Юныя артысты беларускіх гуртоў на святочнай сцэне ў Тальяці
І яны-такі парадавалі сваім майстэрствам сяброў, бацькоў і гасцей! Пад мелодыю вальса праграму ў танцавальнай зале адкрыў харэаграфічны калектыў з Палаца дзіцячай і юнацкай творчасці. А потым надышла і наша, беларуская пара. З новым рэпертуарам выступалі народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” і дзіцячы ансамбль “Зорачкi” . Новыя песні, новыя прыгожыя твары, цудоўныя маладыя галасы закранулі сэрцы гледачоў. Напрыклад, песня “Купалiнка” — якая ўжо даўно стала візітнай карткай ансамбля — была выканана ў новай пастаноўцы. І вясёлую песню “Падружанькi” салісткі Вольга Мачалава і Алена Марозава падалі так, што гледачы былі ў захапленні. А песня “Лявонiха” падахвоціла танцаваць не толькі выканаўцаў — і з іншых калектываў артысты падключыліся. А потым да слёз кранула ўсіх песня пра Хатынь “Да цябе, Беларусь”.
Закончылі нашы гурты свой блок выступленняў песняй пра Тальяці “Горад маёй мары” — яе аўтар Юрый Андрушын. Цёпла прымалі нас гледачы! А яшчэ на свяце выступалі артысты з эстрадна-джазавай студыі “Вакаліст”, юны спявак Інтыгам Абдулаеў, танцавальны гурт “Маруся”. Так што свята ўдалося.
Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF