тут трэба ля гэтых азёр нарадзіцца / І слухаць гаворку, і бачыць зару, / Каб сэрцам і доляй навек прычасціцца / К табе, мая чыстая, Белая Русь!» «Ля гэтых азёр» — відавочна, размова пра Браслаўскія. Пасля заканчэння філфака БДУ малады настаўнік выкладаў беларускую і рускую мовы ў Опсаўскай школе Браслаўскага раёна. Пры мясцовай райгазеце гуртаваў літаратараў. І хоць далейшы лёс быў звязаны са сталіцай, Браслаўшчына дагэтуль засталася ў душы. Тут, на ўлонні першароднай і чыстай прыроды, народны паэт бавіць летнія месяцы і піша новыя творы.За мірную і непакорную Беларусь!
У 2020 годзе, калі прыхільнікі разбурэння ажыццяўлялі свае сцэнарыі знішчэння нашай краіны, Уладзімір Карызна выказаўся так: «Больш Радзіму не аддадзім. Хопіць, што ў нас Савецкі Саюз скралі».— Наша краіна мірная, ніколі не ўсчыняла войнаў, але заўсёды ўмела за сябе пастаяць, — звяртае ўвагу пісьменнік. — У мяне ўжо скралі адну Радзіму — Савецкі Саюз, які нават Гітлер не змог разбурыць, між тым вялікая краіна распалася. Нават верш пра гэта напісаў — «Укралі Радзіму». А цяпер, калі незалежная Беларусь устала на ногі, развіла эканоміку, сябруе з іншымі рэспублікамі, заходнія сілы спрабуюць усё разбурыць. Не ўдасца! Не перашкаджайце нам працаваць, думаць, будаваць. У нас усё для гэтага ёсць, а галоўнае — таленавітыя людзі і ўраджайная зямля.
ЦЫТАТА
Уладзімір Карызна:
— Заўсёды на першым месцы ў маім жыцці была песенная і паэтычная творчасць, таму што будзённая праца прыходзіць і сыходзіць, а творы застаюцца навечна.
ДАСЬЕ
Уладзімір Карызна нарадзіўся 25 мая 1938 года ў вёсцы Закружцы на Міншчыне. Пасля заканчэння філфака БДУ ў 1961 годзе настаўнічаў у Браслаўскім раёне. Адначасова кіраваў літаб'яднаннем пры райгазеце «Браслаўская звязда». З 1967 па 1980 год працаваў на розных пасадах на Рэспубліканскім радыё, пасля стаў рэдактарам аддзела навукі і мастацтва ў літаратурным часопісе «Полымя», загадваў рэдакцыяй літаратуры для дашкольнікаў у выдавецтве «Юнацтва», працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Крыніца». Першы паэтычны зборнік «Край мой сінявокі» выдаў у 1963 годзе. А першы верш паэта ўбачыў свет у 1956-м у газеце «Чырвоная змена».
Фото Кристины Фанченко и из архива «СБ»