Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як не стала народнага артыста СССР і Беларусі, заснавальніка і лідара ВІА «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. Амаль год славуты музыкант змагаўся за жыццё, але мноства сур’ёзных траўм, атрыманых у страшнай аўтамабільнай катастрофе, не дазволілі аднавіць здароўе, нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў. 26 студзеня 2003-га ён пайшоў з жыцця. Яму было 62.
Ансамбль «Песняры», 1975 год
Тэлеканал «Беларусь 3» абвясціў дзень памяці Уладзіміра Мулявіна. З гэтай нагоды 26 студзеня ў яго эфіры гледачам прапануюць прэм’ерную канцэртную праграму «Вянок» і новы дакументальны фільм «Пясняр. Сэрцам і думамі».
Праграма «Вянок» была створана Уладзімірам Георгіевічам з ансамблем «Песняры» да 100-годдзя Максіма Багдановіча. Прэм’ера песеннага цыкла на музыку Мулявіна адбылася ў пачатку лістапада 1991 года ў Нью-Ёрку ў Бібліятэцы Аб’яднаных нацый падчас гастроляў «Песняроў» у ЗША. Яшчэ раз праграма прагучала на сцэне Бел-дзяржфілармоніі ў той жа год 9 снежня, пасля вяртання артыстаў з замежнай паездкі. Гэта быў адзіны паказ, больш ніколі цалкам «Вянок» не выконваўся.
Адрадзіць усе кампазіцыі стала магчыма дзякуючы даўняму адданаму маскоўскаму пры-хільніку творчасці «Песняроў» Ула-дзіміру Пазняку. У яго прыватнай калекцыі захавалася касета з унікальным аўдыязапісам прагону «Вянка» перад паездкай у ЗША. На падставе гэтай стужкі апрацоўку для аркестра ўсіх 15 песень цыкла зрабіў заслужаны артыст Беларусі, вядомы музыкант, кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Аляксандр Крамко. Амаль праз 30 гадоў цалкам адноўленая праграма ўпершыню прагучала ў Белдзяржфілармоніі напрыканцы мінулага года і сёлета 12 студзеня, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча і салістаў Яна Жанчака, Вячаслава Ісачэнкі, Андрэя Коласава, Андрэя Казлоўскага. Тэлегледачам прапануецца тэлеверсія прэм’ернага канцэрта. Прагучаць як вядомыя песні, так і зусім невядомыя шырокаму колу слухачоў кампазіцыі. Пачатак у 13.00.
Уладзімір МУЛЯВІН
Яшчэ адна прэм’ера ў эфіры ў 12.20. Гэта дакументальная кінастужка «Пясняр. Сэрцам і думамі», прысвечаная жыццю і творчасці Уладзіміра Мулявіна. Аўтар фільма — кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік, а з нядаўняга часу і тэлевядучы Уладзімір Арлоў. З творчасцю Уладзіміра Мулявіна яго звязвалі рэжысёрскія працы, сярод якіх самы першы музычны фільм пра ансамбль «Песняры» 1971 года і фільм-канцэрт «А таксама цырк», зняты ў 1983-м з удзелам артыстаў славутага ВІА. Але ў гэтых стужках засталося шмат недагаворанага пра жыццё Уладзіміра Георгіевіча, што і расказвае новая карціна, створаная на студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна».
Фільм цалкам пабудаваны на інтэрв’ю блізкіх Уладзіміра Мулявіна, калег, якія працавалі з ім у розныя гады, родных. Пра артыста ўспамінаюць удзельнікі залатога складу «Песняроў»: Леанід Барткевіч, Анатоль Кашапараў, Уладзіслаў Місевіч, Уладзімір Ткачэнка, удзельнiкi «Песняроў» 1980—1990-х: Алег Молчан, Алег Аверын, Ігар Пеня, Аляксандр Кацікаў, рэжысёр Барыс Луцэнка, мастак Георгій Паплаўскі, паэт Валянцін Тарас, кампазітар Ігар Лучанок, дачка Уладзіміра Мулявіна Марына і ўнук Ваня.
Дачка Уладзіміра Мулявіна Марына і ўнук Іван. Кадр з фільма «Пясняр. Сэрцам i думамі»
У карціну ўвайшлі ўнікальныя сямейныя архівы музыканта. Гэтую хроніку не паказвалі ніколі раней. На відэа Мулявін, якога сапраўды ніколі не бачылі. У асяроддзі родных ён раскрываецца як бацька, муж, дзед, гаспадар дома. Акрамя таго, карціна расказвае пра духоўныя пошукі Песняра, якія звычайна заставаліся за кадрам яго публічнага жыцця.
Паўтор канцэрта «Вянок» і фільма «Пясняр. Сэрцам і думамі» можна ўбачыць увечары 27 студзеня: у 21.05 і ў 22.15.
Дарэчы, у новым выпуску свайго аўтарскага праекта «Люблю і памятаю» кінарэжысёр Уладзімір Арлоў падзеліцца ўспамінамі і цікавымі фактамі пра «Песняроў», раскажа пра сваё асабістае знаёмства з лідарам і кіраўніком ансамбля, якое пачалося яшчэ ў канцы 1960-х. Эфір — 29 студзеня.
Ірына ЮР’ЕВА
Тэлеканал «Беларусь 3» абвясціў дзень памяці Уладзіміра Мулявіна
Сэрцам і думамі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.