Юбiлей класiка: якім быў Якуб Колас у звычайным побытавым жыцці

Раскрыўся ў поўны Колас

Якуб КОЛАС, 1926 год.
Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. Народны паэт Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры, пясняр — гэтыя словы даўно і заслужана сталі неаддзельнымі ад яго імя. Са школьных гадоў мы вывучаем біяграфію і творы Коласа, але няшмат ведаем, якім ён быў у звычайным, побытавым, сямейным жыцці.

Пра гэта мы некалі гаварылі з малодшым сынам пісьменніка, доктарам тэхнічных навук Міхасём Канстанцінавічам Міцкевічам. Ніжэй — некалькі ўрыўкаў з яго ўспамінаў пра бацьку.

Пра юбілеі

— Шчыра сказаць, адзначаць юбілеі Колас не вельмі любіў, бо быў чалавекам даволі замкнёным, не надта гаваркім. Але, канечне, у сям’і святы адзначалі, віноўніка ўшаноўвалі. Памятаю, як у 1952-м на бацькава 70-годдзе сабралася шмат гасцей, пісьменнікаў. Мы са старэйшым братам заказалі да стала вялікі торт, які быў зроблены ў выглядзе рыбаковай хаты. Так належала згодна з нашай задумкай – у гонар Коласа-юбіляра, аўтара аднайменнай паэмы. Прыгажосць атрымалася неймаверная! Нават парушаць – есці – шкада было. Скамандаваў, здаецца, Максім Танк. Звяртаючыся да Міхася Лынькова, які ў тыя часы быў членам дэлегацыі БССР у ААН і ўжо пабываў у Амерыцы, жартуючы, сказаў: «Ну што, Міхал Ціханавіч, ці не пара нам «кінуць атамную бомбу» на гэтую «хату» ды пакаштаваць?» Памятаю і яшчэ адну святочную вячэру. І таксама торт з сэнсам. У 1938-м, калі сваё сярэбранае вяселле адзначалі маці з бацькам. Я быў яшчэ малы, а старэйшыя браты заказалі торт у выглядзе разгорнутай кнігі з надпісам «Пінск, 1913 – Мінск, 1938». Між іншым, каб яго зрабіць, ім давялося цэлае супраціўленне вытрымаць. Кандытар сумняваўся і вельмі хваляваўся: ці можна такое пісаць, бо Пінск – гэта ж Польшча! З той сямейнай вячэры мне на ўсё жыццё запомніліся словы сярэдняга брата Юркі, які падзякаваў бацькам, што мы, дзеці, ні разу не пачулі, каб яны сварыліся.

Пра выхаванне

— Нас было трое братоў. Старэйшы Даніла, ён стаў выдатным вучоным, хімікам-арганікам. Сярэдні Юрка, ён марыў стаць настаўнікам, скончыў геафак якраз перад вайной, збіраўся ехаць працаваць у школу, але яго адразу забралі ў армію. Атрымалі ад яго некалькі пісьмаў з-пад Смаленска, а пасля ён знік без вестак у 1941-м. Ну і я, малодшы. Скончыў калісьці політэхнічны інстытут, мая спецыялізацыя і справа, якой займаўся ўсё жыццё, — электрафізічныя метады апрацоўкі металаў.

Вучыліся мы ўсе нядрэнна, але маці ўсё роўна сачыла, каб не было на нас нараканняў у школе. Яна была жанчынай сардэчнай, але і даволі строгай. Напрыклад, у адзінаццаць вечара брамка зачынялася, усе павінны былі быць дома.

Бацька нашай вучобай цікавіўся менш. Практычна ўвесь час аддаваў пісьменніцкай працы. Уставаў рана, рабіў такія-сякія гаспадарчыя справы: дровы прынясе, у доме было пячное ацяпленне, дарожкі зімой пачысціць і садзіцца працаваць да абеду. Пасля – адна-дзве гадзіны сну, і зноў за пісьмовы стол.

Рабочы кабінет Якуба КОЛАСА ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі пісьменніка

У выхаванні Колас, мяркуючы па ўсім, быў паклоннікам Ушынскага і жорсткіх мер не прызнаваў. Канешне, калі-нікалі мог на нас па-бацькоўску пасварыцца. Але каб біць – такога не было. Дый не было, бадай, за што. Бацьку мы ўсе вельмі паважалі, разумелі, што ён вядомы чалавек, пісьменнік. Уласна я, як скончыў школу, усё жыццё імкнуўся паводзіць сябе так, каб не кінуць цень на бацьку, не запляміць яго імя, хоць ніколі і не афішыраваў, што мой бацька – Колас.

Пра чуткі

— Вакол знакамітых асоб заўсёды з’яўляецца шмат чутак. Але ж выдумлялі тое, чаго не было, і я не магу з гэтым пагадзіцца. У доме Коласа нельга было нават падумаць, каб схлусiць, сказаць няпраўду. Напрыклад, неяк чытаў, быццам у пасляваенны час Колас паехаў у магазін, там у яго сцягнулі кашалёк, дык ён вельмі дзівіўся, што гэта некаму магло спатрэбіцца. І быццам злодзей, даведаўшыся, хто пацярпеў, той кашалёк вярнуў. Выдумка – ад пачатку да канца! У тыя гады Колас у магазіны сам не заходзіў. Калі якая дробязь была патрэбна, шафёра свайго пасылаў, пра прадукты дамачадцы клапаціліся-куплялі.

Якуб КОЛАС з сям'ёй, 1928 год.

Ці былі гаворкі, быццам Колас быў чалавекам скупаватым. Але я сказаў бы, што хутчэй – дбайным гаспадаром, які ўмеў лічыць грошы. Калі ж трэба было дапамагчы, ніколі не адмаўляў. Неяк адвёз мяне з сябрам на паляванне, на тры дні ў вёску да знаёмага дзеда Яўхіма. Дамовіліся, што пасля забярэ нас назад. Але так атрымалася, што ў прызначаны дзень мы вярнуліся з лесу позна. Колас нас ужо чакаў, з гаспадаром паспелі і па чарцы ўзяць. Разгаварыліcя, і дзед паскардзіўся на сваю бяду – карова здохла. Колас спытаў, колькі каштуе карова, даведаўся, што тры тысячы, а праз тыдзень сам прывёз дзеду грошы. Наогул, пасля вайны да Коласа мяхі пісем прыходзілі з просьбамі дапамагчы, і ён грошы пасылаў, іншы раз і немалыя – і блізкім, і зусім незнаёмым. Наогул, ён быў вельмі сціплы чалавек. Беларус такога сялянскага выхавання, які ніколі са сваім уласным «я» наперад не палезе. Сціпласць была адной з асаблівых рыс яго характару, іншы раз, можа, і залішняя.

У ТЭМУ

• Зборнік вершаў Якуба Коласа пабываў у космасе, яго браў з сабой у палёт у 1975 годзе першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. Памер выдання — 8,5х7 см, кніга была выпушчана ў 1972 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння песняра.

• Якуб Колас праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Ён выдаткоўваў грошы для падтрымкі таленавітых маладых людзей, якія толькі пачыналі свой творчы шлях. Так, невядомаму студэнту Заіру Азгуру Колас у свой час плаціў яшчэ і асабістую стыпендыю. Юнак стаў знакамітым скульптарам, народным мастаком СССР.

• На працягу жыцця Якуб Колас меў 6 аўтамабіляў: ГАЗ М-1 (1936—1939 гг.), «Шаўрале» (1939—1941 гг.), «Опель-Алімпія» (1944—1947 гг.), «Опель-Адмірал» (1947—1954 гг.), ГАЗ М-20 (1953—1956 гг.), ЗІМ (1955—1956 гг.), але ніколі не сядзеў за рулём.

• У дзень сваёй смерці Якуб Колас напісаў ліст у кіраўніцтва партыі, дзе выказаў сваю занепакоенасць станам беларускай мовы. Прадказаў яе заняпад, калі не будуць прыняты меры. Прапанаваў спосабы абароны роднай мовы. Гэта адбылося ўсяго за некалькі гадзін да таго, як спы-нілася яго сэрца.

• Нашчадкі Якуба Коласа па жаночай лініі не мяняюць прозвішча Міцкевіч, выходзячы замуж. Такая традыцыя — даніна памяці продкам.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter