Пачынаючы з 1991 года, пасля аднаўлення незалежнасцi, мы атрымалi новы гiстарычны шанс. Але сёння — ва ўмовах глабалiзацыi, унiверсалiзацыi, iнтэграцыйных працэсаў на Захадзе i Усходзе беларуская нацыя — гэта не iснуючая рэальнасць, а мэта, працэс. Можна канстатаваць, што вiдавочныя два паралельныя працэсы: глабалiзацыя i завяршэнне фармiравання беларускай нацыi. Узнiкае пытанне: цi паспеем мы гэта зрабiць, або працэс глабалiзацыi праглыне нас як рускамоўную адзiнку, як, напрыклад, нямецкамоўных аўстрыйцаў?
А калi, спытаецца хтосьцi, няма нацыi, то цi можа iснаваць нацыянальная iдэя, якая кансалiдуе нацыю?
Паўстане нацыя — праявiцца, бу-дзе асэнсаваная i завiруе нацыянальная iдэя.
Ёсць розныя вызначэннi нацыi. Пiсьменнiк i фiлосаф з Беласточчыны Сакрат Яновiч вельмi трапна i паэтычна–вобразна сказаў: «Нацыя — гэта лёс!»
У маiм разуменнi нацыя — гэта кансалiдаваная этнiчная адзiнка, этнас, якi аб’яднаны:
— агульнымi мэтамi, iдэямi i каштоўнасцямi, разуменнем нацыянальнай iдэнтычнасцi (нацыянальная iдэалогiя);
— цывiлiзаванымi рыначнымi адносiнамi, што функцыянуюць у межах адной тэрыторыi;
— агульнай гiстарычнай памяццю i лёсам;
— агульнай роднай мовай як генетычным кодам супольнасцi;
— кансэнсусам адносна ўсiх напрамкаў унутранай i знешняй палiтыкi;
— дакладным i яскравым усведамленнем сваёй гiстарычнай адказнасцi перад нашчадкамi за яе iснаванне, захаванне i развiццё.
Памятаю, як два гады таму ў час свайго iнаўгурацыйнага выступу Аляксандр Лукашэнка працытаваў Якуба Коласа: «Чалавек без Радзiмы — гэта жабрак». Яго словы проста цудоўна дапаўняе нобелеўскi лаўрэат, французскi пiсьменнiк Мартэн дзю Гар: «Нацыя без мовы — жабрак».
Безумоўна, мы выступаем за фармiраванне не «звышпатрыятызму», якi мог бы праявiцца ў лозунгу «Беларусь — перадусiм, вышэй за ўсё» (што нам не пагражае), а ўзважанага, асэнсаванага, цывiлiзаванага нацыянальнага пачуцця, у якiм ёсць усё, акрамя нянавiсцi, непавагi да iншых, iмкнення панаваць над iмi, што прынцыпова адрознiвае патрыятызм у нацыянальнай афарбоўцы ад такiх крайнiх i абсалютна непрымальных для беларусаў праяў, як шавiнiзм, ксенафобiя, антысемiтызм, фашызм, усяго звярынага i нечалавечага. Узважанасць, асэнсаванасць, разумны кантроль дазволяць нам не выпусцiць джына з бутэлькi, як гэта адбылося ва Украiне.
Фото БЕЛТА
Стратэгiчны напрамак фармiравання нацыi — эканамiчны патрыятызм — можа быць рэалiзаваны пры прынцыпова новай якасцi беларускiх тавараў, некаторыя з якiх не вытрымлiваюць канкурэнцыю. Лiчу, што эканамiчны патрыятызм патрабуе абмеркаваць магчымасць увядзення прыватнай уласнасцi на зямлю, стварэння рэальнага рынку ў гэтай галiне, развiцця iпатэкi. Зямля павiнна стаць як сродкам вытворчасцi, так i таварам.
Важнейшае пытанне — рэальная роўнасць усiх формаў маёмасцi, звязаная з роўнымi ўмовамi гаспадарання, доступу да пазыкi i крэдытаў, аднолькавай шкалой падаткаў i збораў.
Як i ў савецкiя часы, грамадства раз’ядае ракавая пухлiна сацыяльнага ўтрыманства. За першае дзесяцiгоддзе нашага стагоддзя сярэднегадавыя тэмпы росту вытворчасцi працы былi ў два разы нiжэйшыя, чым тэмпы росту заробку. У вынiку краiну ахапiў спажывецкi бум. У асобныя гады стаўка зберажэнняў скарачалася ў 4 — 5 разоў i замацоўвалася на ўзроўнi толькi 4 адсоткаў. Чым гэта скончылася, мы ўсе добра ведаем.
У 2004 годзе ў Польшчы сярэднi заробак складаў 600 долараў, але пры гэтым нацыянальны прадукт на аднаго чалавека быў у два разы вышэйшы, чым у нас. На мой погляд, настаў час сказаць прама: лайдаку, можа, зашмат i 100 долараў, а добры гаспадар хай зарабляе столькi, колькi можа.
Носьбiтам эканамiчнага патрыятызму i гарантам незваротнасцi рыначных адносiн павiнен стаць так званы «сярэднi клас», куды б уваходзiла ад 40 да 60 адсоткаў насельнiцтва.
Асаблiвае значэнне для завяршэння фармiравання нацыi, безумоўна, мае мова. Яна — гэта тысячагадовая творчасць; тут характар i душа народа, свабода i памяць, фiласофская сiстэма i генетычны код супольнасцi. Ёсць мова — ёсць i нацыя. I наадварот.
Мусiць быць не толькi юрыдычная, але i рэальная роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, iх парытэт. Iнакш мы будзем толькi назiраць, як родная мова iмклiва знiкае.
Даныя 2016 года: толькi 11 кнiг з сотнi ў Беларусi друкуецца па–беларуску.
Яшчэ ў 1993 годзе, выступаючы ў Падуанскiм унiверсiтэце, я ўпершыню сфармуляваў iдэю стварэння Нацыянальнага пантэона, што мае вялiкае значэнне. Трэба перанесцi туды прах цi стварыць у iм сiмвалiчныя магiлы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановiча, Ц.Гартнага (З.Жылуновiча), А.Чарвякова, Iвана i Антона Луцкевiчаў, прыняць дзяржаўную праграму пошукаў магiлы Францiшка Скарыны. Трэба знайсцi нацыянальны кансэнсус па пытаннях знешнепалiтычнай i знешнеэканамiчнай арыентацыi на Захад цi на Усход. Неабходныя перамовы з суседнiмi краiнамi аб рэстытуцыi цi выкупе нашых культурных каштоўнасцей. Паводле даных ЮНЕСКА, iх у нас сёння толькi 1 адсотак, астатняе — страчанае цi знаходзiцца ў суседзяў.
Трэба ў рэшце рэшт прыйсцi да высновы, што ўсе мы — улада, грамадства, апазiцыя, людзi розных нацыянальнасцей — усе мы дзецi беларускай зямлi, нашай агульнай Бацькаўшчыны, якiя павiнны жыць у згодзе. Давайце аддамо належнае i ўславiм Цiшку Гартнага i Iвана i Антона Луцкевiчаў, А.Чарвякова i В.Ластоўскага, У.Iгнатоўскага i Я.Лёсiка, М.Галадзеда i Я.Варонку, Э.Пашкевiч (Цётку) i Б.Тарашкевiча, якiя аддалi жыццё, як свечкi згарэлi за Беларусь. Усе яны — патрыёты Беларусi, толькi па–рознаму разумелi шляхi яе развiцця. Лёс, а дакладней, смерць прымiрыла iх... У рэшце рэшт, я лiчу, мы не можам не прызнаць, што без БНР не было б БССР.
Мы павiнны будаваць i будуем не манаэтнiчную, а еўрапейскую дзяржаву. У ёй мусiць быць аднолькава ўтульна рускаму, беларусу, паляку, украiнцу i габрэю, татарыну i мiгранту з краiны СНД. Галоўнае для нас не чысцiня крывi, а прафесiяналiзм чалавека, яго маральная прыстойнасць, грамадзянская адказнасць, патрыятызм, веданне i любоў да беларускай мовы, гiсторыi i культуры.
Прыйшоў час, як гаворыцца ў Бiблii, збiраць камянi. Збiраць iх, каб пабудаваць спачатку падмурак, а потым i сам Беларускi Дом. I зрабiць хутка гэта мы зможам толькi талакой, як i заўжды было на нашай Бацькаўшчыне. Талакой, дзе няма гвалту, крыўды, спрэчак, канкурэнцыi, а ёсць цяжкая, але прыемная праца.
Пётр КРАЎЧАНКА, кандыдат гiстарычных навук.