Праздник «Павловский каравай» пройдет 11 июня в Слонимском районе

У нядзелю 11 чэрвеня ў вёсцы Навасёлкі Слонімскага раёна правядуць свята караваяў, паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.

– Караваі на Слонімшчыне без перапынку пачалі выпякать адразу пасля вайны, у час якой традыцыя перарывалася, – распавядае спецыяліст. – Вядома, што ў пасляваенны перыяд навучыла сакрэтам выпечкі караваяў усіх жадаючых Ганна Іванаўна Чараховіч. Так вопыт ад яе перанялі Ларыса Вікенцьеўна Мудрацова, Соф’я Сцяпанаўна Слукіна, Марыя Іванаўна Пятліцкая і Галіна Дзмітрыеўна Ерамейчык. Майстрыхі аб’ядналіся і стварылі ў 1983 годзе аб’яднанне, якое існуе па цяперашні час.

Сёння галоўнымі носьбітамі і транслятарамі традыцыі выпечкі паўлаў скіх караваяў з’яўляюцца ўдзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы”, якія сваёй задачай бачаць аддраджэнне і захаванне аўтэнтычнай традыцыі паўлаўскага караваю.   Вынікам іх плённай працы стала ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь элемента “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва” ў 2016 годзе. Найстарэйшай каравайніцы ў Слонімскім раёне Марыі Іванаўне Пятліцкай 1 студзеня 2023 года споўнілася 92 гады.

Раней караваі выпякалі ў яе дома, яна адказвала за падрыхтоўку печы. Пасля Марыя Іванаўна доўгі час была галоўнай каравайніцай у народным аматарскім аб'яднанні «Чараўнiцы-каравайнiцы», дзе захоўвала і перадавала традыцыю маладому пакаленню. Яна і цяпер, навучаючы, раскрывае сакрэты майстэрства вырабу караваяў.

– Асаблівасць слонімскіх караваяў – у багацці і разнастайнасці відаў выпечкі да розных каляндарных і сямейных святаў, якая вырабляецца з захаваннем мясцовых традыцый і адметных рэцэптаў, – адзначае Наталля Рамановіч. – Працэс выпякання суправаджаецца песнямі, жартамі, прымаўкамі, якія каравайніцы захоўваюць з такой жа ўвагай, як і саму рэцэптуру.

Некалькі гадоў таму атрымала рэалізацыю мясцовая ініцыятыва “Адраджэнне і папулярызацыя нематэрыяльнай спадчыны Слонімскага раёна”, у ходзе якой быў зроблены рамонт памяшкання пры філіяле “Навасёлкаўскі цэнтр культуры”. Яго абсталявалі пад творчую гасціную – этнакаравайніцкую, пабудавалі печ, набылі мэблю, посуд, тэхнічнае абсталяванне. Аддзел рамёстваў ДУК “Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў” пашыў рэплікі беларускіх касцюмаў для каравайніц.

Папулярызацыя фальклорнай спадчыны раёна ажыццяўляецца праз актыўную выставачную, публіцыстычную і канцэртную дзейнасць. З 2017 года ў аграгарадку Навасёлкі праходзіць фестываль “Паўлаўскі каравай”, не выключэннем будзе і гэты год.

У планах – стварэнне пры філіяле “Навасёлкаўскі цэнтр культуры” музея паўлаўскіх караваяў. Ну а пакуль тут праводзяцца абрады, майстар-класы па вырабу шышак, кветак, птушак, анімацыйныя праграмы “Цуда-печка” і “Традыцыі выпечкі паўлаўскіх караваяў”.


Фота з архіва Наталлі Рамановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter