СЁННЯ юбілей у народнага скульптара Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі саюзнай дзяржавы, уладальніка срэбнага медаля імя Грэкава і медаля Францыска Скарыны Льва Мікалаевіча ГУМІЛЕЎСКАГА, які нарадзіўся 85 гадоў таму ў Маскве, вырас і атрымаў адукацыю ў Беларусі, дзе вякамі жылі і працавалі яго продкі.
СХАВАНЫЯ за стромкімі таполямі сялянскія падворкі браслаўскай вёсачкі Жарнелішкі больш нагадваюць хутары, дзе засталіся ў асноўным пенсіянеры. На ўскрайку, каля шляху да мястэчка Відзы, гаспадарылі продкі Льва Гумілеўскага, а ў святы хадзілі за дзесяць вёрст да касцёла ў Відзы. За гонар было спяваць у хоры манументальнага храма. Выдзялялася адмысловым голасам у духоўным храме Франчэска Паўлюкевіч. Прыгажуню бацькі засваталі за мясцовага кавалера, які не па сэрцы ёй прыйшоўся. І наравістая дзяўчына ўпотайкі падалася ў далёкую Маскву, дзе яе ўпадабаў Мікалай Гумілеўскі са слыннага рускага арыстакратычнага роду Гумілёвых. Ажаніліся. Нарадзіўся першынец, а потым і другі хлопчык. Сям’я жыла ў дастатку, і, здавалася, толькі радавацца гэтаму. Але няўрымслівая Франчэска мроіла вярнуцца ў родныя мясціны, і з двума маленькімі сынамі пры першай магчымасці адправілася са сталіцы ў Жарнелішкі, якія ў той час былі пад панскай Польшчай. Добрыя людзі дапамаглі ёй уладкавацца ў Старабарысаўскім наменклатурным санаторыі, дзе іх застала Вялікая Айчынная вайна. З акупіраванай гітлераўцамі мясцовасці Франчэска Вікенцьеўна, ратуючы старэйшага сына Мікалая ад адпраўкі ў Германію, падалася ў партызанскую зону на Бягомельшчыну. Студзёнай зімою даймалі холад і голад. У час карніцкіх нямецка-фашысцкіх аперацый ратавала балота, куды хаваліся народныя мсціўцы ад лютага ворага.
Пасля паспяховай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі блакада партызан была знята, і Франчэска Вікенцьеўна з сынамі вярнулася ў вызвалены Стара-Барысаў, які быў амаль што ўвесь спалены. Аднавіў дзейнасць санаторый, дзе знайшоўся занятак для былой прачкі. А калі дырэктара перавялі кіраўніком створанага санаторыя ў Нясвіжы, ён прапанаваў стараннай працаўніцы, як і некаторым іншым, пераехаць з ім. Уладкаваліся Гумілеўскія ў былым флігельку, што стаяў каля брамы Радзівілаўскага палаца ў Нясвіжы. Раней там жыла княжацкая прыслуга.
Пераросткамі пайшлі вучыцца ў школу сыны Мікалай і Леў. Настаўнік малявання Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук, які стаў потым вядомым мастаком, даручаў старэйшаму за іншых дзяцей Льву падтрымліваць дысцыпліну на ўроку. Маляванне захапіла хлопчыка. Не было паперы, фарбаў, але на карцінках з пачак папярос, іншых шматках паперы алоўкам накідваў эскізы. Маці заўважыла схільнасць сына і выпадкова даведалася пра набор у дзіцячы гурток малявання, які арганізоўваў школьны настаўнік Міхаіл Сеўрук. Жыў ён бабылём у недабудаванай гарадской ратушы, каля якой збіраліся гурткоўцы і разам клікалі яго. Адчынялася акно на трэцім паверсе, і адтуль выглядаў Міхаіл Канстанцінавіч. Запрашаў юных сяброў у сваю майстэрню, дзе дазваляў паглядзець на палотны. Хлопчыкаў захаплялі карціны, што адлюстроўвалі гістарычныя мясціны роднага Нясвіжа. Разважалі яны з выкладчыкам і пра сваю будучыню. Леў Гумілеўскі марыў стаць вадзіцелем аўтамабіля. Гэта было модна ў пасляваенныя гады. У хлопчыку Міхаіл Канстанцінавіч прыкмеціў зярняткі нераскрытага таленту і знайшоў ключык да раскрыцця яго. Даступна адкрываў яму свет мастацтва, тактоўна накіроўваў да творчасці. Кожнаму выхаванцу настаўнік даваў слушныя парады, адносіўся як да родных. Малюнкі здольнага Лёвы Гумілеўскага адкладваў, выказваў заўвагі, раскрываў яму сакрэты майстэрства. Настаўнік і вучань моцна пасябравалі. Падлетка ўсё больш захапляла мастацтва. Зацікавіўся шыкоўнымі мастацкімі альбомамі, што ляжалі на прылаўку ў кніжнай краме Нясвіжа. Акуратна перагортваў старонкі фаліянта Іллі Рэпіна, якія краналі душу. Прыходзілі думкі, што і ён зможа стаць такім вядомым, як вялікі мастак. І цвёрда вырашыў удасканальваць свой талент. Пасля службы ў арміі паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, а потым — у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе на аддзяленні мастакоў быў самы старэйшы, а на скульптуры вучыліся равеснікі. Перавёўся да іх, дзе вядомыя беларускія творцы Аляксей Глебаў і Андрэй Бембель шчодра дзяліліся сакрэтамі скульптурнага дойлідства. Першыя творчыя работы студэнта выстаўляліся ў інстытуце...
