Другі, Вялікі, або Сярэдні, Спас больш вядомы ў народзе як Яблычны, Іспас. Ён адзначаецца 19 жніўня. Праваслаўныя хрысціяне ў гэты дзень святкуюць Праабражэнне Гасподняе.
Фота з архіва «СБ»
Свята вельмі шануецца беларусамі. З ім заўсёды была звязана вялікая колькасць народных прымет. У гэты дзень у царкву неслі асвяціць яблыкі, а таксама грушы, слівы, агрэст, гарох, моркву, зеляніну. Адзначалі свята застоллем, пяклі пірагі, варылі яблычнае варэнне. Частавалі прысмакамі сяброў і суседзяў. Не забывалі аднесці дары лета і на магілы продкаў. Да Спаса садавіну новага ўраджаю, асабліва яблыкі, есці забаранялася.
Увогуле, яблыня ў славянскім фальклоры, абраднасці і вераваннях суадносіцца з самымі пазітыўнымі з’явамі ў жыцці — ростам, красаваннем, урадлівасцю, здароўем, шчасцем, прыгажосцю, любоўю.
Па легендзе на яблыні адпачывае Багародзіца, калі сыходзіць на зямлю, і таму жывыя яблыні нельга ссякаць. Як увасабленне сусветнага дрэва яблыня паўстае ў песенным фальклоры. Ва ўсходнеславянскіх казках яна выступае ў ролі цудоўнай памочніцы.
Яблыневае дрэва ў вясельных абрадах успрымаецца не толькі як сімвал красавання, прыгажосці, плоданашэння, але і як сімвал любові. Як сімвал самой дзяўчыны шлюбнага ўзросту ды і ўвогуле вяселля як абраду. Пра гэта сведчаць лірычныя і вясельныя песні, у эратычных сюжэтах якіх — зрыванне яблыкаў з яблыні, паліванне дрэва. Дарэчы, з яблыневых галінак дзяўчаты рабілі вяночкі, якія замянялі заручальныя пярсцёнкі.
Яблыня ў моўнай граматыцы — жаночага роду. Адсюль і паралель пладовага дрэва з сімвалам маці, а яблык — з нованароджанымі дзецьмі. Гэта сувязь замацавана ў замовах жанчынам на лёгкія роды: «Каштуеш яблык на яблыньцы. Яблынька, распусціся, а немаўля, пакажыся». Дзякуючы такім асацыяцыям пладовае дрэва трапіла і ў шматлікія абрады і магічныя рытуалы, звязаныя з працягам роду. Сутнасць іх у тым, каб далучыць дзіця да прыгажосці яблыні, да агульнай пазітыўнай аўры. Цяжарнай жанчыне рэкамендавалася глядзець на яблыню, каб дзіця было здаровае і румянае, а ў зімовы час — на яблыкі.
Да нашых часоў дайшоў звычай выліваць ваду пасля першага купання дзіцяці, а таксама пасля хрэсьбіннай купелі пад пладаносныя дрэвы, у тым ліку пад яблыню. Верылі, што тады дзіця вырасце шчаслівым і здаровым, як яблынька. Вядомы і такі рытуал: пры першых кроках дзіцяці маці «вымала» з зямлі сляды яго ступняў і закопвала іх пад яблыняй, «каб дзіця было прыгожым».
ПРЫМАЎКА
Прыйшоў Яблычны Спас — сыходзіць лета ад нас.
АД ПРАДЗЕДАЎ
♦ На Яблычны Спас прынята частаваць адзін аднаго садавінай і мёдам, хадзіць у госці ці запрашаць да сябе блізкіх людзей.
♦ На свята пякуць пірагі з начыннем з яблыкаў, а таксама памінаюць памерлых, пакідаючы на магілах яблыкі.
kuzmich@sb.by