Работнiкi УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» ўносяць апошнiя штрыхi ў падрыхтоўку — абнаўляюць iнфармацыйныя шчыты.
Сёлета ўсе пляжы сталiцы атрымаюць пашпарты гатоўнасцi да 15 мая. Значыць, падрыхтоўка на фiнiшнай прамой. Некаторыя тэрыторыi ўжо прывялi ў парадак, астатнiя «дарумяньваюць шчочкi» перад адкрыццём сезона.
— За час падрыхтоўкi работнiкi УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» ўсталявалi новыя iнфармацыйныя шчыты з правiламi паводзiн на водах, даўсталявалi 7 альтанак, абсталявалi месца адпачынку дадатковымi скрынямi для смецця, — пералiчвае намеснiк дырэктара УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» Аляксандр Прамiнскi. — Для аматараў адпачынку з шашлыкамi — 10 новых мангалаў, а для сем’яў абнавiлi дзiцячае гульнявое абсталяванне. Плюс да ўсяго да новага сезона ўсталююць 60 бiяпрыбiральняў.
На жаль, не ўся новая маёмасць надоўга застаецца ў страi. Кожны год мiнскiя пляжы падвяргаюцца «набегам» вандалаў. Самым праблемным спецыялiсты называюць Заслаўскае вадасховiшча. Там працы больш, чым паблiзу астатнiх зон адпачынку. Часцей за ўсё пакутуе абсталяванне з драўлянымi элементамi: лясная мэбля, альтанкi, тапчаны. Вельмi часта часткi гэтых прадметаў выкарыстоўваюць для распальвання мангалаў або вогнiшчаў.
Кожны год мiнскiя пляжы падвяргаюцца «набегам» вандалаў.
— Велiзарная частка працы па падрыхтоўцы пляжаў да сезона — рамонт пацярпелага абсталявання або замена яго элементаў, — адзначае Аляксандр Прамiнскi.
Тыя, хто курыць, нярэдка ствараюць нязручнасцi для не схiльных да гэтай згубнай звычкi. I ў звычайным жыццi нiкацiнавы дым, якi клубамi ляцiць у бок прыхiльнiка здаровага ладу жыцця, выклiкае раздражненне, а ўжо на адпачынку, калi душы хочацца спакою, сусед-курыльшчык можа выклiкаць буру незадаволенасцi. Як вынiк — выхадныя ля вады сапсаваны. Супрацоўнiкi УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» пастаралiся вырашыць праблему: сёлета на тэрыторыi пляжаў усталююць асобныя месцы для курэння. Гэта будзе лаўка, урна з попельнiцай i iнфармацыйным знакам.
Яшчэ ў мiнулым сезоне заявiлi аб навiнцы — першым у краiне iнклюзiўным пляжы. Цяпер яго добраўпарадкаванне практычна завершана. Лакацыя — пляж № 9 на Заслаўскiм вадасховiшчы, больш вядомым як Мiнскае мора. Роўная мясцовасць, зручны ўваход у ваду, у пешай даступнасцi паркоўка i прыпынак грамадскага транспарту — усё гэта палягчае дарогу да пляжа людзям з абмежаванымi магчымасцямi. Аднак, пагадзiцеся, не робiць зону адпачынку прыстасаванай для iнклюзiўнага адпачынку. Таму супрацоўнiкам давялося пастарацца, каб зрабiць пляж зручным для iнвалiдаў.
— Перш за ўсё мы пастаралiся абсталяваць зручны i бяспечны спуск у ваду: усталявалi драўляны насцiл з пiрсам для пад’езду да берагавой лiнii, — дзелiцца вынiкамi працы Аляксандр Прамiнскi. — Паклапацiлiся аб камфортным пераапрананнi наведвальнiкаў з абмежаванымi магчымасцямi, усталявалi спецыяльныя кабiнкi з пандусам. Таксама ўдасканалiлi лясную мэблю — цяпер ёю можа скарыстацца практычна любы чалавек. Не забылiся i пра бiяпрыбiральню для наведвальнiкаў з абмежаванымi магчымасцямi, яна з’явiцца на пляжы ўжо заўтра.
Супрацоўнiкi УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» iмкнуцца прыслухоўвацца да пажаданняў мiнчан. Напрыклад, пасля таго як актывiсты папрасiлi ўсталяваць новую валейбольную пляцоўку на Цнянскiм вадасховiшчы, гэта зрабiлi.
Мiнскiя пляжы ў далейшым паспрабуюць уразiць наведвальнiкаў навiнкамi. А вось супрацоўнiкi УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка», у сваю чаргу, спадзяюцца, што наведвальнiкi пакiнуць пасля сябе не паламаныя лаўкi, а парадак i чысцiню.
tychko@sb.by