Мікалай Чырко
Зусім трохі не дажыў наш сябар да юбілею. Нарадзіўся ж Мікалай Сцяпанавіч 23 красавіка 1948 года у вёсцы Дзераўная Драгічынскага раёна Брэстчыны. Пасля заканчэння Брэсцкага радыётэхнікума (1966) быў размеркаваны на Куйбышаўскі ракетабудаўнічы завод “Прогресс” — там і працаваў па 1988 год начальнікам цэха, на іншых пасадах. Потым два гады быў намеснікам гендырэктара вытворчага аб’яднання “Экран”, у 1990-91-м — намеснікам гендырэктара ВА “Красный молот” у горадзе Грозным, а ў 1992-94-м — прадстаўніком ВА “Кагалымнефтегаз”. Калі ж спатрэбіліся новыя веды, наш супляменнік у 1995-96 гадах вучыўся ў Пляханаўскай акадэміі народнай гаспадаркі, пасля яе заканчэння працаваў старшынёй праўлення Аган-банка, затым перайшоў у прадстаўніцтва “РАО ЕЭС России” ў Самары.
З 2001-га Мікалай Сцяпанавіч быў у шэрагах актывістаў суполкі, у 2003 годзе на агульным сходзе абраны яе віцэ-прэзідэнтам. З разуменнем ставіліся да ягонай грамадскай дзейнасці жонка, Галіна Аляксандраўна, дачка Таццяна (у замужжы Няфёдава), якая нарадзіла Мікалаю Сцяпанавічу дваіх ўнукаў. Сам жа ён захапляўся паляваннем, рыбалкай, любіў працаваць на дачным участку.
Не забываў Мікалай Чырко свае родавыя карані, родную вёску Дзераўная: пад Антопалем, у Іменінскім сельсавеце. Пра тое, што сын мясцовай настаўніцы пачатковых класаў прыязджае з Расіі дадому разам з жонкаю, дачкою, унукамі — пабываць на магілах бацькоў, наведаць родзічаў і блізкіх — пісала райгазета “Драгічынскі веснік”. У Дзетавіцкай сярэдняй школе, што за 6 км ад Дзераўной, Мікалай Чырко заканчваў старэйшыя класы. “Бацька Мікалая працаваў брыгадзірам-агароднікам у тагачасным калгасе “Радзіма”, і сын часта дапамагаў яму”, — пісала пра земляка ў газеце Ніна Клапоць, ветэран педагагічнай працы з вёскі Дзераўная.
Праўленне і сябры Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”
Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF