Род. Радзіма. Радавод

У беларускіх суполак замежжа цяпер ёсць магчымасць атрымаць у дар ад даследчыка беларускіх радаводаў, пісьменніка Анатоля Статкевіча-Чабаганава яго ўнікальныя кнігі Пра кнігі, самога аўтара мы расказалі чытачам “Голасу Радзімы”. Знаходзіліся нагоды з розных ракурсаў паглядзець на плён працы стваральніка тамоў “Я — сын Ваш”. Нагадаю, першы том серыі “Летапіс беларускай шляхты” летась быў адзначаны дыпломам І ступені на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”. Прэмію ўсебеларускага конкурсу “Лепшая кніга года” ў намінацыі “Краязнаўства” і статуэтку “Залатога купідона” Анатоль Статкевіч-Чабаганаў атрымаў у Глыбокім, у Дзень беларускага пісьменства. У лістападзе з Масквы, з конкурсу “Асвета праз кнігу”, вярнуўся са спецыяльным прызам і дыпломам.
Кнігі — дар ад пісьменніка — атрымлівае суайчынніца з Новасібірска Людміла ШчаслівенкаУ беларускіх суполак замежжа цяпер ёсць магчымасць атрымаць у дар ад даследчыка беларускіх радаводаў, пісьменніка Анатоля Статкевіча-Чабаганава яго ўнікальныя кнігі
Пра кнігі, самога аўтара мы расказалі чытачам “Голасу Радзімы”. Знаходзіліся нагоды з розных ракурсаў паглядзець на плён працы стваральніка тамоў “Я — сын Ваш”. Нагадаю, першы том серыі “Летапіс беларускай шляхты” летась быў адзначаны дыпломам І ступені на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”. Прэмію ўсебеларускага конкурсу “Лепшая кніга года” ў намінацыі “Краязнаўства” і статуэтку “Залатога купідона” Анатоль Статкевіч-Чабаганаў атрымаў у Глыбокім, у Дзень беларускага пісьменства. У лістападзе з Масквы, з конкурсу “Асвета праз кнігу”, вярнуўся са спецыяльным прызам і дыпломам.
Яшчэ былі ганаровыя граматы, узнагароды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Міністэрства культуры… Пад канец Года кнігі Мінінфармацыі ўшанавала яго як “Мецэната кнігі”. А сёлета калі ўручаліся прэміі “За духоўнае адраджэнне”, Анатоль Статкевіч-Чабаганаў атрымаў спецыяльную прэмію “за стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг “Я — сын Ваш”. Цяпер нярэдка праходзяць сумесныя акцыі пісьменніка з Міжнародным дабрачынным фондам “Сям’я — Яднанне — Айчына”, з Беларускім саюзам пісьменнікаў ён удзельнічаў у акцыі “Чытаем разам — чытаем па-беларуску” на роднай Любаншчыне, выступаў на шэрагу навуковых канферэнцый як у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Магілёве, так і ў глыбінцы — у Жыровічах, Капылі…
Няцяжка пераканацца: даследчык не проста “збірае ўраджай” грамадскага прызнання, выдаючы скарбы, назбіраныя больш чым за два дзесяцігоддзі. Ён, вяртаючы з забыцця імёны продкаў, паказвае, як важна ў жыцці шукаць кампрамісы, не дзяліць людзей “на сваіх і чужых”. Унук рэпрэсаванага і расстралянага ў 1930-м (рэабілітаваны ў 1989 годзе) шляхціца з Любаншчыны Міхаіла Статкевіча і сын партызанскага камандзіра Васіля Чабаганава ўпарта даводзіць чытачам: на гісторыю Айчыны варта глядзець непалітызавана, праз людзей канкрэтнага рода — тады ў свеце будзе менш канфліктаў. Бо многія з нас, асабліва калі доўга жывем у пэўнай мясцовасці, аказваюцца сваякамі ці нават раднёй. “Без мінулага няма будучыні!” — лічыць Анатоль Статкевіч-Чабаганаў і, як трапна заўважыў паэт Мікола Мятліцкі, усё глыбей і шырэй вядзе “Айчыны радавод”. Пры тым яшчэ і шмат робіць, каб абудзіць у грамадстве цікавасць да мінуўшчыны, пошукаў у архівах радаводных каранёў.
Цяпер кнігі “Я — сын Ваш”, выданне якіх прадаўжаецца, змогуць атрымаць ад аўтара ў дар і актыўныя беларускія суполкі замежжа. Дарэчы, летась у кастрычніку на нарадзе ў пасольстве Беларусі ў Расіі я па просьбе Анатоля Васільевіча перадаў яго кнігі ў дар бібліятэцы Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра, які пры пасольстве ствараецца. І ўжо тады некаторыя з лідараў суполак падыходзілі, пыталі: а ці можна было б такія кнігі і нам — у Іркуцк, Барнаул… Беларусаў, дарэчы, у расійскіх рэгіёнах сотні тысяч, многія цікавяцца сваімі радаводамі. Пра тое, што кнігі серыі “Летапіс беларускай шляхты” могуць вельмі паспрыяць у наладжванні як родавых, так і духоўных сувязяў з Бацькаўшчынай, гутарыў і сам даследчык з прадстаўнікамі беларускага пасольства, якія наведвалі на пачатку лістапада беларускі стэнд на выставе ў маскоўскім Манежы. А з прадстаўнікоў дыяспары ўпершыню з рук аўтара кнігі атрымала актывіста Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў імя святой Еўфрасінні Полацкай з Новасібірска Людміла Шчаслівенка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Анатоль Васільевіч з увагай паставіўся да нашай прапановы: дарыць свае кнігі ў іншыя беларускія суполкі за мяжой. “Думаю, супрацоўніцтва можа атрымацца вельмі карысным, — разважыў ён. — У актыве суполках працуюць людзі, якія самі цікавяцца радаводнымі каранямі ды змогуць зрабіць так, каб кнігі не пыліліся незапатрабаванымі на паліцах. Важна, каб выданні “працавалі” на добрую справу: дапамагалі землякам ладзіць сувязь з Бацькаўшчынай. І падштурхоўвалі да пошукаў родзічаў. Думаю, знаходак будзе нямала”.
Нагадаем, кнігі шматтомнай серыі выходзяць па-руску і па-беларуску. Найбольш інфармацыі пра сваіх сваякоў і родзічаў у іх змогуць ужо цяпер знайсці людзі з прозвішчамі Статкевіч, Сацкевіч-Статкевіч, Карафа-Корбут (усе — том І), Казанкін (т. ІІ), Некрашэвіч, Татур, Сеўрук, Кернажыцкі, Маствіловіч (т. ІІІ) і Казановіч (т. ІV). Варта памятаць: у кожным з тамоў ёсць і вялізныя паказальнікі на сотні прозвішчаў і геаграфічных назваў, што сустракаюцца ў тэкстах.
Глядзіце, гартайце, шукайце прозвішчы, назвы населеных пунктаў знаёмыя і блізкія. Каму цікава пасупрацоўнічаць з пісьменнікам, хто жадаў бы з часам атрымаць ад Анатоля Статкевіча-Чабаганава ў бібліятэкі суполак яго кнігі, знаходзячыся ў Мінску сам ці з іншай аказіяй — пішыце на наш электронны адрас з паметкай “Я сын Ваш”.

Іван Ждановіч

На здымку:
Кнігі — дар ад пісьменніка — атрымлівае суайчынніца з Новасібірска Людміла Шчаслівенка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter