Поэтесса Евгения Янищиц не могла жить без трагедийности

Прыпадаю да нябёс

Мiфы i факты пра Яўгенiю Янiшчыц

Сёння, 20 лiстапада 2018 года, спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Яўгенii Янiшчыц. А 25 лiстапада — трыццаць гадоў з дня яе смерцi. Такую ўжо трагiчную кропку яна паставiла ў сваёй бiяграфii — выйшла ў вечнасць праз акно толькi што атрыманай кватэры.

«Ластаўка Палесся», яна не пiсала, здаецца, вострасацыяльных, актуальных, гучных паэм, якiмi ўзрушвалi з трыбун яе равеснiкi. Дзе тыя iхнiя паэмы? Хто iх памятае? А лiрычныя вершы Яўгенii Янiшчыц да гэтага часу на слыху. Як i яна сама. Чаму?

Людзей прыцягвае таямнiца, загадка, глыбiня. Пра загадку Яўгенii Янiшчыц разважаюць пiсьменнiк, аднакурснiк Яўгенii Янiшчыц па фiлфаку БДУ Анатоль Бутэвiч, пiсьменнiк, мастак, выдавец Адам Глобус, мастацкi кiраўнiк паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Знiч» Галiна Дзягiлева, вядомыя лiтаратуразнаўцы — адна са складальнiц збору твораў Яўгенii Янiшчыц, старшы навуковы супрацоўнiк Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры Святлана Калядка, загадчык аддзела тэорыi i гiсторыi лiтаратуры НАНБ Ганна Кiслiцына, начальнiк Адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага iнстытута адукацыi Iрына Шаўлякова, загадчык кафедры замежнай лiтаратуры БДУ Ганна Бутырчык.

1. Наколькi актуальнай засталася творчасць Яўгенii Янiшчыц?


Адам Глобус: Зараз выходзiць збор твораў Янiшчыц. Нiхто iншы з беларускiх паэтак не меў такога выдання i такой увагi да сваёй творчасцi, нават Цётку не ўшанавалi такiм лiтаратурным помнiкам.

Галiна Дзягiлева: У нашым тэатры ёсць спектакль па творах Яўгенii Янiшчыц «Прыпадаю да нябёс», прэм’ера яго адбылася 25 лютага 2002 года. Я стала яго рэжысёрам, выканаўца — Ларыса Горцава. Такая радасць была працаваць! Янiшчыц настолькi шчырая, таленавiтая, трапяткая... Яна — як лакмусавая папера шчырасцi. Дакрануцца — i становiцца лягчэй.

Анатоль Бутэвiч: Напэўна, як i ў кожнага аўтара, у Жэнi былi творы рознай мастацкай вартасцi. I гэтага не трэба баяцца. Важна, што яны не губляюць цiкавасцi чытачоў, бо ўсё напiсанае ёю акрылена жывымi эмоцыямi.

Ганна Кiслiцына: У сучаснай беларускай лiтаратуры хранiчна мала вершаў пра каханне. А таму ёсць i патрэба ў iнтымнай лiрыцы, тым жанры, якi так удаваўся Яўгенii Янiшчыц. Мне здаецца, што актуальнасць яе паэзii звязана якраз з той прамалiнейнасцю, з якой яна гаварыла пра свае пачуццi.

Iрына Шаўлякова: Для сябе сутнасць творчасцi Яўгенii Янiшчыц я вызначаю праз паняцце фiласофска–iнтымнай паэзii. Ядро нацыянальнага прыгожага пiсьменства ўтвараецца са з’яў такога кшталту.

Святлана Калядка: Адкрыццё Лiтаратурнага музея Яўгенii Янiшчыц на радзiме паэтэсы, прысваенне яе iмя Пiнскай раённай бiблiятэцы, пастаноўка монаспектакля «Прыпадаю да нябёс...» у Беларускiм паэтычным тэатры аднаго акцёра «Знiч», монаспектакля «Ягадны хутар» пры Беларускай дзяржаўнай фiлармонii, некалькi дакументальных фiльмаў, кнiгi чатырохтомнага выдання «Яўгенiя Янiшчыц: творы, жыццяпiс, каментарыi»... Гэта няпоўны пералiк фактаў, якiя сцвярджаюць яркае гарэнне зоркi Я.Янiшчыц на лiтаратурным небасхiле i праз дзясяткi гадоў.

Ганна Бутырчык: Лiрыка яе вельмi тонкая, меладычная, блiзкая да народнай песнi. Можа, таму вершы Янiшчыц мне заўжды хацелася спяваць. Я нiколi не думала пра творчасць Янiшчыц у катэгорыях актуальнасцi.

Сярод удзельнікаў V Усесаюзнай нарады маладых пісьменнікаў. Злева направа: М.Дукса, Сл.Хадаронак, М.Федзюковіч, С.Блатун, Д.Бічэль-Загнетава, Я.Янішчыц. Красавік 1969 г.

2. Цi адбываецца мiфалагiзацыя постацi Яўгенii Янiшчыц? Якiя легенды ўзнiкаюць?


Галiна Дзягiлева: Рыгор Барадулiн для свайго верша «На балючым праху», прысвечаным смерцi Янiшчыц, узяў эпiграф: «Кажуць, што дом, з акна якога выкiнулася Яўгенiя Янiшчыц, пабудаваны на могiлках, дзе пахавана Марына Мнiшак». Сапраўды, ёсць такое паданне... Барадулiн угледжваў тут сувязь, нейкi ўплыў на душэўны стан паэтэсы: «Ценi душ у жыцця ў гасцях». I яшчэ супадзенне... Да таго як пераехаць у ракавую кватэру на Старажоўскай, Янiшчыц жыла на першым паверсе старога дома на Ульянаўскай, збудаванага палоннымi немцамi. I менавiта ў гэтай кватэры да яе жыла актрыса Ларыса Горцава, якая ўвасобiла лiрычную гераiню Янiшчыц у нашым спектаклi. Горцава гаварыла: «Выходзiць, мы хадзiлi па адной i той жа падлозе, глядзелi ў адны i тыя ж вокны».

Анатоль Бутэвiч: У Жэнiным жыццi вялiкiх загадак не было, акрамя хiба што непасрэдна спосабу сыходу з гэтага жыцця. А што да некаторых сённяшнiх нетрадыцыйных ацэнак яе паводзiн, выказванняў, поглядаў i г.д., то што тут зробiш — такi ўжо наш характар: часам бярэ ахвота пакорпацца ў чужой бялiзне.

Iрына Шаўлякова: Так, у 1990–х па калiдорах i аўдыторыях фiлфака БДУ блукалi цьмянымi зданямi версii трагiчнага сыходу паэта. У 2000–я гады легенды з большай ахвотай прэпарыруюцца, чым абуджаюцца да жыцця.

Выступленне на кніжнай ярмарцы перад філармоніяй, Мiнск. Пачатак 1980-х гг.
Адам Глобус: Я напiсаў успамiны пра паэтку «Жэня». Там ёсць аповед «Крыжа–чалавек»: «Доўгi час Жэня жыла ў цокальным паверсе вялiкага дому, што i цяпер узвышаецца над вулiцай Ульянаўскай, памiж Энгельса i Чырвонаармейскай. У Жэнiнай кватэры амаль заўсёды панаваў паўзмрок. Нават у светлыя днi туды амаль не траплялi сонечныя промнi. Паэтка працавала з настольнай лямпай. Стол стаяў пад акном. Побач са сталом была нешырокая канапа. Новыя вершы Жэня раскладала на канапе. Калi прыходзiлi госцi, паэтка брала з канапы аркушы i чытала... Яе хвалiлi. Яна любiла цёплыя словы пра свае вершы. Без такiх слоў паэткам цяжка. Жэня скардзiлася на цяжкасцi. Яна скардзiлася i на пераслед. Ёй здавалася, што калi яна ўночы запальвае лямпу, да яе акна з цемрадзi падыходзiць чалавек. Ён вялiкi. Ён апрануты ва ўсё чорнае. Ён уздымае рукi i робiцца падобным да крыжа. Раней Жэня думала, што нехта з зайздросных паэтаў так па–дурному жартуе. Пазней яна пачала бачыць у крыжа–чалавеку д’ябла. Як толькi паэтка выключала сваю настольную лямпу, крыжа–чалавек прападаў, расплываўся, як дым. Ён замiнаў ёй працаваць уночы, а ўдзень ёй замiналi працаваць успамiны пра начнога вялiкага прывiда».

Ганна Кiслiцына: Якраз наадварот стала менш легендаў, бо апошнiм часам шмат хто напiсаў свае ўспамiны. З другога боку, некаторыя рэальныя сюжэты яе жыцця iншым разам выглядаюць абсалютна сюррэалiстычна i лiтаратурна. Напрыклад, успамiны Раiсы Баравiковай, надрукаваныя ў часопiсе «Полымя», пра абставiны жыцця Янiшчыц напярэдаднi яе смерцi.

Святлана Калядка: Згадваецца некалькi гiсторый. Першая звязана з тлумачэннем прозвiшча паэтэсы. Iнiцыявала гэтую гiсторыю калiсьцi Таццяна Iванаўна Шамякiна: «Смерць Жэнi гняце мяне сваёй загадкавасцю, i сардэчны боль не сцiхае... Часам мне здаецца, што само прозвiшча — праграма на самазнiшчэнне: «Янiшчыц — я нiшчыць». Аднак Таццяна Iванаўна не ведала, што гэта прозвiшча не роднага бацькi Жэнi, а прозвiшча мацi па першаму мужу, якi загiнуў падчас вайны. Са слоў Т.I.Шамякiнай, у яе засталося адчуванне, што Жэня «нейкая невязучая»: у яе на руцэ засталiся шрамы ад траўмы, яе ўкусiла малпа (якую прыносiў на фiлфак БДУ муж адной са студэнтак групы), i Жэня нават ад гэтага ўкусу трапiла ў бальнiцу. Яшчэ адна гiсторыя–таямнiца мае дачыненне да паездкi паэтэсы на сесiю ААН ў 1981 годзе, пасля прыезду з якой за Жэняй пачалi хадзiць людзi ў чорным, пераследаваць яе, выклiкаючы нервовыя зрывы... Да гэтага часу незразумела, цi былi гэтыя людзi? Яшчэ адна дзiўная гiсторыя, пра якую згадвала Р.Баравiкова: «Жэня кажа: «Мне прыслалi рэквiем»... Чатыры разы яна паўтарыла гэтыя словы. А сама ўся стаiць, як камяк, сцятая, а ў вачах сляза застыла...» Як i невытлумачальнай была для нас лiчба 666 — менавiта столькi вершаў было апублiкавана ў прыжыццёвых зборнiках паэзii Я.Янiшчыц. Гэта факты, а iнтэрпрэтацый iх ужо мноства.

Ганна Бутырчык: Для мяне больш натуральнымi падаюцца разважаннi пра мiфалагiзацыю паэткай свайго журавiнавага раю — Палесся, Ясельды.

3. Якi самы значны яе твор?


Iрына Шаўлякова: Зараз мне самым значным у асобасным сэнсе бачыцца «Ты паклiч мяне. Пазавi...». Твор са школьнага канону сталее разам з чалавекам, прыдаецца ў розных ўзростах.

Анатоль Бутэвiч: Найбольш прачулым i блiзкiм мне па духу з’яўляецца верш «Ты паклiч мяне. Пазавi...».

Галiна Дзягiлева: Эпiграф да нашага спектакля такi: «Жораў ты, а я — сiнiца, нас абоiх бура б’е. Разам нам не пасялiцца, пасялюся — у табе!» Лепшыя творы паэткi — пра каханне. Янiшчыц без кахання не магла жыць. Яе ранiмасць нiбыта ўвесь час спрачалася з яе радасцю. Калi ёй было занадта добра, яна нiбыта пыталася ў сябе: цi не спынiлася я? Жыць без трагiзму яна не магла.

Адам Глобус: На мой густ, найлепшая кнiга Яўгенii Янiш-чыц «Пара любовi i жалю». Кнiзе пашанцавала, бо яе афармленнем займаўся выдатны графiк Мiкола Селяшчук.

Ганна Бутырчык: Скажу пра любiмыя вершы: «Менее святла на схiле восенi», «Ах, на шчасце, яшчэ не ўсохла балота», «Настальгiя», «Смутна выблiсне шлях, нiбы зорка з туману», «Дзень згасае. Нават ночы мала...», «За тое, што разбурана душа».

Святлана Калядка: Вiзiтоўкай творчасцi Я.Янiшчыц называюць верш «Ты паклiч мяне, пазавi...», аднак, на маю думку, вершы «У бабулi Паланеi», «Ля ложка хворай мацi» i многiя iншыя больш значныя для разумення творчай iндывiдуальнасцi Яўгенii Янiшчыц. Пры падрыхтоўцы чатырохтомнiка былi выяўлены 5 новых празаiчных твораў (усяго ёю напiсаны 21 твор), вартых вывучэння. А яшчэ ёсць 6 паэм, i адна з iх — «Ягадны хутар» — не ацэнена даследчыкамi на належным узроўнi. Не гаворачы пра амаль 750 вершаў, якiя складаюць змест трэцяга тома выдання, сярод якiх 320 вершаў чытач убачыць упершыню. А таму вызначыць самы значны твор Я.Янiшчыц пакуль складана. Раптам ён сярод апошнiх твораў цi тых, якiя як след не прачытаны?

Ганна Кiслiцына: «Ты паклiч мяне. Пазавi...»


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter