Таццяна РУДЗЕНЯ амаль 20 гадоў працуе з керамікай.
Таемны пакой творчасці
Першае знаёмства Таццяны з керамікай адбылося яшчэ ў 2000 годзе, калі яна паступіла ў мастацкае вучылішча ў Мінску на спецыяльнасць «Жывапіс». Як гэта часцяком бывае, творчыя плыні перасекліся, і юная Таня пазнаёмілася са скульптарамі. Падумалася ёй тады: «А ў іх цікавей!»
— Гэта цяпер усё даступна, можна займацца любой творчасцю і здабываць для яе матэрыял. У тыя гады сутыкнуцца з глінай было амаль нерэальна. У гуртках па лепцы чакалі толькі пластылін, пап'е-машэ і салёнае цеста, — успамінае яна.
Сяброўкі-аднакурсніцы прывялі яе ў Дом тэхнічнай творчасці, які, дарэчы, існуе дагэтуль. І шэптам прыгразілі: маўляў, нікому не расказвай, а то ўсе сюды хадзіць захочуць!
І ўсё там было па-сапраўднаму: печка для абпалу вырабаў, ганчарныя кругі, інструменты... Дзяўчаты — «старажылы» гуртка займалі электрычныя ганчарныя кругі, а Тані даставаўся механічны, гэта значыць у дзеянне яго прыводзіць трэба было нагой. Некалькі месяцаў яна з ім змагалася і ў выніку перамагла. Затое надалей за які б круг ні садзілася — ніякіх праблем.
Пасля заканчэння вучылішча трэба было, па логіцы, паступаць у Акадэмію мастацтваў. Адзін сябар з тусоўкі мастакоў спытаў з усмешкай: «Няўжо ты яшчэ шэсць гадоў хочаш маляваць аднаго і таго ж голага Езуса?» Гэта ён меў на ўвазе натуршчыка, які працаваў у навучальных установах. Таня выйшла замуж, змяніла месца жыхарства і ўладкавалася на працу ў школу. Аднак неўзабаве зразумела: аднаго вучылішча як базы ёй не хопіць. І паступіла ў Акадэмію мастацтваў на кераміку. За гэты час яна паспела пабываць не на адной вытворчасці, дзякуючы чаму вывучыла, як усё ўладкавана.
Пластмасавы свет не перамог
З тых часоў у рамесніцы з'явілася трое дзяцей і сотні, калі не тысячы, вучняў, якія ўласнымі рукамі навучыліся ляпіць сподкі, кубкі, сервізы, збаны, статуэткі, гаршкі, вазы. Але пра ўсё па парадку.
Пакуль Таццяна была ў дэкрэтным адпачынку, яе падтрымліваў муж, які аформіў на сябе рамесніцтва. Яна была рукамі бізнесу, што пачынаўся, а ён — галавой. Яна ляпіла з гліны аўтэнтычныя вырабы, а ён прадаваў іх. Сям'я майстроў у іх атрымалася, бо Андрэй — сталяр. Для жонкі пасля нараджэння другога дзіцяці змайстраваў нажны ганчарны круг. Выглядае ён так вінтажна, нібы дастаўся ў спадчыну ад прадзеда. Дарэчы, круг вельмі дапамагаў падчас паездак на кірмашы і фестывалі. Таццяна кажа, з ім хоць у полі можна наладзіць вытворчасць.
Яшчэ падчас дэкрэтнага адпачынку Таццяна ўладкавалася ў гарадскі Палац культуры, дзе вяла заняткі па кераміцы. І сабрала вялікую аўдыторыю. Што ўжо казаць, калі дарослыя прыводзілі дзяцей, а ў выніку самі пачыналі займацца ганчарным мастацтвам. Бясплатна займаліся ў гуртку дзеці са шматдзетных сем'яў і дзеці з інваліднасцю. Матэрыяльная база была слабая, таму Таццяна сама шукала гліну і паліву, а вырабы пякла ва ўласнай печы, усталяванай на балконе дома.
А потым пачаўся бізнес. Першае, што зрабіла рамесніца, — склала бізнес-план для ўласнай будучай студыі-майстэрні. Разам з мужам яны знайшлі памяшканне недалёка ад станцыі метро, якая будуецца. І цяпер 50 квадратных метраў дзеляць на дваіх. У белым прасторным падвале прамысловага будынка размясціліся станкі, вялікі стол-варштат для працы з драўнінай. Часам ён «пераапранаецца» ў плёнку, і тады на ім пачынаюць раскачваць гліну.
— Акрамя гэтага, я даведалася, што можна атрымаць субсідыю ад мясцовых органаў улады на адкрыццё і развіццё сваёй справы. Фінансавая дапамога вельмі мяне выручыла. На 2000 рублёў набылі прафесійны ганчарны круг, — кажа Таццяна.
Сэрца майстэрні — печ для абпалу — Таццяна замовіла ў індывідуальнага прадпрымальніка. Не хавае: гэта быў самы бюджэтны варыянт на рынку.
— Неўзабаве адкрыю індывідуальнае прадпрымальніцтва, буду збіраць па 8—10 чалавек у групы для навучання. Пакуль працую толькі на сябе. Ствараем з мужам вырабы для продажу, — тлумачыць Таццяна.
Таццяна РУДЗЕНЯ: «Студыю пры жаданні можна адкрыць нават без печкі. Сёння многія майстры, у якіх яна ёсць, прапануюць іншым людзям паслугі па абпале».
Качалка ў дапамогу
Пакуль гутарым, п'ём гарбату з прыгожых аўтарскіх гліняных кубкаў. Побач заўважаю мноства шкляначак, пэндзлікаў, нейкіх палачак і слоічкаў. «Напэўна, расходуецца дробязь хутка?» — пытаюся я.
— Калі шчыра, у кераміцы можна выкарыстоўваць усё, што аказваецца пад рукой: качалку, каўпачкі фламастараў, спіцы, палачкі ад сушы, канцылярскі нож. Неабавязкова купляць прафесійныя прыналежнасці. Студыю пры жаданні можна адкрыць нават без печкі. Сёння многія майстры, у якіх яна ёсць, прапануюць іншым людзям паслугі па абпале. Скарыстацца печкай аб'ёмам каля 60 літраў каштуе ў сярэднім 50 рублёў, — расказвае Таццяна.
Тры-чатыры гады таму было вялікай цяжкасцю знайсці гліну. Па заканадаўстве мясцовыя вытворчасці не маглі прадаваць паўфабрыкаты, таму патэнцыяльныя пастаўшчыкі былі ў Расіі, Украіне і Еўропе. Сёння гліну можна купіць оптам у спецыялізаваных інтэрнэт-магазінах у Мінску. І каштуе яна нядорага. Адзін кілаграм — крыху больш за рубель.
— З-за высокай тэмпературы, якой падвяргаюцца вырабы, недастаткова выкарыстоўваць простыя фарбы. Патрэбна нешта асаблівае, што здольнае вытрымаць спачатку высокую тэмпературу, а пасля — зменлівасць гаспадарскага побыту. Таму ў кераміцы выкарыстоўваецца паліва. Дарэчы, з-за незвычайнага складу, аксідаў металу, колеры палівы могуць мяняцца і выглядаць пасля абпалу зусім інакш. Ружовы, да прыкладу, ператвараецца ў ярка-сіні. Каштуе паліва даражэй за гліну, але расходуецца яна не так хутка. Дарэчы, у кераміцы браку бывае шмат — без перабольшання 15—25 працэнтаў, — дзеліцца майстар.
Яшчэ адзін важны «расходнік» — новая інфармацыя. Удасканальваць навыкі і павышаць кваліфікацыю даводзіцца, прызнаецца рамесніца, нават праз 20 гадоў пасля знаёмства з керамікай. Нядаўна яна наведала майстар-клас па паліванай хіміі.
Дзе ж керамісту можна прадаваць свае працы? Як сцвярджае Таццяна, галоўны рынак збыту — шматлікія выстаўкі і кірмашы. У найбуйнейшым кірмашы, дзе ўдзельнічае больш за 500 майстроў з усёй краіны, удзел платны — як для рамеснікаў, так і для наведвальнікаў. Аднак бываюць і бясплатныя фэсты, на якія часта запрашаюць рамеснікаў. Акрамя таго, прадаваць вырабы можна ў сувенірных магазінах. У тавары зацікаўлены і рэгіёны. Да прыкладу, бязвізавы Гродна, дзе ўжо наладжаны паток турыстаў, з задавальненнем купляе аўтэнтычную кераміку.
ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ
• кошт печы для абпалу — 3000 рублёў
• выдаткі на гліну — 50 рублёў у месяц
• выдаткі на паліву — 200 рублёў у месяц
• выдаткі на электрычнасць — 60 рублёў у месяц
• сярэдні прыбытак у месяц — 1200 рублёў
• кошт вырабу — ад 10 да 50 рублёў
malyshchyts@sb.by