БОЛЬШ як паўвека ўжо творчай дзейнасці Льва Мікалаевіча Гумілеўскага. У яго творах манументальнай і станкавай скульптуры паўстала амаль што ўся гістарычная эліта шматпакутнай Беларусі. За помнік Янку Купалу ў Мінску ў сааўтарстве з вядомымі творцамі Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім атрымалі Дзяржаўную прэмію рэспублікі.
“Прыветліва глядзіць у твар” на Усходніх могілках беларускай сталіцы адлітая ў бронзе зорка беларускай паэзіі Яўгенія Янішчыц (на здымку), неспадзяваную сустрэчу з якой лёс некалі падараваў Льву Мікалаевічу.
Кранае тонкасцю адлюстраваных рыс характару помнік вядомай беларускай актрысе Аляксандры Клімавай. Сталіцу суседняй Літвы абагаціла мемарыяльная дошка, а ў Смаргоні паўстаў велічны помнік народнага заступніка, геніяльнага Францішка Багушэвіча. Нясвіжскі парк упрыгожылі бюсты Радзівілаў, Сыракомлі, Юрыя Нясвіжскага, чароўнай русалачкі.
Створаны разам з сынам Сяргеем велічны помнік Кірылу Тураўскаму ўзвышаецца ў цэнтры Гомеля. Шмат іншых скульптурных кампазіцый Льва Мікалаевіча знайшлі сваю пастаянную прапіску ў розных кутках Беларусі. Класіка нашай літаратуры Янку Купалу бацька і сын Гумілеўскія ўвекавечылі ў бронзе на адной з плошчаў Масквы, за што ўдастоены прэміі Саюзнай дзяржавы. Купалаўская тэма ў іх творчасці займае асаблівае месца.
Багата на цудоўныя скульптуры рабочая майстэрня творцы. Разам з Львом Мікалаевічам плённа працуе і сын Сяргей, які пайшоў па слядах бацькі. У іх творчым цэху сабраны вядомыя асобы Беларусі: Кірыла Тураўскі, Еўф- расіння Полацкая, князь Міндоўг, Францыск Скарына, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Фран- цішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Ула- дзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Міхаіл Савіцкі, Уладзімір Мулявін...
Многія скульптурныя кампазіцыі Гумілеўскіх экспанаваліся на выставе “Шлях да Нясвіжа”, што ладзілася ў Нясвіжскім гістарычна-краязнаўчым музеі.
“Леў Мікалаевіч і Сяргей Львовіч Гумілеўскія — нацыянальныя геніі Беларусі”, — запісалі ў кнізе водгукаў сталічныя наведвальнікі выставы Ігар і Ларыса Александровічы.
“Асабліва ўразілі работы скульптараў-тытанаў (не пабаюся гэтага слова) “Балет”, “Супрацьстаянне”, “Міхал Агінскі. Развітанне з Радзімай”, “За зямлю, за волю”, “Кастусь Каліноўскі”, у якіх тонка перададзены рух і глыбіня думак. Абсалютна дакладнае адлюстраванне ў скульптурах рыс твару гістарычных асоб пад сілу толькі геніяльным творцам...” — заўважае нясвіжанка Л. М. Шамрук. І такіх запісаў шмат.
МНЕ не аднойчы даводзілася бываць у “святая святых” творцаў Гумілеўскіх, дзе цесна ад скульптурных шэдэўраў. Бацька і сын ужо шмат гадоў працуюць разам у адной майстэрні. Кіраўніцтва Нясвіжскага раёна абяцае адкрыць музей таленавітага земляка, куды ён гатовы ахвяраваць свае творы. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі плануе на наступны год арганізаваць творчую выставу скульптараў Гумілеўскіх.
Разам з Львом Мікалаевічам і яго дружнай сям’ёю давялося наведаць Жарнелішкі, дзе нарадзілася яго маці — Франчэска Вікенцьеўна Паўлюкевіч. Знайшлі і вясковую сям’ю з такім прозвішчам. А немаладая ўжо суседка іх Марыя Кандратовіч гасцінна прыняла нас і ўзгадала расказ сваёй маці пра даўнюю гісторыю з наравістай дзяўчынай, што некалі сышла з Жарнелішак, і ніхто пра яе лёс больш нічога не ведаў.
Леў Мікалаевіч на вясковым падворку набраў у мяшэчак зямелькі, каб адвезці на магілу маці, якая так марыла вярнуцца ў родную вёску, але лёс інакш распарадзіўся.
З сынам Сяргеем скульптар завяршае кампазіцыю, прысвечаную класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу, якую плануецца ўстанавіць у Варшаве. Кампазіцыя, прысвечаная стваральніку першай беларускай оперы Станіславу Манюшку і аўтару класічнай “Пінскай шляхты” Вінцэнту Дуніну- Марцінкевічу, упрыгожыць Верхні горад беларускай сталіцы, непадалёк ад музея вядомага мастака Міхаіла Савіцкага, з якім шчыра сябраваў Леў Гумілеўскі. Наведвальнікаў гэтага новага музея вітае скульптура Міхаіла Савіцкага з рамай яго неверагоднага жыццёвага лёсу.
Такім адлюстраваў свайго сябра Леў Мікалаевіч Гумілеўскі, таленавітыя рукі якога не ведаюць стомы, а сэрца палае нязгаснай любоўю да мілых Жарнелішак, роднага Нясвіжа, да маці-Беларусі.
Уладзімір СУБАТ
Фота аўтара