Аквапарки, лодки, катамараны: через неделю в стране начнется сезон водных развлечений

Прыцягненне вады

Сонца збівае з пра­цоўнага настрою, вабіць прэч з душных кватэр, офісаў і класаў. А на вуліцы сапраўдная спякота, так што хутка хочацца схавацца ў цень з порцыяй марожанага, а яшчэ лепш — накіравацца да вады, дзе заўсёды павявае лёгкі ветрык, раз-пораз твар абдаюць лёгкія пырскі. Тым больш што вада ўжо прагрэлася амаль да 20 градусаў. Карэспандэнт «Р» даведалася, як могуць адпачыць каля вады жыхары вялікага горада.

Хутка ў адкрытай аквазоне пачнуць працаваць водныя горкі.
waterpark.by

Самае простае — дабрацца да пункта пракату лодак і катамаранаў і сумясціць прыемнае з карысным: патрэніраваць мышцы, адначасова атрымліваючы асалоду ад вады, прахалоды і прыгожых відаў. Але з гэтым давядзецца крыху пачакаць: лодкі і катамараны з’яўляюцца маламернымі суднамі і падпарадкоўваюцца агульным правілам.

— Пункты пракату катамаранаў і лодак у Мінску пачнуць працаваць з 1 чэрвеня, калі на вадаёмах скончыцца нераст рыбы. А пакуль што яны, як і многія транспартныя сродкі, праходзяць абавязковы тэхнічны агляд. Калі не парушаць правілы паводзін на вадзе, за ўласную бяспеку можна не турбавацца: няспраўныя сродкі проста не дапускаюцца да ўдзелу ў водным руху, — запэўніў Аляксандр Курыла, начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Мінскай вобласці.

Здабыць адрэналін на водных лыжах, вейкбордах можа любы жадаючы.

Як і раней, на катамаранах можна будзе пакатацца па Свіслачы, за Палацам спорту, дзе, дарэчы, з’явіліся 5 новенькіх лодак, за Нацыянальнай бібліятэкай, каля Купалаўскага сквера, на Камсамольскім возеры і інш. Як паведамілі ў КУП «Адпачынак», кошт 1 гадзіны пракату лодкі — 10 рублёў, двухмеснага катамарана — 8 рублёў, чатырохмеснага — 12 рублёў, воднай прагулкі на катары па Свіслачы — 25 рублёў.

Аматары экстрэмальнага адпачынку могуць паспрабаваць свае сілы на водных лыжах, вейкбордах (падобна да сноўборда, толькі коўзаюцца на дошках не па снезе, а па вадзе), проста пакатацца на так званых плюшках. На Цнянскім вадасховішчы гэтыя забавы даступны ўжо з красавіка.

— Тут трэніруюцца спартсмены-вейкбардысты, але да нас можа прыйсці любы, хто жадае, і паспрабаваць свае сілы, — запэўнівае Мікалай Буя­ноўскі, старшыня грамадскага аб’яднання «Вейкбордны спартыўны клуб». — Пакуль не пачаўся сезон, па буднях можна катацца па безлімітным тарыфе — да чатырох гадзін за 20 рублёў. Пазней столькі ж будзе каштаваць 15-хвілінны сэт.

Катамараны на Цнянскім вадасховішчы чакаюць свайго часу.

Спецыяльнае адзенне, інструк­таж уваходзяць у кошт забавы. Па словах Мікалая, навічкі вучацца вейкбордынгу вельмі хутка, і ўжо на першым занятку многія здольны выконваць нескладаныя трукі.

Аматарам лянівага адпачынку — дарога ў адкрытую зону аквапаркаў. У «Лябяжым» ёсць прасторны басейн са штучным пляжам і шэзлонгамі, а таксама дзіцячы водны гарадок з неглыбокім басейнам. Калі тэмпература паветра некалькі дзён пратрымаецца каля +25, у адкрытай аквазоне пачнуць працаваць чатыры водныя горкі. Адпачываць у адкрытай зоне могуць усе, хто наведаў аквапарк. Знаходзіцца там можна ад трох да васьмі гадзін, цэны для дзяцей, падлеткаў і дарослых адрозніваюцца — ад 21 да 35 рублёў за тры гадзіны па буднях, крыху даражэй у выхадныя і святочныя дні. Адпачываць восем гадзін выгадней — ад 30 да 48 рублёў.

Без ападкаў і не менш за +24 — асноўныя ўмовы работы аквазоны ў парку забаў на вуліцы Арлоўскай. Калі надвор’е будзе спрыяльным, яна пачне працу з 1 чэрвеня. Дарэчы, сёлета там з’явіцца яшчэ адна водная горка вышынёй 22 метры, не вельмі крутая, але дастаткова экстрэмальная. Адпачыць сярод пальм, уявіўшы сябе дзе-небудзь на егіпецкіх пляжах, дзеці могуць за суму каля 15 рублёў, дарослыя — каля 30 рублёў. У кошт уваходзяць шэзлонг, парасон ад сонца і неабмежаваная колькасць купанняў і катанняў з горак.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter