Житель городского поселка Дружный Пуховичского района открыл за госсубсидию школу личностного роста

Што схавана ўнутры

Па вядомай пірамідзе патрэбнасцей Абрахама Маслоу асабістае ўдасканаленне, інтэлектуальнае развіццё персоны знаходзяцца на вяршыні простай псіхалагічнай матрыцы. Стваральнікі школ развіцця асобы выдатна ведаюць аб гэтай важнай патрэбнасці людзей і арганізуюць супольнасці для самавыяўлення — розныя адукацыйныя школы. Адзін са стваральнікаў такога бізнесу падзяліўся з карэспандэнтам «Р» сваёй гісторыяй поспеху.

Прадпрымальнік скарыстаўся паслугамі мясцовага бізнес-інкубатара пры адкрыцці школы развіцця асобы.
Фота Аляксея Мацюша

Інжынер і асоба

Аляксандр Шэлег нарадзіўся ў Дружным пад Мінскам у шмат­дзетнай сям’і. Паступіў у БНТУ на бюджэт і паспяхова яго скончыў. З дыпломам інжынера-механіка адпрацаваў па размеркаванні па спецыяльнасці, паспеў паўдзельнічаць у розных праектах на прамысловых прадпрыемствах у якасці канструктара, менеджара і лагіста. Нават у бухгалтарскіх тонкасцях пачаў разбірацца.

Але бліжэй да свайго трыццацігоддзя, калі ў працы па найме дасягнуў пэўных вяршынь, Аляксандр задумаўся: а куды далей ісці і дзе развівацца? Прадпрымальніцтва заўсёды прыцягвала хлопца.

— Прааналізаваў сітуацыю на рынку такіх нематэрыяльных паслуг, як адукацыйныя праекты, і вырашыў заняцца трэнінгамі асобаснага росту і арганізацыяй дадатковых заняткаў для моладзі і дарослых, — узгадвае Аляксандр Шэлег.

Праўда, дзелавая ініцыятыва захапіла пачаткоўца не адразу. Ён доўга ўзважваў усе «за» і «супраць»:

— Чалавек я самакрытычны: хадзіў на трэнінгі, якія праходзілі ў бізнес-інкубатарах для прадпрымальнікаў, думаў, ці змагу абараніць свой план у аддзеле садзейнічання занятасці па месцы жыхарства. Вырас я ў простай, сціплай сям’і: мама працавала інжынерам, а тата — вадзіцелем. У нас вопыту прадпрымальніцтва, нейкіх стартавых капіталаў на бізнес, вядома ж, не было. Сыхо­дзіў у свабоднае плаванне з даволі высокааплатнага месца працы. Але бацькі ўсё ж такі прынялі мой выбар і маральна мяне падтрымалі.

У Аляксандра ёсць старэйшая сястра Таццяна і брат-блізнятка Аркадзь. Прадпрымальнік усміхаецца і кажа, што ўсе сваякі заўважаюць — ён і брат вельмі розныя па характары, але аб’ядноўвае братоў цікавасць да ўсяго новага і крэатыўнасць:

— Ён — мой брат — мастак, шмат малюе, займаецца веб-дызайнам, а я вось пайшоў у інжынерыю. Нягледзячы на новы праект у адукацыі, я не кідаю сваёй тэхнічнай захопленасці і гатовы развівацца творча, напрыклад, займацца рознымі прыладамі, якія ўдасканальваюць сучаснае жыццё чалавека, — кажа Аляксандр.

Ажыццявіць круты прафесійны разварот і пайсці з інжынераў у прадпрымальнікі — гэта смелы крок. Пытаюся ў Аляксандра, як ён пабудаваў працу на новай ніве без гуманітарнай адукацыі. Бо ў школе развіцця асобы трэба быць хутчэй за ўсё кампетэнтным псіхолагам і добрым арганізатарам. Але прадпрымальнік сваю справу ведае:

— Я прыцягваю да трэнінгаў вядомых экспертаў. За аснову ўзяў самыя актуальныя сярод насельніцтва напрамкі развіцця: здароўе, бізнес, асоба, адносіны. Асабліва сустрэчы дапамагаюць людзям сціплым, замкнёным у сабе. Сучаснай моладзі часам цяжка загаварыць з кімсьці, бо многія «завіслі» у гаджэтах, быццам у шкарлупіне. Інтэрактыўная накіраванасць мерапрыемстваў дазваляе не проста падзяліцца ведамі, а выказаць свае эмоцыі, разняволіцца псіхалагічна.

Аляксандр Шэлег спрабуе свае сілы ў якасці вядучага тэматычнага семінара.
Фота з архіва героя

«Давёў пару да ЗАГСа»

Прадпрымальнік асвойвае ў адукацыйнай дзейнасці тое, што перш за ўсё цікава яму самому. Нядаўна дзякуючы Аляксандру адбыліся эканамічныя семінары на тэму «Грашовы паток», псіхалагічныя кансультацыі па эфектыўнасці і аптымізме ў розных справах. Ужо некалькі разоў Аляксандр право­дзіў «хуткія спатканні» для мола­дзі. Праект атрымаўся цікавы — у выніку нават утварылася пара, якая стварыла сям’ю дзякуючы рамантычнай сустрэчы «ўсляпую».

Апошнім часам пачатковец спрабуе асвоіць новы вектар дзейнасці — так званы адукацыйны турызм. Аляксандр лічыць:

— Задумка набывае папулярнасць ва ўсім свеце. Справа мае будучыню — на стыку асветы і пагоні за новымі ўражаннямі ў экскурсіях, велапаходах, узыходжаннях і сплавах… Лічу, што карысная для кар’еры і асабістага жыцця інфармацыя лепш за ўсё засвойваецца не ў сценах аўдыторыі, а на прыродзе. Для арганізацыі кожнага навучальнага падарожжа прыцягваю прафесійных гідаў з пляцовак кшталту Белпаходбай і г.д. Звычайна дастаткова пяці ўдзельнікаў — калі набіраецца гурт, тады мы некуды стартуем…

Арыфметыка школы развіцця

Для рэалізацыі свайго адукацыйнага напрамку прадпрымальнік атрыманую дзяржаўную субсідыю ў памеры 3200 рублёў выдаткаваў з розумам: набыў якасную камеру, штатыў, абсталяванне для асвятлення, моцны ноўтбук. Таксама пад праект быў створаны сайт. Рэгулярна аднаўляюцца старонкі ў сацсетках — афішамі мерапрыемстваў і справаздачамі. Расходная частка прадпрымальніка штомесяц складаецца з арэнды залаў і пляцовак пад мерапрыемствы, ганарару лектару альбо некалькім фронтменам мерапрыемства.

Аляксандр штомесяц плаціць падаткі па спрошчанай сістэме ў памеры 5 працэнтаў ад выручкі, робіць адлічэнні ў ФСАН. Па кансультацыю юрыста і бухгалтара прадпрымальнік звяртаецца ў бізнес-інкубатар. Тут жа можна скарыстацца канферэнц-залай і кабінетам для перамоў.

Рэалізацыя праекта школы асобы за пару месяцаў ужо прынесла свае плады. Прыбытак у гэтай справе цалкам залежыць ад ступені актыўнасці прадпрымальніка і колькасці заявак на той ці іншы семінар. Па словах заснавальніка школы, у сярэднім можна выру­чыць каля тысячы рублёў у месяц. Кошт аднаго семінара стартуе ад 20 рублёў, а невялікага курса лекцый — ад 200 рублёў. Аднак сумы даволі ўмоўныя, таму што на канчатковы кошт пакета адукацыйных паслуг уплывае шэраг фактараў: кошт арэнды аўдыторыі, заробак лектараў, колькасць слухачоў і іншыя.

Аляксандр не баіцца канкурэнцыі ў гэтай сферы, кажа, што ў яго як у творчага інжынера ёсць свае аўтарскія «фішкі» ў праекце. Прадпрымальнік разважае так:

— Сёння веды — не багаж за плячыма, але ў паўсядзённым жыцці гэты «чамадан» трэба перыядычна адкрываць, без гэтага не абысціся ў кар’еры і жыцці. Мяне натхняе арганізацыя адукацыйных праектаў. Акрамя таго, што і сам я шмат цікавага дазнаюся падчас іх правядзення, дык яшчэ змяняю жыццё іншых людзей у пазітыўны бок.

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter