Неисправные или ненадежные счетчики или магниты на них — как не нужно «экономить» на счетах за воду

Шмат вады выцекла

Своечасова не правераны лічыльнік расходу халоднай і гарачай вады можа зрабіць квітанцыю аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг цяжэйшай. Таксама як і свядомае адключэнне або пашкоджанне прыбораў індывідуальнага ўліку, утойванне фактаў прыпынення іх працы. У гэтым выпадку чалавек карыстаецца вадой і не плаціць за яе альбо аплачвае не ў поўным аб'ёме. Такое спажыванне вады спецыялісты называюць безуліковым. І нагадваюць, што аплата вады «на вока» можа выліцца ў вялікую суму. Што рабіць, каб гэтага не здарылася, даведвалася карэспандэнт «Р».

Кантралёр праверыць працу прыбораў уліку…

Да нас едзе кантралёр

Гэты легкавы аўтамабіль з лагатыпам УП «Мінскводаканал» і надпісам «Рамонтна-тэхнічная» можна ўбачыць у любым з жылых двароў Заводскага, Ленінскага і Партызанскага раёнаў Мінска. На ім кантралёр вадаправоднай гаспадаркі Таццяна Бандарэнка кожны дзень прыязджае па заяўках. Кватэры і дамы мінчан спецыяліст наведвае, каб зверыць паказанні прыбораў індывідуальнага ўліку расходу халоднай і гарачай вады, высветліць, наколькі дакладна працуюць вадамеры. І гэта не планавыя праверкі, а пазаштатныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у працэсе здыму паказанняў лічыльнікаў. На чарговы выклік выязджаем разам са спецыялістам.

І ампламбуе іх, калі трэба.



У руках Таццяны — дарожны ліст. У ім —заяўкі, якія трэба выканаць за гэты працоўны дзень. Першы адрас — дом № 3 па вуліцы Пляханава. У адной з кватэр спецыяліст апламбіравала вадамерны вузел, таму што гаспадары кватэры падчас рамонту ваннай пераносілі водаправодныя трубы і, адпаведна, прыборы ўліку. Таму кантралёра водаправоднай гаспадаркі выклікалі двойчы. Першы раз — да пачатку рамонту, другі — пасля яго заканчэння. Абодва разы спецыяліст фіксаваў паказанні лічыльнікаў і складаў акт. Тут усё ў парадку, таму Таццяна спрытна пламбіруе вадамеры. Паслуга гэта платная. 

Наступны адрас — дом № 28 па вуліцы Ангарскай. Гаспадыня двухпакаёвай кватэры высветліла, што доўгі час шмат плаціла за ваду. Маўляў, не гледзячы на лічыльнік, кожны месяц аплачвала прыкладна па 10 кубаметраў. А потым пераканалася, што пераплаціла амаль на паўгода наперад. Таццяна зверыла фактычныя паказанні прыбораў уліку і склала акт для разлікова-даведачнага цэнтра, на падставе якога будзе праведзены пераразлік.

У абаненцкім раёне №3 ЦРП «Вадазбыт» узгадняюць маршруты, па якіх паедзе кантралёр


У доме № 20 па вуліцы Герасіменкі гаспадары не ўпэўнены, што вадамеры на кухні працуюць карэктна. І не памыляюцца: лічыльнік гарачай вады спыніўся. Таццяна фіксуе фактычныя паказанні прыбораў уліку расходу вады, правярае працу прыбораў уліку, афармляе акт аб безуліковым спажыванні камунальных паслуг (водаспажывання). Спецыяліст звяртае ўвагу спажыўца аб неабходнасці ў трохдзённы тэрмін звярнуцца ў цэх па рамонце і замене для афармлення заяўкі на правядзенне работ па замене няспраўнага прыбора ўліку затрат вады.

Гаспадары правільна зрабілі, што выклікалі спецыяліста УП «Мінскводаканал». Так у іх не будзе праблем з аплатай вады, бо карыстанне вадой пры няспраўным лічыльніку — гэта яе безуліковае спажыванне. На падставе акта аб безуліковым спажыванні камунальных паслуг робіцца пераразлік памеру платы за спажыванне вады. Але ўжо не па паказаннях лічыльніка, а зыходзячы з норм водаспажывання. А гэта 260 літраў за суткі (восем кубаметраў у месяц) на кожнага грамадзяніна, зарэгістраванага ў жылым памяшканні. Гэта значыць, што пры зарэгістраваных чатырох жыхарах кожны месяц выставяць да аплаты 32 кубаметры вады. Нават калі па факце выкарыстоўваецца па 12–15 «кубоў». Вось і лічыце.

На такіх жа аўто кантралёры працуюць ва ўсім горадзе.

Нюанс. Калі няспраўнасць індывідуальнага прыбора ўліку заўважыць сам спажывец і звярнецца да спецыялістаў, то пераразлік за ваду зробяць толькі за месяц. Калі выявіць кантралёр, то плаціць давядзецца за час, які прайшоў з моманту апошняй дакладнай зверкі. Можа быць і да трох гадоў, калі прадстаўнік УП «Мінскводаканал» па нейкай прычыне не мог трапіць у кватэру.


Магнітам справе не дапаможаш 

Безуліковым лічыцца спажыванне вады не толькі пры няспраўных лічыльніках. Самае грубае парушэнне, на якое ідуць некаторыя жыхары, — свядомае псаванне прыбора ўліку з мэтай схаваць праўдзівы расход вады. Цяпер кажу пра магніты, якія ставяць на прыбор уліку, выводзячы тым самым яго з ладу. Аднак «сэканоміць» на плацяжах за жыллёва-камунальныя паслугі ў такім разе не атрымаецца, паколькі ў гэтым выпадку расход пералічаць па колькасці зарэгістраваных чалавек. Падрабязнасці даведаюся ў намесніка начальніка ЦРП «Вадазбыт» Ліі Перавалушкі.



Схема пераразліку ранейшая — у сярэднім 8 кубаметраў вады на кожнага зарэгістраванага чалавека. Па ёй жа пералічаць ваду, калі з лічыльніка сарвана пломба альбо ён і зусім разбіты. Яшчэ адна праблема — так званы недазаяўлены аб'ём. Гэта значыць, што чалавек кожны месяц плаціць прыкладна за адзін і той жа аб'ём, а праз некаторы час высвятляецца, што за год набегла 500 «лішніх» кубаметраў. Непрыемна. І для кашалька накладна.



З безуліковым спажываннем вады лічацца і тыя дамы, у якіх вадамеры не прайшлі дзяржаўную метралагічную паверку. Гэта значыць, што калі вадамерам у вашай кватэры больш за пяць гадоў, іх трэба праверыць. Планавая замена прыбора і правядзенне дзяржаўнай паверкі — бясплатныя. Тэрміны апошняй паверкі прыбора пазначаны на пломбах. І тут усё проста: паглядзеў на пломбу — выклікаў спецыяліста «Мінскводаканала» — той памяняе стары лічыльнік на павераны. Але і ў гэтай нескладанай схеме бываюць прабелы. Ёсць спажыўцы, якія ігнаруюць паверку і доўгі час не даюць доступ у сваё жыллё. І ў гэтым выпадку спажыванне вады становіцца безуліковым. З усімі наступствамі ў выглядзе вялікіх сум.



ДАРЭЧЫ

Спецыялісты звяртаюць увагу, што зараз пачасціліся выпадкі безуліковага водаспажывання, прычынай якога становіцца няправільная эксплуатацыя сантэхнічнага абсталявання такога як бойлер, альбо яго няспраўнасць. Пры ўсталёўцы альбо наяўнасці такога абсталявання ў кватэры рэкамендуецца ўсталёўваць зваротныя клапаны. Каб няправільная эксплуатацыя сантэхнічнага абсталявання не стала прычынай вялікай сумы ў рахунку-паведамленні. Штомесяц здымайце паказанні, аплачвайце фактычна спажыты аб'ём вады, а ў выпадку ўзнікнення пытанняў звяртайцеся да спецыялістаў УП «Мінскводаканал».

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter