Рыбныя «Дажынкі»

У  нас шмат рэк і азёр, таму і рыба здаўна карміла нашых продкаў. Сёння яна таксама карыстаецца попытам, да таго ж медыкі рэкамендуюць ужываць яе не радзей двух разоў на тыдзень. Нездарма на рыбных кірмашах, якія прадоўжацца амаль да Новага года, заўсёды вялікая колькасць пакупнікоў. А “плыве” рыба сюды з розных куткоў краіны — у Беларусі яе развядзеннем і лоўляй займаюцца больш за 300 прадпрыемстваў, у тым ліку амаль 20 рыбных гаспадарак. З кожным годам вытворчасць рыбы расце. 


Да прыкладу, у 2016-м яе было вылаўлена 19 тысяч тон, у тым ліку 11,3 тысячы тон прамысловым спосабам — на 5 працэнтаў больш, чым годам раней.

Ну а лістапад традыцыйна — час рыбных “дажынак”. У гэтую пару ў рыбгасах завяршаецца масавы аблоў рыбы. Праца ў рыбакоў цяжкая, у асноўным ручная. Яны цягнуць доўгія невады, ідуць па пояс у халоднай вадзе, заганяюць рыбу ў сетку. А ў час аблову працуюць начамі, без выхадных. Таму ў рыбаводы бяруць пераважна мужчын. Прынамсі, так прынята ў доследным рыбгасе “Белае” Жыткавіцкага раёна: і для зарыблення штучных азёр, якое праходзіць вясною, і для кармлення рыбы, і асабліва для восеньскага аблову створаны дзве брыгады, у якіх працуюць выключна мужчыны. Яны падтрымліваюць у спраўнасці вялікую гідралагічную сістэму — жалезабетонныя шлюзы і болей за сорак сажалак для нерасту і нагульныя. Да маразоў трэба перамясціць у зімавальныя сажалкі ўсю рыбу. Гэты рыбгас, гісторыя якога пачыналася яшчэ да рэвалюцыі, сёння нацэлены на атрыманне таварнай рыбы, ён спецыялізуецца на вырошчванні карпа, карася, таўсталобіка, белага амура, шчупака, сома. А ў апошні час тут разводзяць і асятра. Па разліках спецыялістаў, сёлета блакітная ніва гаспадаркі павінна даць немалы “ўраджай” — амаль 400 тонн рыбы.


Па тэхналогіі аблову ў рыбгасе ваду з кожнай сажалкі спускаюць — на гэта патрабуецца амаль два тыдні. І калі вада застаецца толькі ў руславым канале, у якім назапашваецца сажалкавая рыба, пачынаецца самая цяжкая і адказная праца. Каб паскорыць працэс, на ніжнім шлюзе ваду адкачваюць помпамі. Рыба збіраецца каля застаўкі — у гэтым месцы і шчыруюць рыбакі. Яны апранаюць прагумаваныя камбінезоны, заходзяць у шлюзавую камеру і чэрпаюць сачкамі рыбу, напаўняючы жалезны кош. Лябёдка падымае яго наверх — на кузаў машыны альбо прыцэп трактара, прыладжаны пад вялікае карыта, і ў ім рыба транспартуецца ў сартыравальны цэх альбо ў зімавальны басейн.

Пасля аблову апошняй сажалкі наступае час, калі можна сушыць сеткі. Да вясны. А тым, хто жадае пакаштаваць свежую рыбу, раім наведаць бліжэйшы кірмаш.

Людміла Мінкевіч, Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter