Стабальнікі мінулага года падзяліліся сакрэтамі, як прайсці ЦТ на выдатна

Раскрыліся па поўнай

Цяперашнім абітурыентам не трэба нагадваць — яны добра ведаюць: ЦТ блізка. Рэгістрацыя вось-вось скончыцца — 1 чэрвеня, а таму рыхтуюцца да цэнтралiзаванага тэсцiравання старанна. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася аб сакрэтах стабальнікаў мінулага года, якія паступілі на бюджэт на тыя спецыяльнасці, на якія хацелі.

Паступленне ў ВНУ — вельмі важны этап у жыцці выпускніка школы ці таго, хто жадае атрымаць яшчэ адну адукацыю. Сёлета камусьці пашанцавала — абыдзецца без бяссонных начэй: сертыфікаты ЦТ-2017 можна выкарыстоўваць пры паступленні ў ВНУ і ў гэтым годзе. Прытым можна здаць ЦТ яшчэ раз і параўнаць вынікі абодвух, выбраць лепшыя з іх. Але гэта не ўсе навацыі. У гэтым годзе скарэкціраваны і парогавыя значэнні па першым профільным прадмеце — павялічаны на пяць балаў. На гэта таксама трэба звярнуць увагу сёлета. 

А як умудрыцца падрыхтавацца так, каб добра здаць? На гэтае пытанне нам адказалі першакурснікі, якія летась атрымалі 100 балаў. 

Улад Кукоба скончыў гімназію №10 Мінска. Кажа, рыхтаваўся да ЦТ увесь 11-ы клас:

— Хацеў паступіць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ — мару ажыццявіў. ЦТ па фізіцы здаў на 100 балаў, матэматыку — на 89, а рускую мову — на 83. Дакладна скажу, што да ЦТ трэба рыхтавацца загадзя. Сістэматычна. Тое, што было на рэпетыцыйным тэсціраванні, было і на ЦТ. Галоўны сакрэт поспеху — калі любіш прадмет, то ўсё добра і атрымаецца.

Маргарыта Мілінкевіч з Гродна здала матэматыку на 100 балаў, фізіку — на 92, рускую мову — на 88:

— Рыхтавалася ўвесь апошні клас, але ўзмоцнена — за тры месяцы да ЦТ. Было ўсякае, у тым ліку бяссонныя ночы. Па рускай мове быў рэпетытар, па фізіцы няшмат хадзіла да рэпетытара. Матэматыку рыхтавала самастойна. У мяне была мэта паступіць на бюджэт — я яе дамаглася, хоць і не думала, што так высока здам ЦТ. Дапамаглі вельмі тэсты мінулых гадоў. Я шмат рашала, рашала, рашала іх… Раю! Яшчэ важна не перахвалявацца. Больш за ўсё мне было страшна на рускай мове — горшым быў і вынік, — рэзюмуе першакурсніца факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР. Дарэчы, яе аднакурснік Уладзімір Харытонаў здаў два прадметы на сто! Фізіку і матэматыку. Па рускай мове атрымаў 94 балы. Усё гэта без рэпетытараў.

— Я вучыўся ў мінскім ліцэі №1. Там моцны выкладчыцкі склад, які і дапамог здаць на такі вынік. На рэпетыцыйным тэсціраванні, праўда, балы былі меншыя. Але я не хваляваўся: галоўнае, было зразумець, дзе і што не так. Вывучыць, выправіць і выкарыстаць.

Дзяўчына з цікавым імем Раксана Зарэі здала хімію на 100 балаў. Біялогію — на 96, а рускую мову — на 92. Цяпер яна вучыцца на бюджэце на факультэце лячэбнай справы ў БДМУ. Будучы ўрач расказала свае сакрэты поспеху:

— Рэпетытараў у мяне не было. Да ЦТ пачала рыхтавацца толькі ў 11-м класе. На тэсціраванні хвалявалася. Нават спецыяльна апранула вопратку, у якой мне больш за ўсё шанцуе, — смяецца Раксана. — Галоўная выснова: рыхтавацца не ў апошні момант. Некаторыя знаёмыя пачалі падрыхтоўку вясной і не паступілі туды, куды хацелі. Таму што здужаць усё за пару месяцаў немагчыма.

Сяргей Нядзведскі, які вучыцца ў БДУІР, падтрымлівае Раксану. Ён, дарэчы, па матэматыцы на ЦТ набраў 100 балаў, па фізіцы — 94, па рускай і беларускай мовах— 76 і 73 адпаведна.

— Галоўнае — рашаць заданні, трэніравацца. Лепш кожны дзень па гадзіне, чым адзін раз у тыдзень, але цэлы дзень. Трэба ствараць умовы, як на ЦТ. Там даюць пэўны час, каб рашыць, вы і дома так паспрабуйце. Каб потым было камфортна і вы зразумелі, як усё будзе.

КАМПЕТЭНТНА

Юрый МІКСЮК, дырэктар УА «Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў»:

— На дадзены момант ужо зарэгістравана 59 433 жадаючыя здаць цэнтралізаванае тэсці-раванне. Што тычыцца падрыхтоўкі да ЦТ, то падтрымаю стабальнікаў. Сапраўды, трэба на сістэмнай аснове рыхтавацца. Цяпер мноства магчымасцей рабіць гэта самастойна: зборнікі ЦТ розных гадоў, РТ, кнігі, падручнікі, тэсты... Кожны год колькасць тых, хто паспяхова здае тэсціраванне, расце. ЦТ — гэта форма вызначэння ўзроўню ведаў. Як і да любога экзамену, да тэсціравання трэба падрыхтавацца, усё паўтарыць, а на РТ — убачыць свае прабелы і ліквідаваць іх. Нагадаю, што важна не парушаць правілы правядзення ЦТ. Ні ў якім разе не браць шпаргалкі, не выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны. Перад ЦТ варта добра адпачыць, набрацца сіл. Не варта моцна хвалявацца, але і не трэба расслабляцца — трымайце сябе ў тонусе. Поспехаў!

kasel@sb.by 

Фота з архіва герояў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter