Бывший районный центр стал агрогородком Пуховичи

Пухавічы: куточак «багаты і поўны красы»


На некалькіх узгорках, паміж якімі рака Свіслач прымае крынічныя воды прытока Цітаўкі, раскінуліся падворкі Пухавічаў.

Пісьмова паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў дакументах XVI стагоддзя як мястэчка Мінскага павета і ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе яно стала цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.

З канца XVIІІ стагоддзя і да адмены прыгоннага права Пухавічамі валодаў заможны род Сулістроўскіх. У 1843 годзе над сядзібамі ўзняліся крыжы пабудаванай драўлянай царквы Раства Прасвятой Багародзіцы. У размешчаным на скрыжаванні шляхоў гандлёвым мястэчку па некалькі разоў на год ладзіліся багатыя кірмашы. Дзейнічалі народнае вучылішча, царква, тры сінагогі, дзве піваварні, млыны, кузні.

Пасля ўсталявання савецкай улады Пухавічы атрымалі статус раённага цэнтра. Летам 1925 года райцэнтр перанеслі ў пасёлак Мар’іна Горка, але раён застаўся Пухавіцкім. У гады калектывізацыі арганізаваўся калгас імя Карла Маркса.

У ліпені 1941-га падворкі разгубленых ад нечаканасці жыхароў акупіравалі гітлераўцы. У верасні першага года вайны каты знішчылі 650 мясцовых яўрэяў. У баях з ворагам загінулі звыш 270 жыхароў Пухавічаў. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай.

З першых пасляваенных дзён пачаў аднаўляць дзейнасць сельвыканкам, паступова наладжвалася мірнае жыццё. У другой палове мінулага стагоддзя ў Пухавічах пачала дзейнічаць ПМК меліярацыі.

У 2007 годзе вёска адной з першых у Пухавіцкім раёне атрымала статус аграгарадка.


Дарога ў аграгарадок Пухавічы выпала на калядныя дні. Ля будынка сельвыканкама ззяла святочным уборам ялінка. Букет пунсовых руж красаваўся ў кабінеце спецыяліста Таццяны Прахарчук. З раніцы калегі павіншавалі яе з юбілеем. Працоўны стол кіраўніка мясцовай улады Анжэлы Шышко абкла­дзены шматлікімі папкамі з дакументамі. Новы год для яе пачаўся з прыемнай падзеі: мінчане выкупілі ўчастак для будаўніцтва жылога дома. Надзел прадалі па кадастравым кошце. Атрыманыя сродкі пойдуць на добраўпарадкаванне аграгарадка. Анжэла Генадзьеўна адзначыла, што яшчэ дзесяць участкаў чакаюць пакупнікоў. Два гады таму кіраванне сельвыканкамам яна пераняла ад Галіны Мірчук, якая два дзесяцігоддзі ня­зменна ўзначальвала мясцовую ўладу. Тэрыторыя сельсавета вялікая і густанаселеная: тры дзясяткі вёсак. Сярод іх ёсць і з незвычайнымі назвамі: Французская і Зафранцузская Грэблі, Зацітава Слабада, Вялікія Лукі, Высокая Старына і нават Ясная Паляна.

Старшыня сельвыканкама Анжэла ШЫШКО.

Маляўнічы куток Міншчыны перасякае імклівая Свіслач. У пасляваенныя гады аблюбаваў гэтыя мясціны Якуб Колас. На лецішчы ў вёсцы Балачанка, акружанай густымі лясамі, ён натхнёна тварыў. Верш-оду «Лясам Беларусі» Пясняр закончыў радком, што гэты куток «багаты і поўны красы». Гэты перыяд жыцця класіка беларускай літаратуры ўшанаваны мемарыяльнай дошкай на сцяне Пухавіцкай сярэдняй школы.

Трохпавярховы будынак схаваны за алеяй густых стромкіх елак і высокіх разгалістых дрэў. Пасадзілі іх вучні і педагогі больш як паўвека таму на адкрыцці новага корпуса. 157 гадоў тут дзейнічае школа. Дырэктара Валянціну Бяседзіну радуе павелічэнне колькасці вучняў. Дадалося выхаванцаў і пасля закрыцця суседніх Чырвонакастрычніцкай і Светлаборскай базавых школ: цяпер іх больш за дзве з паловай сотні. Яшчэ раней закрылася пачатковая школа ў Зацітавай Слабадзе, дзе настаўнічала маці міністра інфармацыі Яніна Карлюкевіч. У новым навучальным годзе чакаецца два першыя класы. Для старшакласнікаў дзейнічае факультатыў аграрнай накіраванасці. Педагог Алена Давідовіч знаёміць іх з уводзінамі ў аграрную прафесію.

Дырэктар Валянціна БЯСЕДЗІНА (у цэнтры) з педагогамі сярэдняй школы.

У школьным скверы пад шатамі высокіх дрэў прытуліўся змайстраваны педагогам Аляксандрам Паскробкам драўляны макет палаца князя Пухава. Згодна з паданнем, ад гэтага прозвішча пайшла назва паселішча.

Незвычайная цішыня панавала ў дні зімовых канікул у прасторным фае, калідорах, кабінетах школы. Багатым афармленнем уразіў краязнаўчы музей. Загадвае ім выпускнік Вадзім Кушняроў. Выкладае ён у Мар’інагорскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя Уладзіміра Лабанка. Сям’я Кушняровых жыве ў аграгарадку. Жонка педагога Аксана Васільеўна — намеснік дырэктара школы.

Кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Вадзім КУШНЯРОЎ з вучнем 5-га класа Раманам РАДЗЮКОМ.

Настаўнікамі і юнымі краязнаўцамі сабраны матэрыялы пра жыхароў і гісторыю Пухавічаў. Сярод эксклюзіўных экспанатаў — парадны шынель земляка ганаровага грамадзяніна Пухавіцкага раёна генерал-лейтэнанта Яўгена Мікульчыка. Да апошніх дзён жыцця ён узначальваў Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз афіцэраў». Імя генерала носіць піянерская дружына школы.

Музейны стэнд «Гордасць нашай школы» ўпрыгожваюць партрэты найбольш паспяховых выпускнікоў: загадчыка нейрахірургічнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, прафесара, акадэміка НАН Беларусі, доктара медыцынскіх навук Арнольда Смеяновіча, міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, ра­сійскага доктара палітычных навук Мікалая Лабуша і яго брата таленавітага беларускага тэатральнага акцёра Аляксандра Лабуша, былога дырэктара школы Алы Ралькевіч. Памятаю, як Ала Васільеўна расказвала мне пра вучнёўскі трактарадром. На ім юнакі засвойвалі навыкі кіравання сельгастэхнікай. Многія з іх заставаліся працаваць у сельгаспрадпрыемстве і меліярацыйнай ПМК.

Слава пра пухавіцкіх меліяратараў грымела на ўсю рэспубліку. Узначальваў механізава­ную калону муж дырэктара школы Іван Ралькевіч. У час яго кіравання Пухавіцкай ПМК вырас пасёлак меліяратараў. Пасля закрыцця ПМК рабочыя працуюць у іншых арганізацыях і ўстановах раёна.

З былым газаэлектра­зваршчыкам ПМК Анатолем Каптуркевічам сустрэліся ў аграгарадку. Узгадаў ён, як пасля службы ў арміі з роднага Акцябрскага раёна прыехаў пагасцяваць да сваякоў у Пухавічы. У клубе на танцах пазнаёміўся з дзяўчынай. Сыгралі вяселле. Разам з жонкай працавалі ў ПМК. Атрымалі кватэру. Выхавалі і пажанілі трох сыноў. Ледзьве стрымліваючы сябе, Анатоль Сяргеевіч падзяліўся горам — стратай сына Уладзіміра. Суцяшаюць боль ветэрану працы падрастаючыя пяцёра ўнукаў.

Ветэран Пухавіцкай ПМК Анатоль КАПТУРКЕВІЧ.

На ўскрайку аграгарадка стаяць у запусценні вытворчыя будынкі ПМК. Некаторыя выкуплены прадпрымальнікам, але яны не задзейнічаны.

БЫЛОЕ сельгаспрадпрыемства «Пухавічы» далучылі да суседняга ААТ «Індустрыя». Узначальвае сельгасучастак выпускніца Мар’інагорскага дзяржагратэхкаледжа імя Ула­дзіміра Лабанка Ірына Лінская. Пасля ранішняга нарада, праведзенага на мехдвары, Ірына Станіславаўна завітала ў сельвыканкам. Падзялілася надзённымі клопатамі. Большасць механізатараў рыхтуюць тэхніку да сяўбы. Трактарысты Аляксандр Назарэнка і Дзмітрый Бабінскі вывозяць з жывёлагадоўчых ферм арганіку на палі.

У аб’яднанай гаспадарцы звыш 5000 гектараў ворыва. Большую частку палёў з восені падрыхтавалі да веснавой сяўбы. Пераважаюць у севазвароце збожжавыя, таксама цукровыя буракі. Летась звыш тысячы тон зерня намалацілі камбайнеры Дзмітрый Лістападаў і Сяргей Ляшчынскі. На энерганасычаных камбайнах працавалі без памочнікаў. Дзмітрый Лістападаў прадстаўляў сельгаспрадпрыемства на раённых «Дажынках». На адвозе збожжа з палёў вызначыліся Юрый Войніч і Васіль Драздоў.

У галоўнага эканаміста ААТ «Індустрыя» Вольгі Алейнік пацікавіўся вытворчымі вынікамі калектыву за мінулы год. Кожны з 1980 гектараў хлебнай нівы даў амаль па 27 цэнтнераў зерня. Намалочана звыш 6000 тон збажыны, што дазволіла поўнасцю забяспечыць грамадскі статак сваімі канцэнтратамі.

На пяці фермах 3740 галоў буйной рагатай жывёлы, трэцяя частка пагалоўя — дойныя каровы. Штодзённа на пухавіцкі вытворчы ўчастак ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат» сельгас­прадпрыемства адпраўляе звыш 10 тон малака. Вострай застаецца кадравая праблема — не хапае жывёлаводаў. Моладзь спакушае блізкая сталіца.

ВЫПУСКНІЦА Беларускага дзяржмедуніверсітэта Дар’я Шоцік, якая адпускала лекі ў аптэцы аграгарадка, шчыра прызналася, што адбудзе неабходны тэрмін і пераедзе ў Мінск. З мужам Віталем і паўтарагадовым сынам Косцікам пакуль жывуць у бацькоў у суседняй вёсцы Зацітава Слабада. У сталіцы пабудавалі кватэру.

Фармацэўт Дар’я ШОЦІК.

Бабуля маладой аптэкаркі Таццяна Аляксандраўна Журок загадвала ў Зацітавай Слабадзе сельскім клубам. Некалькі гадоў таму яго закрылі. Дыскатэкі для моладзі ладзяцца ў Доме культуры аграгарадка. Працуе тут дзіцячы танцавальны гурток.

У суседніх вёсках Чырвоны Кастрычнік і Маркаўчызна дзейнічаюць аграсядзібы. Гаспадары Ала і Павел Мазоўкі ўдзельнічалі ў расійскай турыстычнай тэлепраграме. Круглы год сюды едуць адпачываць не толькі жыхары Беларусі, але і замежныя госці. У аграсядзібе Ніны і Уладзіміра Стужукоў ладзяцца выязныя рэгістрацыі шлюбу.

Вандруючы па вуліцах і завулках выцягнутага ўздоўж галоўнай вуліцы аграгарадка, заўважыў рэкламныя шчыты з прапановай арэнды памяшканняў. Камерцыя захліснула прысталічнае паселішча.

Пад адным дахам з прыватным прадуктовым магазінам размясцілася цырульня. За невысокім столікам у кутку вузкага пакоя сумавала без занятку гаспадыня Аксана Вайцяхоўская. З ахвотай распавяла, што прафесію цырульніка пасля заканчэння сярэдняй школы атрымала ў Вілейскім прафтэхвучылішчы. Працавала ў Доме быту Мар’інай Горкі. Вырашыла стаць індывідуальным прадпрымальнікам. Арандуе пакой. Зімою ў цырульні зацішша. Гаспадыня салона ўпэўнена, што вясною колькасць кліентаў павялічыцца.

Цёплых вясновых дзён чакаюць і рыхтуюцца да іх у лясніцтве. Рабочыя ачышчаюць кварталы дрэў ад сухастою, збіраюць шышкі хваёвых парод. З наступленнем цяпла пачнуць садзіць на падрыхтаваных плошчах елкі, сосны, бярозы. За калектывам замацавана звыш 11 000 гектараў пераважна хваёвага лесу. Летась на 20 гектарах пасаджаны маладыя дрэўцы. Вакол будынка лясніцтва растуць экзатычныя дрэвы і кусты.

Калектыў лясгаса два месяцы таму ўзначаліў Сяргей Бельскі. Вырас ён на Палессі. Пасля чарнобыльскай трагедыі з маці пераехалі ў Пухавіцкі раён, на яе малую радзіму. Працаваў Сяргей Уладзіміравіч майстрам у Скрыльскім лясніцтве. Завочна скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўні­версітэт. Адрамантаваў дзедаў дом у аграгарадку і там жыве з сям’ёю. З жонкаю Наталляй Аляксандраўнай, якая працуе эканамістам у лясніцтве, выхоўваюць траіх дзяцей.

Ляснічы Сяргей БЕЛЬСКІ і майстар лесу Вікторыя ВАЛЬКОВІЧ.

Роднымі сталі Пухавічы для Вікторыі Вальковіч. Родам яна з Пастаўшчыны. Скончыла Полацкі лясны тэхнікум. Вышэйшую адукацыю спецыяліста лясной гаспадаркі атрымала ў сталіцы. Калектыў лясніцтва папоўніла дзесяць гадоў таму. Лясную спецтэхніку засвоіў муж Яўген Рыгоравіч. У аграгарадку збудавалі ўласны дом. Падрастаюць двое дзетак.

Прыгожымі драўлянымі катэджамі забудаваны новыя вуліцы. Жывуць у іх працаўнікі ААТ «Індустрыя», педагогі, медыкі. Аграгарадок, як і вёскі Маркаўчызна, Зацітава Слабада, газіфікаваны.

Настаяцель царквы Раства Прасвятой Багародзіцы айцец Сяргей ДЫРМАН.

УПРЫГОЖЫЎ Пухавічы новы драўляны храм. Асвяцілі яго напрыканцы мінулага года. Побач захаваўся гістарычны будынак царквы Раства Прасвятой Багародзіцы. Дваццаць гадоў правіць у святынях айцец Сяргей Дырман. З матушкай Аленай выхоўваюць чацвёра дзяцей. Старэйшы сын Мікіта скончыў суседнюю Блонскую сярэднюю школу, а самы малодшы Іван вучыцца ў другім класе Пухавіцкай сярэдняй школы. Больш за тры дзясяткі шматдзетных сем’яў у сельсавеце. Кіраўніка мясцовай улады Анжэлу Шышко радуе, што колькасць такіх сем’яў павялічваецца. Аграгарадок крочыць у будучае.

Пухавіцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter