Акрамя таго, Сапуноў быў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў унікальную бібліятэку, многія кнігі з якой перадаў у фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка).
Цікавасць менавіта да Віцебшчыны невыпадковая. Аляксей Сапуноў яе ўраджэнец. Ён нарадзіўся 15 сакавіка 1851 года ў праваслаўнай купецкай сям'і ў мястэчку Усвяты Веліжскага павета Віцебскай губерні. У памяць аб карпатлівым даследчыку, 170-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета, у Нацыянальнай бібліятэцы сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і пры ўдзеле Нацыянальнага архіва арганізавалі экспазіцыю «Руплівец беларускай даўніны». На выставе, якая размясцілася ў Музеі кнігі, прадстаўлены біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі гісторыка, перапіска Аляксея Сапунова з іншымі даследчыкамі, рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны» і іншых работ. Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі, паведамляе nlb.by, — рукапіс «Гісторыі г. Віцебска», якая, на жаль, так і не была выдадзена. Наведаць выставу і бліжэй пазнаёміцца з асобай Аляксея Сапунова можна да 2 мая.
mila@sb.by