Познаем Беларусь: традиции празднования Николы Вешнего у белорусов

Прыйшоў Мікола — сей, не пытай ні ў кога

З сівых часоў 22 мая нашы продкі адзначалі дзень Міколы Вясенняга. Лічылася, што зямля ўжо дастаткова прагрэлася, таму можна сеяць нават цеплалюбівыя культуры.

Фота Аляксея Сталярова

Мікалая Цудатворца ў народзе любяць і шануюць. Амаль у кожным доме, дзе жыве хрысціянская сям’я, абавязкова ёсць абраз гэтага святога. І ў старадаўнія часы, і цяпер яго лічаць памочнікам у любых справах і жыццёвых клопатах. Менавіта таму імя Мікалай вельмі распаўсюджана ў нашай і суседніх краінах. Тыя, хто названы ў гонар свяціцеля, адзначаюць імяніны 22 мая або 19 снежня, у залежнасці ад таго, якая з гэтых дат бліжэй да дня нараджэння.

Таксама здаўна святы Мікалай асабліва ўшаноўваўся ў сем’ях, дзе быў марак ці рыбак. А яшчэ ён лічыўся заступнікам коней. Таму ў гэты дзень іх выганялі на ноч на пашу. Звычайна да гэтага часу трава ў полі ўжо вырастае высокая. Каб мясцовыя ведзьмакі не нашкодзілі жывёле, яе акурвалі зёлкамі, сабранымі на Купалле. А каб на коней не напалі ваўкі ці не скралі зладзеі, па спінах жывёл качалі звараныя курыныя яйкі. На наступны дзень такія яйкі аддавалі жабракам.

Для аховы коней звычайна выбіралі нежанатых хлопцаў. Ім на вячэру рыхтавалі пачастунак — бліны, яешню. У акрузе разводзілі вогнішчы. Ніхто доўга не клаўся спаць. Нават маленькім дзецям дазвалялася пагуляць даўжэй. Пазней да хлопцаў далучаліся дзяўчаты. Пачыналася сапраўднае гулянне моладзі — з песнямі і танцамі.

Раніцай на Міколу мыліся расой. Лічылася, што гэта дазволіць заха­ваць здароўе на ўвесь год. Людзі выходзілі на агароды або поле і прамаўлялі замовы, каб зямля была ўрадлівай, а ўраджай багатым.

НАРОДНЫЯ ПРЫМАЎКІ

  • Колькі Мікола Зімовы дасць снегу — столькі Вясенні Мікола дасць травы.
  • Мікола на моры ратуе, Мікола мужыку воз падымае.
  • Мікола Зімовы каня на двор загоніць, Мікола Вясенні каня адкорміць.
  • Папрасі Міколу, а ён Хрысту скажа.
  • Мікола — святы вялікі, свяціцель Хрыстоў, цёплы заступнік і хуткі памочнік.
  • Мікалай, Угоднік Божы, будзі нам памочнік! Ты і ў полі, ты і ў доме, у дарозе, на моры і на зямлі, заступі і захавай ад усякага зла!
kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter