Калі ў вас «пасяліліся» грыбкі, адразу звярніцеся ў раённую жыллёва-эксплуатацыйную арганізацыю для выяўлення і ліквідацыі прычын, якія спрыялі іх з’яўленню.
Заразлівы прыклад
Калі Марыя атрымала ключы ад запаветнай кватэры на мінскай вуліцы Кнорына, радасці не было меж. Невялікая аднапакаёўка, але затое свая! Тым больш з рамонтам — з радасцю адразу заехала ў жыллё. У эйфарыі ад куплі пражыла паўгода, пакуль на шпалерах не з’явілася цёмная пляма. За пару месяцаў участак памерам з кулак ператварыўся ў вялікае чорнае «пано» на сцяне. Аказалася, Маша жыве не адна, а з суседкай — цвіллю. Няпрошаная госця тут жа заявіла пра сябе: здароўе гаспадыні кватэры пагоршылася...
— Ні народныя, ні хімічныя сродкі не дапамаглі ліквідаваць цвіль, — дзеліцца гаспадыня жылля на апошнім, пятым паверсе хрушчоўкі. — Прыйшлося арандаваць іншую кватэру і з’ехаць. Другога выйсця зберагчы здароўе я пакуль не знайшла.
Яшчэ адзін вядомы нам выпадак адбыўся ў новабудоўлі, куды маладая сям’я заехала адразу пасля здачы дома. Месяц абжываліся, усё было ў парадку. Да таго часу, пакуль у адзін «цудоўны» дзень яны не выявілі чорную цвіль у шве паміж белымі пліткамі. Спрабавалі яе ліквідаваць, але адна з самых старажытных і трывалых формаў жыцця не знішчалася. Пачаліся праблемы са здароўем, прыйшлося звяртацца па дапамогу да ўрачоў.
Падобных выпадкаў шмат, і фактычна ўсе сітуацыі цяжкавырашальныя. Сяргей Карыняк, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН, агучыў некалькі эпізодаў са сваёй шматгадовай практыкі:
— Многія думаюць, што цвіль атакуе ў асноўным старыя дамы, але гэта не так. Плесневыя грыбы могуць пасяліцца і ў элітных новабудоўлях. Напрыклад, выпадак на праспекце Дзяржынскага. Маладыя людзі купілі з выгляду добрую кватэру ў элітным доме на трэцім паверсе, сталі рабіць дарагі рамонт, але праз пару месяцаў з-пад плінтуса выраслі шапачкавыя грыбы! У гаспадароў жылля быў шок.
Моцна ўзрушаная была i яшчэ адна ўладальніца жылога памяшкання — жанчына купіла прыгожы прыватны дом у прыгарадзе Мінска, але праз нейкі час у ім пачалі моцна «пацець» сцены. Аказалася, уся каробка драўлянага катэджа была са шчыльным пластам цвілі, старанна замаскіраваным будматэрыяламі мінулымі гаспадарамі забудовы. Такая нерухомасць не каштавала і дзясятай часткі той сумы, якую за яе выклала пакупніца.
Сухі закон
Мы недаацэньваем пагрозу, якую ўяўляе для нас цвіль. Асабліва не задумваемся аб небяспечных грыбках, калі набываем жыллё. А варта было б!
Сяргей Карыняк:
— На што мы звяртаем увагу ў першую чаргу? Перажываем, каб суседзі былі прыстойнымі і ціхімі, выгляд з акна — добрым, планіроўка задавальняла. Але варта адразу праверыць вентыляцыю: паднесці запалку да рашоткі або прыкласці да яе газетны ліст. Калі полымя нахіляецца і папера прыліпае, то ўсё ў парадку. Калі ж вентыляцыя слабая, а ў кватэры ёсць сырасць, працяканне труб, стыкаў сценавых канструкцый, даху, батарэй, цвілі ў кватэры не абмінуць.
Перад купляй нерухомасці не лішнім будзе літаральна абнюхаць усе памяшканні — ці няма там характэрнага непрыемнага паху. Трэба ўважліва разгледзець сцены — ці ёсць там вільготныя месцы. Не ігнараваць запацелыя вокны, якія таксама могуць быць сігналам да таго, што цвіль у доме прысутнічае ці хутка можа з’явіцца. А бывае, характэрных прыкмет прысутнасці цвілі няма, але яна выяўляецца праз пару месяцаў, паўгода ці год. Вельмі часта гэта здараецца з-за несумленных прадаўцоў, якія пры продажы кватэры старанна хаваюць наяўнасць грыбкоў.
— Бяздзейнічаць, калі вы падоўгу знаходзіцеся ў памяшканні з цвіллю, нельга. Грыбы выкідваюць мільёны спор, якія трапляюць на слізістыя насаглоткі, у бронхі, лёгкія, на скуру. Гэта цягне за сабой масу праблем для здароўя людзей, выклікаючы разнастайныя захворванні.
Хранічны насмарк мы не будзем спісваць на мікраарганізмы, якія жывуць у нас дома. А варта было б! З часам у людзей і зусім узнікаюць рыніты, фарынгіты, бранхіты, сімптомы запалення лёгкіх, астматычныя прыступы. Імунітэт павольна згасае. Прадукты метабалізму цвілі — наймоцныя яды, якія выклікаюць атручванне арганізма, алергіі, развіццё анкалагічных захворванняў, сардэчна-сасудзістую паталогію, паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы і г. д. Працяглы кантакт з цвіллю можа прывесці нават да смяротнага зыходу... І такія трагедыі, на жаль, здараюцца.
Калі ў вас пасяліліся грыбкі, адразу звярніцеся ў раённую жыллёва-эксплуатацыйную арганізацыю для выяўлення і ліквідацыі прычын, якія спрыялі іх з’яўленню. Для выбару сродкаў барацьбы з грыбком не лішнім будзе даведацца, якія віды цвілі ў вас. Такія даследаванні выконваюць у лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН. Сяргей Карыняк прызнаецца: штодня з гэтым пытаннем да іх звяртаюцца 4—5 сем’яў, а па правядзенне экспертызы ў гэтым годзе прыйшлі ўжо больш за 30 уладальнікаў памяшканняў.