На Касцюкоўшчыне рупна захоўваюць памяць аб сваім славутым земляку
Загадчыца філіяла літаратурнага музея Аркадзя Куляшова пры Новасаматэвіцкай сярэдняй школе Наталля Лабынцава прыгадала малавядомы эпізод з жыцця знакамітага паэта, калі яшчэ ў маленстве, у чатырохгадовым узросце, ён разам з сямігадовым сябрам ненаўмысна ўчыніў пажар, ад якога з-за вялікага ветру выгарала амаль палова вёскі Саматэвічы. Тады пагарэльцы запатрабавалі ад бацькоў хлапчукоў моцна пакараць іх. Маці Аркадзя не стала гэтага рабіць, а сябрук быў збіты бацькам так, што хутка памёр.
Гэты выпадак настолькі ўразіў будучага паэта, што ён памятаў аб ім усё жыццё, і таму нават адзін з першых вершаў назваў “Куляшоў няшчасны”.
Аднак тут паэт памыліўся. Не толькі літаратурны лёс для яго аказаўся вельмі шчаслівым, але і памяць аб славутым земляку на Касцюкоўшчыне захоўваюць рупна і беражліва. А з нагоды 100-гадовага юбілею з дня яго нараджэння родны кут жыў яго творамі, успамінамі аб ім, светлай памяццю. І няхай зараз няма вёскі Саматэвічы, дзе, як кажуць у народзе, закапаны пуп Аркадзя Куляшова (яе “з’ела” чарнобыльская пачвара), затое, хоць і далекавата ад тых мясцін, жывуць Новыя Саматэвічы. І там шануюць чыстую, як воды роднай Беседзі, памяць аб сваім паэце.
— Ведаеце, цяпер можна нярэдка пачуць меркаванні, што моладзь, у тым ліку школьнікі, не вельмі цікавіцца нацыянальнай літаратурай, тым больш паэзіяй, — падзялілася думкамі дырэктар тутэйшай цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы Ала Мартыненка. — Не магу з гэтым пагадзіцца. А нязгодных з маім пунктам гледжання запрасіла б на вечарыну, якая ладзілася з нагоды юбілею Куляшова і праходзіла ў раённым Доме культуры. Яны ўвачавідкі пераканаліся б, што асноўнай часткай публікі была моладзь.
І як уважліва і з непадробным інтарэсам слухалі яны ўспаміны пра дзеда, якімі дзяліліся ўнук Аркадзя Куляшова Уладзімір Бярбераў і пляменнік паэта Віталь Маслоўскі. Не з многіх крыніц можна даведацца, што Аркадзь Аляксандравіч быў заўзяты курэц і шахматыст, а яшчэ меў выдатныя матэматычныя здольнасці, вельмі любіў слухаць народныя спевы. Апошнія рысы ягонай натуры, хутчэй за ўсё, тлумачацца тым, што бацька Аляксандр Міхайлавіч працаваў настаўнікам матэматыкі, а маці Кацярына Фамінічна, якая таксама настаўнічала ў пачатковых класах, не спявала амаль што толькі на ўроках. Такое ўдалае спалучэнне ўвайшло і ў паэзію сына, напоўніла яе дакладна выверанымі і ў той жа час песеннымі радкамі. Невыпадкова сучаснікі-калегі называлі Аркадзя Куляшова паэтычным салаўём.
Сапраўды, побач з ваеннай і патрыятычнай лірыкай жыве дзесяцігоддзі і будзе лунаць і далей песня пра дзяўчыну Алесю, якая была першым каханнем для юнака. Бадай, яна — самая вядомая. Але шмат і іншых песень, рамансаў, ёсць нават опера, якія напісаны знакамітымі беларускімі кампазітарамі на вершы паэта.
Касцюковіцкая зямля наогул дала нацыянальнай літаратуры нямала гучных імёнаў. Дастаткова прыгадаць Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, каб згадзіцца з гэтым. Без залішняй сціпласці можна сцвярджаць, што будзе даваць і ў далейшым. Побач з тымі, хто ўжо заявіў пра сябе ў літаратуры, глядзіш, прабіваюцца юначыя парасткі. І тыя сачыненні, якія пісаліся не па заданні на конкурс і прысвячаліся славутаму паэту, — таксама нясмелая літаратурная спроба.
Знаёмішся з радкамі са школьных сшыткаў і разумееш: не дзеля добрай адзнакі напісаны яны, а прапушчаны праз душы і сэрцы. Юныя касцюковічцы не толькі добра ведаюць творчасць свайго земляка, але і адчуваюць яго еднасць з роднымі мясцінамі, захапленне сваім краем, яго людзьмі, працавітымі і добрымі. А пераможца конкурсу — выпускніца Бялынкавіцкай сярэдняй школы Насця Соціна, якая з захапленнем расказала аб сваіх адносінах да паэзіі Аркадзя Куляшова, зазначыла, што ён — не толькі зямляк. Ён настаўнік, у якога многаму можна вучыцца да канца сваіх дзён.
Касцюковіцкі раён