Людміла Сінякова знаёміць гасцей з выставай
Варта будзе нагадаць, што ў Музеі літаратуры зрабілі перасоўную выставу “Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому” ў 2014 -м: яна была прымеркавана да 90-х угодкаў народнага пісьменніка Беларусі. У аснову экспазіцыі пакладзена кніга “Доўгая дарога дадому”: апошняя прыжыццёвая кніга Васіля Уладзіміравіча. Гэта ўспаміны пра асабіста перажытае ім, удумлівы погляд з вышыні гадоў на амаль 70 гадоў яго багатай падзеямі жыццёвай дарогі. Пісьменнік распавядае пра найбольш яркія старонкі біяграфіі, дае ацэнку тым грамадска-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах.
Ва ўспамінах Васіля Уладзіміравіча паўстаюць перад намі тыя месцы, дзе ён бываў, жыў, тыя гарады й дзяржавы, якія адыгралі пэўную ролю ў ягоным жыцці, творчасці. Сёння, дзякуючы кнізе, мы маем унікальную магчымасць прайсці дарогамі Чалавека, філосафа, пісьменніка, грамадзяніна сваёй краіны. Разам з ім асэнсаваць мінулае ды лепш зразумець, што было каштоўным, важным для яго.
Пра саму выставу, шлях яе ў Даўгаўпілс распавяла старшыня таварыства “Уздым” Людміла Сінякова. Разам з намі быў і шаноўны госць з Маладзечна — пісьменнік, літаратуразнаўца Міхась Казлоўскі. Ён падзяліўся цікавымі фактамі з жыцця Васіля Быкава. А беларускі паэт з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Родная зямля”, прысвечаны памяці знакамітага земляка.
Творы Васіля Быкава і цяпер папулярныя — іх чытаюць, пераводзяць на розныя мовы, выдаюць, экранізуюць. Дарэчы, рэжысёр-беларус Сяргей Лазніца якраз у Даўгаўпілскім краі здымаў ваенную драму “У тумане”, сцэнар якой створаны паводле аповесці Васіля Быкава. Кінастужка тая атрымала ў 2012 годзе на кінафестывалі ў Канах прыз FIPRESCI Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы.
Вольга Паўловіч, намесніца старшыні таварыства “Уздым”, г. Даўгаўпілс
Голас Радзімы № 42 (3546), чацвер, 2 лістапада, 2017 у PDF