В Березовском районе военные создали музей, где можно потрогать все экспонаты

Рарытэты з Броннай Гары

Цi знойдзеце вы ў нашай краiне музей, куды пускаюць толькi рэзiдэнтаў Беларусi? Толькi па пашпарце i з выдачай пропуска? Падказка: гэта музей на тэрыторыi 46-га арсенала ракет i боепрыпасаў у вёсцы Бронная Гара Бярозаўскага раёна. Ён створаны ў канцы 2014 года па iнiцыятыве на той час камандзiра вайсковай часткi палкоўнiка Сяргея Лазоўскага i размясцiўся ў былой афiцэрскай сталовай. У залах больш за 200 экспанатаў, якiя раскажуць пра гiсторыю вёскi, страшную старонку краю — Халакост — i, безумоўна, пра порах i зброю. Музей з нямногiх, дзе дазваляецца ўсё чапаць рукамi!

У музеi вас сустрэнуць два рыцары, зробленыя з гiльз.

Людмiла Сiманько — загадчыца салдацкага клуба. Пад яе апекай i музей. Яна ж экскурсавод. Першы экспанат, на якi звяртае нашу ўвагу Людмiла Васiльеўна, — рарытэтны насценны тэлефон. Такiя да 1992 года стаялi ў сховiшчах з ядзернымi боегалоўкамi. I ён працуе! 

— А як жа iнакш? Гэта ж вайсковая частка, у нас усё ў баявой гатоўнасцi, — смяецца наша субяседнiца. — Рэдка якi дарослы не возьме цяжкую тэлефонную трубку ў руку. Цiкава ж! У нас усё можна чапаць, з розных бакоў разглядваць — мы дазваляем.

Людмiла Сiманько лiчыць, што ў музеi варта пабываць кожнаму школьнiку, як мiнiмум, з Бярозаўскага раёна.

На ўваходзе ў музей — два волаты, выразаныя з дрэва, i два рыцары, зробленыя з гiльз. Па легендзе, сваю назву гара — самая высокая кропка над узроўнем мора ў Бярозаўскiм раёне — атрымала цi таму, што нейкi воiн згубiў сваю браню, цi таму, што былi тут некалi баi i плавiлася браня. Як бы там нi было, але з гэтай мясцовасцю, якую моладзь называе Бронкай, сапраўды звязана ваенная гiсторыя. 

У XVIII стагоддзi па ўказе Кацярыны II на Броннай Гары размяшчаўся арсенал армii Расiйскай iмперыi — склад ядзер i пораху. Потым да 1939 года тут знаходзiўся склад боепрыпасаў польскай армii. З канца 1939 года да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны — артсклады Заходняй асобай ваеннай акругi i танкавы полк.

На стэндах ў першай зале музея можна ўбачыць мноства элементаў узбраення.

Падчас Вялiкай Айчыннай вайны гiтлераўцы стварылi ля вёскi «фабрыку смерцi» — расстралялi i спалiлi каля 50 тысяч чалавек. У 1945 годзе на Броннай Гары быў зборна-перасыльны пункт. Праз яго прайшло больш за 45 тысяч мiрных грамадзян, якiя вярталiся ў Савецкi Саюз з Германii i краiн — саюзнiц Германii. Потым тут была цэнтральная артбаза боепрыпасаў Мiнабароны СССР. А зараз дыслацыруецца 46-ы арсенал Узброеных Сiл Беларусi. 

Не дзiва, што на стэндах у першай зале музея можна ўбачыць мноства элементаў узбраення. Усе экспанаты знойдзены ў вёсцы i ваколiцах. Сярод найцiкавейшых — ядры розных дзюймаў, свiнцовыя кулi, кулi ад вiнтоўкi, налобная пласцiна салдат часоў Першай сусветнай, ручная граната з керамiкi вытворчасцi блакаднага Ленiнграда, боепрыпасы з польскага склада, нямецкiя боепрыпасы, рэканструiраваны кулямёт «Максiм» на тачанцы, крыло самалёта, якi, збiты, патануў у Выганашчанскiх балотах, гiльзы, футляры для процiвагаза, штык-нож, бiнокль...

А ў гэтай зале раскажуць пра порах i пакажуць боепрыпасы рознага часу.

— У 2015 годзе рабiлi рамонт адмосткi штаба, дык паднялi з зямлi чатыры цынкi з-пад пораху, якi дастаўляўся да нас па ленд-лiзе. Пустыя ёмiстасцi некалi закапалi пад будынак — думаю, у якасцi громаадводаў, — расказвае Людмiла Сiманько. 

Яшчэ адзiн артэфакт з першай залы — здымак выгрузкi кантэйнера з ядзернай зброяй. Здымаць, зразумела, было нельга, але нехта рызыкнуў. 

Другая музейная зала — пра гiсторыю стварэння пораху. Тут столькi экспанатаў! Ад драўлянай дошчачкi з напiсаным кiтайскiмi iероглiфамi рэцэптам пораху да сучасных боепрыпасаў, якiя знаходзяцца ў арсенале. Тут можна ўбачыць знакамiтыя рэактыўныя ўстаноўкi «Кацюша» i «Град», супрацьдэсантную рачную мiну, мiнамёт, гранатамёт i шмат чаго па дробязi.

Усе экспанаты ў розны час знойдзены ў вёсцы i наваколлi.

— Зразумела, што ўсе снарады дэмiлiтарызаваныя, яны ўжо не баявыя, — удакладняе Людмiла Сiманько. 

А я цiкаўлюся, адкуль у загадчыцы клуба ваенныя веды. Смяецца, кажа, што нейкi час працавала ў цэху ўтылiзацii i рамонту боепрыпасаў, таму канструкцыю снарадаў ведае, як кажуць, знутры. 

На тачанцы — рэканструяваны «Максiм».

Самая трагiчная зала музея прысвечана тэме Халакосту. У 1942 годзе ў лесе за вёскай былi растраляны каля 50 тысяч чалавек. Гэта яўрэi з Брэста, Бярозы, Кобрына, Гарадца, Драгiчына. А таксама мясцовыя жыхары i ваеннапалонныя, якiх прымушалi капаць ямы для забiтых, а ў 1944 годзе — выкопваць i спальваць трупы, каб замесцi сляды гiтлераўскiх зверстваў. Трагедыя добра даследавана дзякуючы настаўнiцы з Броннай Гары Лiзавеце Мшар. Мяркуецца, што ў недалёкiм будучым на месцы трагедыi будзе пабудаваны мемарыяльны комплекс. Зараз там ёсць тры помнiкi. 

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter