Надыходзяць Каляды — час ад Раства Хрыстова да Вадохрышча. У праваслаўных працягваецца з 7 па 19 студзеня, у каталікоў — з 24 снежня па 6 студзеня, здаўна лічыўся святым. Нашы продкі стараліся напаўняць яго радаснымі момантамі. У народзе гэты цыкл называлі яшчэ «Святыя вечары», «Шчодрыкі». Калядой звалася і сама куцця, і свята Раства Хрыстова. Адна з яркіх традыцый — калядаванне.
Аднавяскоўцы абыходзілі ўсе хаты з вясёлымі песнямі, гульнямі, танцамі, жадалі гаспадарам здароўя і дабрабыту. Прычым маскіраваліся: пераапранаючыся ў жывёл, птушак і іншых персанажаў, надавалі кожнаму з іх сакральны сэнс.
Пра асаблівасці найбольш распаўсюджаных калядных масак беларусаў расказала этнограф, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна КУХАРОНАК.
Фото из архива «СБ»
«Го-го-го, Козачка, топні ножачкай»
З даўніх часоў калядоўшчыкі хадзілі ў першыя тры дні Каляд, напярэдадні Старога Новага года (на Шчодры вечар) і на першы яго дзень — на святога Васіля. Пераапраналіся ў зааморфных і антрапаморфных персанажаў, а таксама міфічных істот. Найбольш распаўсюджанымі сярод іх былі Каза (Казёл), Мядзведзь, Кабыла (Конь), Бусел (Жораў, Журавель). Радзей сустракаліся Бык (Тур, Карова), Воўк, Ліса, Заяц. У калядаванні ўдзельнічалі таксама Дзед (Старац), Баба (Старчыха, Баба-яга), Цыган і Цыганка, Яўрэй і Яўрэйка, Афіцэр (Салдат, Гусар, Генерал, Казак, Ураднік, Улан, Гайдук), які часцей за ўсё выступаў у пары з Маладзіцай (Барыняй), Пан (Паніч) і Паненка, цары або каралі, Поп і Дзяк, Доктар (Фельчар, Венгр-аптэкар, Лекар-аптэкар), Пастух, Грабаўшчык, Ямшчык, Сват, Плакальшчыца. Міфічныя істоты былі прадстаўлены маскамі Чорта (Д'ябла), Смерці, Анёла, Шчодры (Шчадраца), Каляды, Ведзьмы.Найбольш распаўсюджаны вобраз Казы. Напрыклад, на Мазыршчыне Шчодры вечар 31 снежня называўся «Святы козлік», «Куцця святога козліка». Гурт пераапранутых складаўся пераважна з нежанатых хлопцаў. Зрэдку сустракаюцца звесткі пра ўдзел дзяўчат у абрадавым абходзе з Казой. Калі населены пункт быў вялікі, тады калядаваць хадзілі некалькі груп адначасова. У малым абрад выконвала адна група калядоўшчыкаў, але, бывала, яна абыходзіла некалькі вёсак. У гурце налічвалася ад 3—4 да 15—20 удзельнікаў.
На ролю Казы выбіралі звычайна найбольш спрытнага і рухавага хлопца, які валодаў артыстычнымі здольнасцямі. Вялікія патрабаванні прад'яўлялі і да выканаўцы ролі Дзеда, які вадзіў Казу і кантраляваў, накіроўваў увесь ход карнавальнага каляднага абраду.
У некаторых гуртах выбіралі кіраўніка, які абавязаны быў спытаць дазволу на выкананне абраду ў гаспадароў кожнай хаты. Спецыяльна прызначаўся Механоша, які хадзіў з мехам і збіраў туды ўсе дары для калядоўшчыкаў.
Замаскіраваных суправаджалі хлопцы, якія спявалі калядныя песні. Яны маглі быць у звычайным святочным мужчынскім адзенні або пераапранутымі ў жаночую вопратку, а таксама ў вобразах афіцэраў, цыганоў, абавязкова размалёўвалі сабе твар сажай, прыклейвалі вусы.
Паводле этнаграфічных дадзеных, у Мінскай губерні, напрыклад, некалькі маладых хлопцаў збіраліся ў хаце, пераважна маласямейнай, і прыбіралі Казу ў кажух, вывернуты поўсцю наверх.
Твар яе вымазвалі сажай і прымацоўвалі маску. На галаву надзявалі спецыяльную шапку, да якой прывязвалі ці прыклейвалі рогі, сплеценыя з лазы або саломы, давалі дугу, на якую тая садзілася вярхом.
З музыкай і бубнам
Вельмі распаўсюджанай была маска Мядзведзя. У рэгіёнах сустракаліся розныя яе варыянты. Мядзведзя прыбіралі ў два чорныя вывернутыя кажухі. Рукавы аднаго нацягвалі на рукі, другога — на ногі, ніз і крысы сшывалі ці падвязвалі вяроўкай. На галаве была чорная авечая шапка, твар вымазвалі сажай. Меліся ў яго ланцуг ці вяроўка. На вуліцы Мядзведзь ішоў на нагах, але ў хату ўваходзіў на карачках. З ім быў важак з доўгім кіем. Асаблівы атрыбут — музыка і бубен.На ролю Мядзведзя выбіралі звычайна дужых, вынослівых хлопцаў, якія б маглі хадзіць у такім шматкілаграмовым карнавальным касцюме ўсю ноч. Часта да спіны Мядзведзя прымацоўвалі дошку, каб павадыр мог мацней стукаць па ёй.
У калядным гурце мог быць і Жораў. Для яго на высокай палцы рабілі птушыную галаву, прымацоўвалі шырокае футра ці прасціну, пад якімі хаваўся хлопец. Жораў танцаваў, доўгай дзюбай біў гледачоў, смяшыў іх. Падобным да яго быў калядны персанаж Дзяцел.
Маскарадны касцюм даваў магчымасць змяніць людзям выгляд і рабіць усё тое, што ў паўсядзённым жыцці нельга. Гэты феномен уласцівы ўсім народам свету і прасочваецца ад палеаліту да нашых дзён.На Палессі сустракалася маска Тура, у іншых месцах — Быка (Каровы). Даследчыкі адносяць яе да архаічных, звязаных з культам пладавітасці. На Усходнім Палессі рабілі маску Ваўка, прычым імкнуліся дасягнуць сапраўднага падабенства. Увесь карнавальны касцюм ствараўся з адзення ці аўчыны шэрага колеру, прымацоўваўся хвост, на ногі — боты.
У гурце калядоўшчыкаў не абыходзілася без Лісы, апранутай у рыжую аўчыну з сапраўдным хвастом гэтай жывёлы і маскай на твары. Мог быць і Заяц, якому шылі шэра-белы касцюм, устаўлялі ў рот вялізныя зубы з бульбы, на галаву апраналі шапку. У Давід-Гарадку ўдзельнічала нават Карова. Яна была ў камбінезоне, на галаву прымацоўвалі ці сапраўдныя каровіны, ці вырабленыя з дрэва рогі, на рукі — капыты, на ногі — нязручны абутак, «каб хадзіла, як карова».
Дзед і Баба
У гуртах маскіраваных дзейнічалі і антрапаморфныя вобразы-маскі, якія часцей за ўсё былі парныя: Цыган і Цыганка, Дзед і Баба, Яўрэй і Яўрэйка, Пан і Паненка, Афіцэр і Маладзіца. Па сцэнарыі лічыліся «мужам і жонкай», таму ў іх былі дзеці — цыганяты, сыны і дачушкі. Не мелі пары Салдат, Доктар, Поп.Карнавальныя персанажы ўнутры гурту дзяліліся на «чыстыя» і «нячыстыя». Да першых належалі Шчодра (Шчадранец), Пан і Паненка, Афіцэр, цары, да другіх — Дзед, Баба, Чорт, Ведзьма, Смерць. Паводле этнаграфічных дадзеных, «чыстыя» маскі ў час абходу танцавалі, спявалі, паказвалі тэатралізаваныя сцэнкі, а нячыстыя рабілі шкоды, глупствы, смяшылі гледачоў.
Галоўная маска сярод антрапаморфных персанажаў — Дзед (Старац), які суправаджаў Казу або хадзіў у пары з Бабай.
Адметная рыса: заўсёды ў гурце маскіраваных калядоўшчыкаў прысутнічаў які-небудзь ваенны персанаж, які набываў канкрэтныя гістарычныя рысы ў залежнасці ад часу і мясцовасці. Паны, цары, каралі прадстаўлялі сацыяльны «верх», што характэрна для карнавальнай культуры шматлікіх народаў свету.
Абавязкова быў свой Доктар. Ён насіў белы халат, шапку з чырвоным крыжыкам, акуляры без шкла, зробленыя з дроту, і вялікую сумку праз плячо, у якой ляжалі таблеткі з бульбы або морквы, шпрыцы для вырывання зубоў, мікстура (гарэлка), што давала яму магчымасць імправізаваць і смяшыць прысутных.
Тэатраведы адносяць каларытную фігуру Доктара ў беларускім народным тэатры да канца XVIII стагоддзя і выказваюць меркаванне: першаасновай гэтага вобраза быў не герой, што прыйшоў з прафесійнай сцэны, а вандроўны Лекар, які бессаромна падманваў і абіраў народ.
Шчодра і Шчадранец
Калі ўсё неабходнае для выканання абрадавага абходу было зроблена, калядоўшчыкі з музыкай, смехам, песнямі выходзілі на вуліцу. Як правіла, яны пачыналі карнавальнае дзейства вечарам, «як сцямнее», і ішлі спачатку да найбольш заможнага гаспадара ў вёсцы або да мясцовага пана ці святара.Калядоўшчыкі пачыналі рытуальны абход з аднаго канца вуліцы і заканчвалі ў другім, не мінаючы ніводнай хаты ў вёсцы.У Падняпроўі і Усходнім Палессі напярэдадні Новага года прыбіралі Шчодру, роль якой выконвала ладная прыгожая дзяўчына. Сяброўкі апраналі яе ў лепшыя ўборы, на галаву ўскладвалі вянок з каляровай паперы і прывязвалі да яго столькі рознакаляровых стужак, што імі пакрывалася дзяўчына да пояса: «Трэба, каб Шчодра касматая была». Лічылася, што яна абавязкова зробіць новы год добрым і багатым. Убраўшы Шчодру, дзяўчаты на чале з ёй хадзілі па хатах, спяваючы спецыяльныя песні-шчадроўкі. Яны стараліся падабраць менавіта такія, каб па змесце падыходзілі да сям'і ці гаспадара, якім спяваліся.
У Магілёўскай губерні ў гурце галоўная роля адводзілася Шчадранцу — звычайна гэта быў дзяцюк высокага росту. Прыбіралі яго па-рознаму. Калі хацеў мець выгляд старога дзеда, то апраналі ў адзенне, абвешанае рознымі званочкамі, каляровымі рызманамі і доўгімі кудламі ўсялякага роду. На галаву — шапку з бліскучай паперы, на твар — маску з чырвонымі шчокамі і носам. З-пад шапкі тырчалі доўгія валасы з пянькі ці лёну, а на спіне — горб.
У многіх месцах Беларусі, завітаўшы ва ўсе сядзібы ў вёсцы, калядоўшчыкі выходзілі на перакрыжаванне дарог і там станавіліся ў кола, браліся за рукі і выконвалі танец-карагод з песняй: «Ой, калядачкі, а вярніцеся».
З народнага
Каляда прыйдзе — добры год будзе.Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць.
Чыю хату Каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе.
kuzmich@sb.by