Аб пошуках і пеставанні талентаў у сучасных студэнтаў, асабліва першакурснікаў на факультэце журналістыкі — адным з самых творчых у БДУ, аб іншых накірунках працы выкладчыкаў, некаторых традыцыях вышэйшай школы, а таксама асабістых падыходах і планах мы пацікавіліся ў прафесара кафедры тэлебачання і радыё Вячаслава БУЛАЦКАГА.
— Трэці год разам з Белтэлерадыёкампаніяй кафедра тэлебачання і радыё арганізоўвае конкурс «Тивиар». Удзельнічаюць не толькі студэнты БДУ, а і іншых ВНУ, старшакласнікі, творчая моладзь. Многія з іх становяцца запатрабаванымі на факультэце журналістыкі. Актыўна праводзіцца ідэалагічная работа, запрашаюцца выкладаць прафесіяналы беларускай медыяіндустрыі.
Значную дапамогу па пытаннях удасканальвання вучэбнага працэсу і ўзмацнення ідэалагічнай работы факультэта аказвае створаны па ініцыятыве Прэзідэнта назіральны савет, узначаліў яго міністр інфармацыі. Члены гэтага савета кансультуюць студэнтаў, сустракаюцца з выкладчыкамі, ладзяць сумесныя мерапрыемствы з мэтай паказаць перспектыву самарэалізацыі і кар'ернага росту моладзі.
Выяўленню юных дараванняў садзейнічае і рэспубліканскі творчы конкурс «Тэлевяршыня». Журы ўсталявала спецыяльны прыз «Дэбют», які ўручаецца найбольш таленавітым студэнтам факультэта журналістыкі і рэжысёрска-аператарскага факультэта Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў.
Ідэйнаму выхаванню заўжды надавалася ўвага. Пастаянна праходзяць сустрэчы з цікавымі творцамі, патрыётамі. Памятаю, як у гады майго студэнцтва частымі гасцямі факультэта былі героі Савецкага Саюза — жывыя сведкі ваенных падзей: франтавікі, партызаны, падпольшчыкі. А як палка разгараліся спрэчкі на дыспутах, камсамольскіх і партыйных сходах! Праводзіліся конкурсы сярод студэнтаў на лепшы матэрыял, рэдкалегія пільна іх адбірала. Кожны курс выпускаў рукапісную насценную газету. У нас рэдагаваў яе былы армеец Уладзімір Далькоў. Высока трымалася планка патрабаванняў да матэрыялаў. Вялікае шчасце было бачыць уласны артыкул у гэтым выданні.
Шмат карыснага давала студэнтам журналісцкая практыка ў рэдакцыйных калектывах. Важнай падтрымкай для нас было і куратарства Ангеліны Аляксандраўны Рудэнка, адчувалі яе сардэчнасць. Ніколі яна не карысталася канспектамі. Дзве гадзіны заняткаў праляталі імгненна.
Увогуле, з'яўленне высокапрафесійнага выкладчыка ў аўдыторыі — вялікая ўдача для навучэнцаў. На факультэце панавала атмасфера даверу паміж педагогамі і студэнтамі. Была своеасаблівая школа этыкету ўзаемаадносін паміж пакаленнямі, калегамі розных узростаў. На нядаўняй нарадзе Прэзідэнта з рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў і экспертамі ў БДУ прадметна абмяркоўваліся перш за ўсё перспектывы развіцця галоўнага ўніверсітэта краіны. Асобная ўвага надавалася і нашаму факультэту. Прагучалі меркаванні адносна перспектыў далейшага яго развіцця. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка трапна адзначыў: самае галоўнае для чалавека — адукацыя… Потым усё астатняе. Гэта сапраўды так. Майму пакаленню пашчасціла вучыцца ў майстроў слова, таленавітых творцаў: прафесараў Рыгора Васільевіча Булацкага, Барыса Васільевіча Стральцова, Яўгена Рыгоравіча Радкевіча. Сустракацца з імі на занятках для нас было вялікім гонарам. У той час на факультэце пераважалі выпускнікі сельскіх школ.
— Вы ж таксама ў нейкім сэнсе маеце сельскія карані?
— Так. Памятаю, як кожнае лета старэйшую сястру, мяне і малодшага брата бацькі адпраўлялі на сваю малую радзіму, на Бабруйшчыну. Спачатку мы праводзілі канікулы ў бабкі Вілі (бабуля па лініі маці Вільгельміна Францаўна Альхоўская). На стале ў яе ляжала Біблія на польскай мове. Вытрымлівала яна ўсе пасты, была адной з найбольш паважаных каталічак Бабруйска. Калі на набажэнства прыязджала высокае духавенства, яе афіцыйна запрашалі. Дзядуля Мікалай Паўлавіч, сібірак, працаваў шафёрам. Далучаў мяне да сталярнай справы, навучыў майстраваць вырабы з дрэва.
На другую палову лета адпраўляліся ў вёску Мачулкі, на бацькаву радзіму, што знаходзілася за два дзясяткі кіламетраў ад Бабруйска. Дабіраліся на машыне, якую выдзяляў сябра таты, рэдактар бабруйскай аб'яднанай газеты Мікалай Паўлавіч Валадковіч. З аўтатрасы, што вядзе на Слуцк, да Мачулак ехалі па лясной калдобістай дарозе. У пасляваенны час сям'я бацькі перабралася з хутара ў вёску. Паміж Мачулкамі і суседняй Мартынаўкай рос калгасны сад, была саджалка. У ёй звычайна ў канцы жніўня вымочвалі лён. Мо таму і атрымала вёска адпаведную назву. Землякі дзядулю ласкава называлі Васільчыкам. Ён славіўся як руплівы гаспадар, апроч таго, быў адменным музыкай. Граў на скрыпцы, гармоніку і віртуозна выстукваў у бубен. Да гэтых інструментаў прызвычаіў і майго тату. Вяскоўцы адзначалі, што пад мелодыі дзедавай скрыпкі і бацькавага гармоніка нельга было ўтрымацца на вяселлі ці іншай урачыстасці.
У сенакосны час раніцай вёска абуджалася ад кляпання кос. Разам з дзядулем адпраўляўся на сенажаць мой бацька. Вабіў гэты занятак і мяне, але трымаць касу не навучыўся. З нізкіх мясцін траву цягалі сушыць на грудок. Як толькі пакосы падсыхалі, мы іх варочалі, а потым зграбалі сена.
З тых далёкіх часоў дзяцінства запомнілася, як на дарозе, што вяла з лугавіны, здалёк выплывала капа сена, а пад ёю ледзьве праглядвалася постаць дзеда. Без справы ён ніколі не сядзеў, а ў вольны ад працы час любіў смаліць самакруткі. Тытунь вырошчваў на агародзе. Сушыў, назапашваў на доўгую зіму. Прасіў, каб прывозілі яму з горада газеты на самакруткі. Колькі разоў бацька прапаноўваў папяросы «Беламорканал», але дзед іх не прымаў. Да апошніх сваіх дзён смаліў самасад.
— Мо гэты рамантычны ўклад жыцця і паўплываў на ваш выбар прафесіі?
— Вёска, у адрозненне ад горада, больш развівае ў чалавеку духоўнасць. Там усё навідавоку. Наш падворак летам звінеў дзіцячымі галасамі. Было тут чым заняцца і шасцярым малым бацькавай малодшай сястры. Запомніўся яе меладычны голас і тое, што амаль круглы год жанчына хадзіла басанож. Часта ў доме збіраліся сваякі, успаміналі родных, што не вярнуліся з вайны. Старэйшы брат таты Павел загінуў пры вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Забрала Вялікая Айчынная і старэйшую сястру. Да пераможнага мая 1945-га граміў ворагаў бацька Рыгор Васільевіч. Служыць у армію пайшоў з гістфака БДУ па сталінскім закліку, а адтуль яго накіравалі паступаць у Мелітопальскую лётную школу. Асаблівага жадання не было. На ўступных экзаменах побач з ім сядзеў юнак, які марыў стаць лётчыкам, але не мог справіцца з задачай. Бацька дапамог яму, а сваё заданне наўмысна не выканаў. Афіцэр, які праводзіў экзамен, заўважыў гэта. Курсантам тата ўсё ж такі стаў. Пасля вучобы яго накіравалі на Далёкі Усход. Пакуль дабіраўся цягніком, пачалася вайна. Моладзь ірвалася на фронт, але камандаванне нікога не адпускала: трэба было ахоўваць усходнія рубяжы.
— Рыгор Васільевіч cтаяў у вытокаў стварэння факультэта журналістыкі ў БДУ. Яго былыя вучні — вядомыя журналісты, дзяржаўныя дзеячы. З журфакам непарыўна звязана ваша жыццё, хаця была магчымасць прысвяціць яго практычнай журналістыцы. Не шкадуеце?
— Выкладчыцкай дзейнасцю заняўся не адразу. Пасля заканчэння журфака на Беларускім радыё рыхтаваў спецвыпускі папулярнай у той час радыёпраграмы «Беларуская маладзёжная» для воінаў Савецкай арміі. Вучоба ў аспірантуры, абарона кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай даследаванню развіцця беларускай журналістыкі, у Ленінградскім універсітэце. Ад бацькоў пераняў жыццёвы дэвіз: як ты адносішся да людзей, так і яны будуць да цябе ставіцца. Эстафету кіраўніцтва кафедрай тэлебачання і радыё перадаў нашай выпускніцы кандыдату гістарычных навук Алесе Юр'еўне Кузьмінавай. На гэтай кафедры працую прафесарам, падтрымліваю сувязь з многімі былымі выхаванцамі.
— У кабінеце кафедры тэлебачання і радыё сцяну ўпрыгожваюць партрэты выпускнікоў розных гадоў. Амаль усе яны вядомыя медыйныя асобы. Галерэя папаўняецца?
— Канешне, кожны выпуск дорыць новыя імёны. Ганаруся, што ў іх поспеху ёсць і часцінка выкладчыцкай працы. Зоркі тэлебачання і радыё Алена Спірідовіч, Віталь Навіцкі, Максім Угляніца, Наталля Надольская, Кацярына Забянько, Таццяна Шчарбіна, Павел Лазовік, Наталля Марынава, Алена Бірэцкая, Алена Міхайлоўская, Андрэй Тур і іншыя выхаванцы нашай кафедры паспяхова знайшлі сябе ў жыцці. Сярод іх ёсць і лаўрэаты Нацыянальнага творчага конкурсу «Тэлевяршыня», дзе я ў саставе журы з пачатку арганізацыі правядзення яго і па сённяшні дзень. Працую і ў журы тэлеконкурсу «Бриллиант содружества» выканаўчага камітэта СНД. Спецыяльным прызам адзначана кафедра тэлебачання і радыё факультэта журналістыкі. З асаблівым хваляваннем уручаў статуэтку і дыплом лаўрэата сыну — выпускніку нашага факультэта Паўлу Булацкаму. У Белтэлерадыёкампаніі ён узначальвае творчую дырэкцыю. Нас з жонкай Наталляй Аляксееўнай, прафесарам кафедры сусветнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, радуюць поспехамі ўнук Аляксей і ўнучка Ганначка.
У штодзённай выкладчыцкай дзейнасці ўважліва стаўлюся да кожнага юнага даравання, імкнуся падтрымаць, дапамагчы вызначыцца ў творчасці. Мне, як навуковаму кіраўніку, прыемна, што сёлета выдатна абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную даследаванню інфармацыйнага радыёвяшчання Беларусі ва ўмовах трансфармацыі медыясістэмы, старшы выкладчык нашай кафедры Ганна Леанідаўна Лебедзева. Для правядзення лекцый і практычных заняткаў па спецыяльных дысцыплінах выбудавана пэўная сістэма, прыкладаюцца намаганні, каб яна эфектыўна працавала. Прафесарска-выкладчыцкім калектывам кафедры па заказе Мінадукацыі выдадзены падручнікі «Асновы беларускай радыёжурналістыкі» і «Асновы беларускай тэлежурналістыкі». Гэтыя выданні насычаны багатым гістарычным і факталагічным кантэнтам.
Тэлерадыёстудыя факультэта журналістыкі аснашчана самым сучасным прафесійным абсталяваннем, што дае магчымасць маладым творцам больш глыбока спасцігаць азы прафесіі. Акрамя беларускіх студэнтаў, у нас вучыцца і моладзь з замежных краін. Пастаянна абнаўляецца выкладчыцка-прафесарскі састаў, удасканальваецца праграма падрыхтоўкі журналістаў. Спіс дысцыплін папоўнілі асновы дзяржавы і права, эканоміка, профільныя спецкурсы.
Кожную восень муза кліча ў храм навукі няўрымслівых рамантыкаў. Наша місія — дапамагчы студэнтам раскрыць закладзены ў іх патэнцыял і пераўтварыць яго ў чалавечы капітал — адзін з самых каштоўных рэсурсаў дзяржавы.
subbat50@mail.ru