Через 42 года коренной житель агрогородка Доры Воложинского района вернулся домой

Планавалі доўга, а хату будавалі

Стараюся ва ўсіх камандзіроўках, калі ёсць вольны час, зазірнуць у царкву або касцёл. Магчыма, таму, што падабаецца атмасфера цішыні і спакою, якіх у паўсядзённым жыцці, на жаль, часта не хапае. А падчас паездкі ў аграгарадок Доры Валожынскага раёна наведванне храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы стаяла амаль галоўным пунктам і ўваходзіла ў абавязковы план, звязаны з праектам «Восставшие из пепла».

Святлана і Віктар СЯМЁНАВЫ.
Каб сустрэцца са святаром Паўлам, прыйшлося паўгадзіны прысутнічаць на службе. Уразілі царкоўныя спевы. Такога ідэальнага зліцця і спалучэння жаночых і мужчынскіх галасоў рэдка даводзілася чуць. Вырашыла пазнаёміцца з пеўчымі, якімі аказаліся муж і жонка Віктар і Святлана Сямёнавы. Ён — стараста ў храме, яна — рэгент хору.

У вёсцы чыста руская гаворка з мяккім акцэнтам адразу выклікала нейкае сумненне: хіба не беларусы? Святлана ўсміхнулася: «Я русская, а вот муж белорус, просто долгое время жили в России». Да размовы далучыўся Віктар:

— Я нарадзіўся ў Дорах, тут прайшлі мае дзяцінства і юнацтва. Пасля школы была служба ў арміі ў Нарыльску. Там знайшоў жонку, стварыў сям’ю і застаўся аж на 42 гады.

Пераезд у Беларусь Сямёнавы планавалі доўга. На працягу апошніх 12 гадоў вясной наведваліся ў вёску падчас водпуску, на бацькоўскім падворку будавалі сваю хату. Вырашылі на малую радзіму мужа вярнуцца пасля выхаду на пенсію. Гэта і адбылося сем гадоў таму. Сцвярджаюць, тут ім жыць намнога лепей і камфортней. Падабаюцца вясковыя цішыня і мернасць. Людзі ў Дорах — як блізкія сваякі, каля храма многа прыхаджан, а на святах збіраецца ўся акруга.

Пытаюся, чаму менавіта царкоўны хор абралі, і адкуль такія цудоўныя галасы. Аказваецца, музычнай адукацыі ў жанчыны няма, працавала ў Нарыльску медыкам. А вось супруг нават быў музыкантам духавога аркестру.

Бацькоў я згубіў у дзяцінстве, адразу пасля вайны, таму мяне выхоўвала бабуля. Некаторы час знаходзіўся ў інтэрнаце. Там і пачаў іграць на інструментах. Выступаў і ў школе, і ў Доме культуры. Потым у Нарыльску вучыўся па класе баяна, на медным заво­дзе кіраваў духавым аркестрам. Мабыць, і жонку сабе знайшоў па голасе. Пасля знаёмства на вуліцы ўвесь вечар ёй спяваў патрыятычныя песні. На Пак­ровы адзначылі сапфіравае вяселле, 45 гадоў разам. Маем дваіх дзетак і трох унукаў. Бачыце, як злажылася жыццё! Увесь час марыў вярнуцца дадому, цягнулі сюды і душа, і сэрца, а змог гэта здзейсніць толькі пад старасць. Затое цяпер мы дома.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter