Ад прадзедаў спакон вякоў ім засталася “Спадчына”
Сваё майстэрства народныя фальклорныя ансамблі перадаюць школьнікам
У “Маладых дзяўчат” з калектыву Курыціцкага вясковага дома культуры ёсць дзеці, унукі, падрастаюць праўнукі. Нягледзячы на гэта, запал вясковых жанчын не пакідае ніколі — на ўсіх святах яны зацягваюць матывы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Зараз майстэрства спеваў асвойваюць вучні мясцовай школы. І сталых, і маладых тут аб’ядноўвае адно — любоў да песні, якая становіцца добрай нагодай сабрацца разам, пагаварыць пра важнае зразумелай усім бацькоўскай мовай.
Народны фальклорны ансамбль «Спадчына».
АДМЕТНАСЦЬ петрыкаўскіх палешукоў у тым, што ўсіх гасцей яны сустракаюць песняй. Так было і ў наш прыезд. 15 жанчын успомнілі спачатку вясёлыя, а потым і лірычныя кампазіцыі. У такім складзе “Спадчына” трохі болей чым год. Не так даўно ансамбль пакінуў Мікалай Крэс, ці проста Пятровіч, як называлі свайго акампаніятара курыціцкія пявунні: “Пераехаў наш хлопец у горад, вось і засталіся ў калектыве адны жанчыны”.Ансамбль узнік у 1975 годзе, але спачатку гэта быў хор. У 1992-м калектыў стаў народным. Сабрала ўсіх Тамара Хаменя, якая і сёння нязменны кіраўнік суполкі аматараў спеваў, акампануе на гармоніку. Калі прасачыць шлях у музыку ўсіх удзельніц гурта, можна сказаць, што яны вакалісткі найменшае ў трэцім калене.
“Спявала яшчэ мая бабуля. Затым песні завучыла маці, потым перадала іх мне”, — успамінае 90-гадовая Вера Шэлег. Цітаўна пражыла складанае жыццё: была ў канцлагеры ў Германіі, як вярнулася дамоў, пайшла працаваць даяркай. Усё жыццё, лічы, аддала сельскай гаспадарцы. Але ўжо тады знаходзіла час сабрацца з жанчынамі на рэпетыцыях. Кажа, гэта была, ёсць і застанецца самая лепшая аддушына.
Ёсць у калектыве свая паэтка — Ніна Машук, якая пера- кладае рускія песні на мову, складае сучасныя кампазіцыі. Гісторыі ў іх змяняюць адна адну. Ад гэтага, кажуць, у слухачоў душа то разгортваецца, то сціскаецца ад спагады. Вось такая яна, курыціцкая “Спадчына”.
Народны фальклорны ансамбль «Зарачаначка».
РАДУЮЦЬ амаль 40 гадоў сваёй творчасцю спевакі і танцоры з народнага фальклорнага ансамбля “Зарачаначка” Чалюшчавіцкага вясковага дома народнай творчасці. За гэты час змянілася пакаленне ўдзельніц, але густы калектыву засталіся нязменнымі: выконваюць творы мясцовага песеннага фальклору з улікам усіх асаблівасцей, характэрных для Палескага рэгіёна. Іх песні і танцы, якія бытуюць тут, у вёсцы Чалюшчавічы, заўсёды добры падарунак для прыхільнікаў этнічнай музыкі. Вось і зараз на фестываль “Зов Полесья” гурт, які ў 2006 годзе атрымаў званне народнага, падрыхтаваў больш за дзесяць кампазіцый. Выступіць “Зарачаначка” і з побытавымі танцамі.
На працягу часу калектыў змяняўся: са старога складу ў гурце бадай што Таццяна Пяскун, былы бухгалтар КСУП “Чалюшчавічы”. Астатнія ўдзельнікі — усяго ў ансамблі 14 чалавек — далучаліся паступова. Сапраўднай знаходкай сталі хлопцы — Аляксандр Харчанка і Андрэй Тарасаў. Першы працуе ў клубе качагарам, другі — у Петрыкаўскім гаргазе, пры гэтым знаходзіць час сумяшчаць асноўную дзейнасць з творчасцю (на палову стаўкі працуе акампаніятарам).
Мастацкі кіраўнік Тамара Піліпенка за столькі гадоў існавання ансамбля, які выязджае на раённыя і абласныя святы, у палі, добра вывучыла густы слухачоў: “Палешукоў хвалююць тэмы, якія ў свой час народ браў з самога жыцця, — пра каханне гаротнае, пра жніво. Якое жыццё — такая і песня”.
«Вячорніцы» у стылі кракавяка і падэспаня
Ніводнае свята не праходзіць у Навасёлках без запальных побытавых танцаў
Народны фальклорны ансамбль “Вячорніцы” Навасёлкаўскага вясковага дома культуры, якім кіруе Алена Дударэнка, на “Зове Полесья” госць жаданы. На першы фэст вазілі непаўторны рэпертуар мясцовых песень, потым абаранялі падворак з абрадам “Хрэсьбіны”, паказвалі вырабы народных майстроў, якія займаюцца пры клубе. У гэтым годзе дзяўчаты хочуць падняць на ногі ўсе Ляскавічы і пусціцца з турыстамі ў скокі. Лічаць, атрымаецца. Бо побытавыя навасёлкаўскія танцы непаўторныя.
Народны фальклорны ансамбль «Вячорніцы».
У ДОМЕ культуры ідзе рэпетыцыя. Напярэдадні фестывалю гурт збіраецца ледзьве не кожны дзень — неабходна дасканала адтачыць усе канцэртныя нумары, каб паказаць, на што здольныя навасёлкаўскія артысты. А здзіўляць ёсць чым: на фэст тыя павязуць аж восем разнавіднасцей танца. Тут і кракавяк, і “Яблычка”, і падэспань. Дарэчы, апошні танцуюць на свой манер. Мастацкі кіраўнік і харэограф па сумяшчальніцтве Алена Півавар тлумачыць такую асаблівасць:— Раней танцавалі, бадай, у кожнай хаце — на заручынах, вяселлі, дні нараджэння. Спіс харэаграфічных твораў быў не такі вялікі, аднак у кожнай мясцовасці з цягам часу сталі з’яўляцца свае асаблівасці. Яны перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Так і фарміраваўся свой непаўторны стыль. Калі ўзяць падэспань, то ў Чалюшчавічах, напрыклад, яго танчаць на два калены (дзве часткі), мы выконваем на пяць. Ці больш сучасны “На рэчаньку” выконваюць тры чалавекі, у нашай мясцовасці больш звыклая форма танцаваць на пару.
Адкуль у навасёлкаўскіх артыстак такі багаты харэаграфічны матэрыял, носьбітаў жа амаль не засталося? Аказваецца, цяперашні склад гуртка — пераемнікі першага ансамбля “Вячорніцы”, які стаў народным яшчэ ў 1998 годзе. “Вячорніцы” сучасныя працавалі яшчэ пры былым мастацкім кіраўніку Наталлі Сяўрук. Ёй у свой час культурныя здабыткі перадала маці Ніна Рымша. Вось так і атрымалася, што дзесяць дзяўчат добра ведаюць, якія танцы былі папулярныя ў Навасёлках.
Адзін аднаго разумеюць
Майстар разьбы па дрэве Аляксей Батан лічыць гэты матэрыял адным з самых падатлівых
Калі прасачыць біяграфічную лінію метадыста Петрыкаўскага дома рамёстваў, знайсці чалавека творчай прафесіі там складана: шмат медыкаў і ваенных. Праўда, дзед быў першакласным цесляром. Можа, па яго слядах і пайшоў Аляксей? Сам майстар адказу на гэта пытанне не ведае, аднак добра памятае, што выразаць фігуркі з дрэва пачаў яшчэ ў чацвёртым класе, калі хадзіў на гурток у Дом піянераў. З таго часу занятак не пакідае не толькі ў вольны, але і ў працоўны час.
У ДОМЕ рамёстваў Аляксей вядзе гурток для вучняў, якія таксама закахаліся ў дрэва. Паказвае, як трэба рыхтаваць матэрыял, апрацоўваць, потым фарбаваць ці пакрываць лакам канечны выраб. Справа гэта нялёгкая, асабліва для дзяцей, але майстар навучыўся абыходзіцца з дрэвам так, што яно нібыта слухаецца: “Трэба разумець яго структуру. Ведаеце, гэта як з чалавекам — зразумеў яго характар і натуру, мець зносіны становіцца значна прасцей”.
Таму зараз над працамі Аляксей доўга не карпее: невялічкую свістульку ці лыжку выража за дзесяць хвілін. Гэтае майстэрства будзе прэзентаваць, як і на мінулым фестывалі “Зов Полесья”. Для майстра гэта добрая магчымасць і свой талент паказаць, як кажуць, і гасцей заахвоціць. Можа, гледзячы на петрыкаўскага ўмельца, яшчэ хто-небудзь зацікавіцца рамяством.
Сярод прац Аляксея не толькі сувеніры і побытавыя рэчы, яшчэ і вялікія скульптуры. У Доме рамёстваў, праўда, іх няшмат — амаль усе разышліся па хатах.
bizyk@sb.by