Праваслаўныя хрысціяне рыхтуюцца да Вербнай нядзелі. Сёлета ўваход Хрыста ў Іерусалім святкуецца імі 17 красавіка — дата свята штогод мяняецца і залежыць ад Вялікадня. Католікі ж адзначылі Пальмавую нядзелю 10 красавіка і праз некалькі дзён ужо будуць святкаваць Вялікдзень.
Як сустракалі Вербную нядзелю нашы продкі? Прыносілі ў дом галінкі вярбы, ставілі іх у ваду, каб крыху распусціліся першыя лісточкі. Чаму менавіта вярбу неслі для асвячэння ў храм? Па-першае, пальмы ў нашай мясцовасці не растуць. Па-другое, менавіта вербы абуджаюцца вясной раней за іншыя дрэвы. Іх галінкі і сталі сімвалізаваць пальмавыя, якімі ў старажытнасці сустракалі Ісуса Хрыста пры ўваходзе ў Іерусалім.
Перад асвячэннем у храме вярбу ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі і стужкамі. Затым ужо асвячонымі галінкамі злёгку пастуквалі адзін аднаго па плячах і спіне. Лічылася, что пасля гэтага чалавек будзе здаровы ўвесь год. Пахлопвалі галінкамі і хатніх жывёл. Верылі, што вярба і вада, у якую яе ставілі дома, надзелены гаючымі ўласцівасцямі. У гэтай вадзе нават купалі малых дзетак.
Нашы продкі верылі, што вярба, асвячоная ў храме, здольная засцерагчы дом на працягу года ад усялякага зла. Яе клалі каля абразоў.
Вербная нядзеля праходзіць у час Вялікага посту, таму да стала рыхтаваліся посныя стравы. Усе дні тыдня напярэдадні Вялікадня называюцца вялікімі, яны нагадваюць пра пакуты Ісуса Хрыста, распяцце на крыжы і ўваскрэсенне.
Пачыналі прыбіраць хату. Асаблівае значэнне меў чацвер, калі ўсе рытуалы прысвячаліся менавіта ідэі ачышчэння, чысціні душы, цела і парадку жыццёвай прасторы. Таму і назву ён атрымаў — чысты. Надвор’е цяплом у красавіку не вылучаецца, аднак нашы продкі імкнуліся выкупацца або памыцца вадой з ракі ці возера, мыліся ў лазні. Рытуалы ачышчэння падкрэслівалі пераход да новага значнага перыяду — пачатку палявых работ. Таму час ад Вялікадня і называлі навалеццем.
А ў некаторых рэгіёнах Беларусі ўпрыгожвалі абрадавае дрэўца, звычайна елку. Упрыгожвалі дом яловымі галінкамі, абчэпленымі размаляванай яечнай шкарлупінай і рознакаляровымі стужкамі. Гэтыя галінкі ўспрымаліся як абярэг. Пасля свята іх прымацоўвалі пад страхой хаты або спальвалі ў печы.
Навалецце стараліся сустрэць у новай вопратцы. Адметна, што ва ўяўленнях продкаў душы памерлых сваякоў на Вялікдзень таксама мелі патрэбу ў абноўках. Для іх шылі фартушкі, стужкі і прывязвалі да крыжоў, якія ўстанаўлівалі на скрыжаваннях дарог або ў пачатку населенага пункта. Гэтая традыцыя ў многіх рэгіёнах Беларусі захавалася і ў наш час.
НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ НА ВЕРБНІЦУ
♦ Ясна і цёпла — будзе вялікі ўраджай садавіны.
♦ Калі дзьме вецер, то і ўсё лета будзе з вятрамі.
ЗАМОВА
Будзь такім жа моцным, як вярба, такім жа здаровым, як яе карані, і такім жа багатым, як зямля!
kuzmich@sb.by
Познаем Беларусь: в Вербное воскресенье наши предки украшали дом еловыми ветками и яичной скорлупой
Рыхтуемся да навалецця
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Алексей БИБИКОВ