Падчас кансультацый па «гарачай лініі» Івану РАДЗЮКУ часцей даводзіцца перанакіроўваць людзей у службу занятасці.
Вакансій мы не прапануем
Кансультаваць людзей па садзейнічанні занятасці сёння будзе Іван Радзюк, галоўны спецыяліст аддзела актыўнай палітыкі занятасці насельніцтва ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Ён яшчэ не паспеў як след насунуць на галаву навушнікі і наладзіць мікрафон, як а 9 гадзіне прагучаў званок.
— Добры дзень, я хачу атрымаць вакансію. Ці можна гэта зрабіць якім-небудзь чынам? — даносіцца голас мужчыны праз навушнікі.
— Вакансій мы не прапануем, вам трэба звярнуцца ў адзін з трох аддзелаў абслугоўвання грамадзян. Запісвайце адрас і тэлефон,— Іван Генадзьевіч далікатна тлумачыць усе акалічнасці субяседніку.
Дарэчы, большасць званкоў на падобныя лінія паступаюць менавіта з просьбамі прапанаваць вакансію. У такіх выпадках спецыяліст накіроўвае чалавека па адрасе найбліжэйшага для яго аддзела абслугоўвання грамадзян і абавязкова папярэджвае, што адразу варта захапіць з сабой неабходныя дакументы — пашпарт, працоўную кніжку, у асобных выпадках — даведку пра стан здароўя… Метад «патэлефаную — і мяне адразу ж уладкуюць на працу» тут, на жаль ці на шчасце, не пракаціць.
Гультаям не рады
А вось наступны субяседнік Аляксей Сяргеевіч калісьці быў звольнены з месца працы па артыкулах за п’янку і прагулы. Потым нейкі перыяд стаяў на ўліку ў службе занятасці, пакуль не прайшоў перанавучанне на аўтаслесара. Мужчына сцвярджае, што і пасля курсаў не атрымалася знайсці працу. Што рабіць?
— У нас ёсць праграма для набыцця вопыту практычнай працы. Яна прадугледжана якраз для тых, хто прайшоў нашы курсы, — дае надзею спецыяліст Мінгарвыканкама. — У рамках праграмы мы заключаем дамову з наймальнікам, працаўладкоўваем чалавека, а потым кампенсуем затраты наймальніка на заработную плату з Фонду сацыяльнай абароны. Дарэчы, за мінулы год такім чынам працаўладкавана 74 чалавекі, у гэтым годзе накіравалі ўжо 9.
Па чатыры на чалавека
У Мінску зарэгістравана каля 2,4 тысячы беспрацоўных, а вакансій больш чым у чатыры разы — ажно 11 тысяч. Прычым каля 70% грамадзян, якія звяртаюцца на «гарачую лінію» па садзейнічанні занятасці, шукаюць менавіта рабочую спецыяльнасць. Сярод жыхароў з вышэйшай адукацыяй у асноўным людзі ва ўзросце, якія трапілі пад скарачэнне і шукаюць аналагічную вакансію ў іншай арганізацыі.
А найбольш актыўнымі беспрацоўнымі чамусьці застаюцца пенсіянеры. У Мінску яны асабліва энергічныя. Часцяком на «гарачую лінію» тэлефануюць бабулі з просьбай уладкаваць сына або ўнука.
— Вось аналагічны выпадак быў сёння. Жонка не можа працаўладкаваць 52-гадовага мужа. Праблема ў тым, што ў яго ёсць шмат супрацьпаказанняў па здароўі, — прыгадвае Іван Радзюк напрыканцы размовы. — Наогул, зносіны з людзьмі падчас «гарачай лініі» лічу каштоўнымі як для саміх грамадзян, так і для нас, спецыялістаў. Паглядзіце, большая частка беспрацоўных нават не ведае, куды звяртацца, каб азнаёміцца з вакансіямі.
Вальжына МІКАЛАЕВА