Ёсць чалавек-аркестр, а загадчыца аўтаклуба Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Людміла Ждановіч —сапраўдны чалавек-свята. У прафесіі 40 гадоў, з 2014-га кіруе філіялам пры сельскім Доме культуры ў аграгарадку з прыгожай назвай Райцы.
Талент не ржавее
Сёння Людміла Ждановіч не ўяўляе сябе нідзе, акрамя сферы культуры. А калісьці марыла стаць настаўнікам, як родная цётка Марыя Уладзіміраўна. Тая выкладала мову і літаратуру ў адной з віцебскіх школ. Гледзячы на яе, падала дакументы ў педінстытут, узгадвае Людміла Васільеўна:— Але перад трэцім іспытам расхвалявалася і засталася дома, нават не здагадваючыся пра «сельскія» балы. Далей, як мне здавалася, выбар быў не багаты — праца на заводзе альбо вучоба па іншай спецыяльнасці. Вырашыла, што стану артысткай, і пайшла ў Віцебскае культасветвучылішча. І гэта быў правільны крок.
Дарэчы, Марыя Уладзіміраўна паставілася да такой падзеі з гумарам: «Будзеш адчыняць і закрываць сельскі клуб». З таго самага часу паміж сваякамі замацавалася жартаўлівае прывітанне. Людміла Ждановіч цёпла ўспамінае:
— Замест «дабрыдзень» цётка заўсёды пыталася: «Ну як замкі?» Мой адказ-пароль: «Не заржавелі».
Не ржавее і аптымізм нашай гераіні, яе адданасць улюбёнай справе і, вядома, талент. Няхай і не філалагічны, затое артыстычны. Да творчасці Людміла Васільеўна далучыла і мужа Мікалая, і дачку Марыну, якая калісці скончыла сталічны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Спрабаваў свае сілы ў культуры і сын Павел.
Ад «Зажынак» да гаджэтаў
Талентаў і сёння нямала. Яскравы прыклад — клуб «Вандроўныя артысты», які дзейнічае пры філіяле, звяртае ўвагу Людміла Ждановіч:
— Яго ўдзельнікі не прафесійныя зоркі, але з радасцю далучаюцца да тэатральнага, вакальнага, харэаграфічнага мастацтва, развіваюцца і раскрываюцца. Кожны месяц мы разам праводзім выязныя мерапрыемствы — ад свят вёсак і народнага календара да ўшанавання імяніннікаў, юбіляраў. Клуб — актыўны ўдзельнік раённых і абласных падзей. Зацікавіць гледачоў дапамагае гульнявы рэквізіт і роставыя лялькі, створаныя сваімі рукамі.
Раённыя «Засеўкі», свята сенакосу, «Зажынкі», ушанаванне аграрыяў-перадавікоў даўно сталі візітоўкай Людмілы Ждановіч і яе артыстаў. Мерапрыемствы праходзяць з элементамі народнага побыту. Так, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў прапануюць абмалаціць першы сноп уручную — прыладами нашых продкаў, дораць аграрыям арыгінальныя лялькі-абярэгі: Пакосніцу, Крупянічку, Багача... Дарэчы, іх аўтары — удзельнікі «Вытокаў», яшчэ аднаго творчага калектыву. «Вытокі» створаны на базе сельскай школы ў вёсцы Забалацце. У іх склад уваходзяць мясцовыя настаўнікі, якія ставяць перад сабой мэту — адрадзіць абрады і традыцыі народных свят. Каб дзеці ўключаліся, гаворым з імі на іх мове, заўважае Людміла Ждановіч:
— Напрыклад, праводзім не проста конкурс, а музычны батл «Абрадавыя песні», флэшмоб «Скокі ў бокі», а інтэрактыўную гульнявую праграму называем «Гаджэты і лайфхакі нашых прабабуль»… Паверце, вочы школьнікаў загараюцца, калі яны чуюць модныя слоўцы, а пра рубель — драўляны правобраз сучаснага праса — ці мотаўку — аналаг міксера — распавядае сімпатычны дамавік.
Чараўнік збірае гасцей
Зіма — гарачая пара для любога работніка культуры. Вось такі аксюмаран, а па факце — актыўная, так што і прысесці некалі, падрыхтоўка да навагодніх, калядных свят. Не толькі ў буйных населеных пунктах, разважае Людміла Ждановіч:— У аддаленых вёсачках наш аўтаклуб чакаюць не менш. Падгадваем і прыязджаем пад аўтакраму. Людзі разлічваюцца за тавар і не сыходзяць — чакаюць канцэрта. Арганізуем яго нават для некалькі чалавек: нам не складана, а ім прыемна. Асабліва шчыра рэагуе дзятва. Глядзіш, вось яна падпявае і прытанцоўвае на месцы, а праз пару хвілін — цягне ў карагод бабуль з дзядулямі.
Без шырокай праграмы не абыходзіцца ў сельскіх дамах культуры. Так, у Райцаўскім разам з яго калектывам аўтаклуб адкрыў рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Да добрага чараўніка збіраюцца візіцёры не толькі з аграгарадка, але і з суседніх вёсак. За дзень бывае і па тры-чатыры ранішнікі.
Год Тыгра ў Райцах сустрэлі, напрыклад, дыскатэкай «Аўтарадыё» ў стылі 1980-х з яркімі агнямі і старымі добрымі мелодыямі і галоўнымі персанажамі свята.
Брэнды — у трэнды
Брэндавыя мерапрыемствы Талачынскага раёна ўжо цяжка ўявіць без удзелу Людмілы Ждановіч і яе калектываў. Будзь то «смачныя» святы яблыкаў, соку, бульбы ці мёду з журавінамі. А нядаўна ў Людмілы Васільеўны з’явілася ідэя — прэзентаваць свята малака. Каб усё сур’езна: з выбарам малочнага караля і, вядома, добрымі словамі ў адрас працаўнікоў сяла. Дарэчы, толькі ў Райцах было тры Героі Сацыялістычнай Працы, удастоеныя гэтага звання за рэкордныя ўдоі.
Аб бабульках-спявачках
Людміла Ждановіч добра памятае, як маладым спецыялістам перавялася з Паставаў у Талачынскі раён. На месцы сённяшняга ДК у Райцах знаходзіўся прафсаюзны клуб племзавода-мільённіка «Рэканструктар». Справа была перад Масленіцай, кажа Людміла Васільеўна:
— Кіраўнік прафкама вывеў мяне на ганак, махнуў рукой: «У тым баку жывуць мясцовыя бабулькі-спявачкі. Даю тры дні — і вы павінны выязджаць у квяцістых хустках на кані і з песнямі».
Вось дык задача! У нашай гераіні ўсё атрымалася: бабулі як на падбор галасістыя і спагадлівыя.
— Кіраўнік прафкама вывеў мяне на ганак, махнуў рукой: «У тым баку жывуць мясцовыя бабулькі-спявачкі. Даю тры дні — і вы павінны выязджаць у квяцістых хустках на кані і з песнямі».
Вось дык задача! У нашай гераіні ўсё атрымалася: бабулі як на падбор галасістыя і спагадлівыя.
naumova@sb.by