![](/upload/iblock/774/774931329f9dd47734802f3983674ff2.jpg)
Кветкі на любы густ
Пераступаю парог — і разумею: тут быццам сабраны ўсе фарбы вясны. Адных цюльпанаў пятнаццаць гатункаў: белыя і ружовыя, чырвоныя і бардовыя, бэзавыя і махрыстыя. Аграном «Магілёўзелянбуда» Галіна Язерская не хавае, што стварыць такую прывабную карціну велічынёй у некалькі сотак няпроста. Ды і рыхтавацца да 8 Сакавіка кветкаводы пачынаюць задоўга да самой даты:
— Першыя цыбуліны цюльпанаў саджаем у скрыні з грунтам яшчэ ў кастрычніку. Патрэбны нейкі час, каб яны ўкараніліся, а потым тэмпературу зніжаем з мэтай «падмануць» расліну, каб тая «лічыла», што надышла зіма. Наступны этап — змена клімату на больш цёплы: у сярэднім у цяпліцах падтрымліваем градус каля 16—18. І, вядома, неабходную для росту цюльпанаў вільготнасць. Чакаем тры-чатыры тыдні, і кветкі нарэшце набываюць патрэбныя сілу і выгляд.
![](/upload/iblock/c58/c587e931262f0aa29c9091cf2c62a15f.jpg)
Каб рэгуляваць рост і захоўваць цюльпаны ў бутонах, кветкаводы пры неабходнасці зацяняюць іх альбо падкормліваюць мінераламі і вітамінамі. Зразаюць таксама загадзя — перад тым як парадаваць чарговага пакупніка, кветкі трэба адправіць на «сухое захоўванне» ў спецыяльную халадзільную камеру. «У гэтым сезоне першыя партыі цюльпанаў у магілёўскія крамы трапілі напярэдадні Дня закаханых — 14 лютага. Цяпер — чарга другой хвалі. Хоць і на кветкі існуе свая мода, попыт на цюльпаны не спадае ніколі. Тым больш што выбраць букет сёння можна на любы густ», — лічыць галоўны аграном прадпрыемства Крысціна Аўтушкова.
![](/upload/iblock/58b/58b9d15feceea32856515edc0948dc6d.jpg)
Арыгінальны сюрпрыз
Лёгкія, далікатныя і па-вясенняму непаўторныя кветкі для землякоў вырошчвае вялікая каманда раслінаводаў. Калектыў, падкрэсліваюць работнікі цяпліц, у іх стабільны. Выпадковыя людзі калі і прыходзяць, то надоўга не затрымліваюцца. А вось неабыякавыя, творчыя — застаюцца. Людміла Грыгор’ева і Жанна Караткова — адны з тых, хто ўносіць немалую лепту ў тое, каб градус станоўчых эмоцый у магіляўчан быў значна вышэйшы за сярэдні. Чым вельмі ганарацца:
— Дарыць добрыя эмоцыі людзям — што можа быць лепей? Ды мы і самі іх атрымліваем, назіраючы, як кветкі растуць.
![](/upload/iblock/f8c/f8cc51c31d2f7bc0c828007b2725c0b9.jpg)
Марына Дудкіна і Таццяна Сівапляс таксама прытрымліваюцца такога пункта гледжання. Якім кветкам аддаюць перавагу самі? Падабаецца, кажуць, усё, што вырошчваюць: архідэі і крокусы, фіялкі і кактусы, бягоніі і герберы. Кветкі ў гаршках, сцвярджаюць, — даволі арыгінальны сюрпрыз, які можна зрабіць любімай дзяўчыне, маці, сястры. Нездарма землякі ўсё часцей робяць выбар на карысць зялёных прэзентаў, якія і надвор’е ў доме могуць задаць, і водар на гады захаваць. Да слова, і цюльпаны — кветкі даволі ўстойлівыя. Пры добрым доглядзе прастаяць не менш за два тыдні. Трэба толькі час ад часу сцеблы падразаць і ваду мяняць.
![](/upload/iblock/a47/a474f1aeb892e6b60d84ecf478981b59.jpg)
— Першыя дні сакавіка, на жаль, былі не такімі сонечнымі, як хацелася, — прызнаецца Крысціна Аўтушкова. — Спадзяёмся, што нашы кветкі дапамогуць у нейкай меры кампенсаваць гэты недахоп. А яркае, сакавітае «праменне» ў вазе задасць асаблівы настрой не толькі на святочны дзень, але і на ўсю вясну і нават на ўвесь год.
![](/upload/iblock/da1/da1b4cc4385470b7c1ac082ff0925195.jpg)
markova@sb.by
Фота аўтара і Уладзіслава ЖЫГАДЛЫ.