Пісьменніца з глыбінкі за чатыры гады выдала 18 кніг

Пішы ад печы

Валянціна Бабко-Аляшкевіч — жыхарка вёскі Радкава, што на Салігоршчыне. Тут прайшлі яе дзяцінства і юнацтва. Тут знайшла свой шчаслівы жаночы лёс. У гэтых мясцінах пасля Слуцкага медвучылішча працавала фельчарам. Стапрацэнтна вясковая — так яна гаворыць пра сябе. У Радкава з’явіліся і яе першыя вершы. Сёння Валянціна — аўтар 18 кніг, якія выйшлі на працягу ўсяго чатырох гадоў. Зайздросны плён.

І ўсё ж — вясковая

Новая старонка жыцця Валянціны БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ — літаратурная — пачалася пасля выхаду на заслужаны адпачынак
Вершы яна пачала пісаць у раннім юнацтве. Так бывае ў многіх: дзявочая вясна, першае каханне, летуценныя мары... Тыя два сшыткі хавала ад чужых вачэй, баялася — засмяюць. Але першае каханне прайшло, за ім паляцела і муза. А свае думкі, пачуцці, уражанні і назіранні за жыццём, пачутае ад родных і знаёмых дзяўчына працягвала занатоўваць у асабістых дзённіках. На працягу гадоў такіх назбіралася з паўсотні. Менавіта яны дапамаглі ў сталыя ўжо гады вярнуцца да вершаў і прозы.

Новая старонка жыцця — творчая — пачалася пасля выхаду на заслужаны адпачынак. У 2011-м вершы з’явіліся ў мясцовым друку, і паступова імя аўтара стала вядомым у коле такіх жа, як і яна, апантаных літаратурнай дзейнасцю аматараў у Салігорску, а пасля і ў Мінску. А ў кастрычніку 2014-га выйшаў яе першы паэтычны зборнік «И все-таки я деревенская».

Праз паўгода пасля першай — яшчэ дзве кнігі. Далей — болей: «Макраме судьбы», «Вясёлыя ўспаміны радкаўскай жанчыны», «Страницы жизни листая», «Шчасце ў далонях», «Женское счастье», «Акенца ў світанак», «Радкаўскія зоркі», «Дрэва жыцця»… На мове рускай і беларускай. Вершы і проза. Лірыка кахання, паэмы, байкі, апавяданні.

— Зараз дзве новыя кнігі — у выдавецтве, яшчэ адна — у рукапісе. Думала: хопіць, усё, спыніся. Але як — 18 старонак наступнай кнігі ўжо напісаныя. Быццам даганяю ўпушчанае, — гаворыць Валянціна.

Кнігі выдае за свой кошт. Ці дорага? Жартуе ў адказ, маўляў, столькі грошай аддала, што ўсе курорты аб’ехала б і ў норкавай шубе да пят хадзіла б. На самай справе бухгалтэрыя простая. Грошы — з дзвюх пенсій, сваёй і мужа. Тыражы — невялікія. Для сям’і і свайго кола зацікаўленых чытачоў, якія пасля выступленняў вясковай пісьменніцы на творчых сустрэчах, публікацый у друку з’явіліся па ўсёй краіне. Эканомія — за кошт самастойнай падрыхтоўкі і афармлення тэкстаў. За гады, што займаецца літаратурай, Валянціна асвоіла камп’ютар, спецыяльныя праграмы, сама звярстаць кнігу можа. Сама і фотаздымкі робіць для ілюстрацый.

…Са сваім рабочым сшыткам яна не расстаецца, ён заўсёды пад рукой, і штодня туды кладуцца новыя радкі. Адкуль невычэрпнае натхненне? Мая суразмоўніца загадкава ўсміхаецца:

— У мяне на кухні за печкай ёсць закутак — ціхенькі, мірненькі, утульны. Там жыве мая муза — ёй цёпла і камфортна. І мне менавіта там, побач з ёй, лепш за ўсё і лёгка пішацца.

Карані і дарогі

Аднавяскоўцы пра Валянціну гавораць: спагадлівая. Яна і сапраўды заўсёды гатова адгукнуцца, прыйсці на дапамогу. Нездарма ж на працягу ўжо сямі гадоў — стараста вёскі. Вось і зараз яе боль і клопат — дарога.

У Радкава ўсяго адна вуліца. Яе разразае на дзве часткі траса Мінск — Мікашэвічы. Першая — пад асфальтам, другая, 600 метраў, уздоўж якіх 40 дамоў, — гравійка. У 2011 годзе пасля звароту на «прамую лінію» аблвыканкама гэтую частку вуліцы прывялі ў парадак — падсыпалі, разраўнялі, добра закаталі. Радкаўцы нарадавацца не маглі. А ў 2016-м у вёску праводзілі газ. Работы завяршылі, а дарогу ў першапачатковы стан не вярнулі. Разраўнялі грэйдарам зямлю з глінай, і ўсё.

Калі суха — пытанняў няма. А як дождж, гразі — ног не пацягнуць. Тады звычайны абутак радкаўцаў — гумавыя боты, галёшы, ідуць у ход і бахілы з цэлафанавымі пакетамі. А яшчэ ж і машыны тую дарогу размоклую штодня разбіваюць. Гразь з каляін ляціць паўсюль — на дамы, людзей.

Валянціна Віктараўна не можа не хвалявацца:

— Сем кіламетраў ад горада, Салігорск з агародаў відаць, і такая твань пад нагамі! Мы не просім новай вуліцы, пра асфальт не марым нават. Каб толькі зрабілі пакрыццё, якое да газіфікацыі было.

Куды з гэтым пытаннем не звярталася стараста вёскі — рады пакуль няма. Але яна не з тых, хто адступае. Надта ж баліць ёй за родную вёску і землякоў. Можа, больш за іншых яшчэ і таму, што глыбока сядзяць у гэтай зямлі яе радавыя карані. Вялікім надзелам у Радкаве яшчэ да рэвалюцыі валодаў прадзед Арсень. Гаспадаром быў заможным, за што і пацярпеў падчас калектывізацыі. А ў 1937-м абвінавацілі ў шпіянажы і адправілі ў ГУЛАГ яго сына Ігната, дзеда Валянціны. Знік той бясследна. Звесткі шукаў некалі яе бацька. Вынікам стаў толькі адказ: рэабілітаваны пасмяротна.

Гісторыя яе роду — таксама на старонках кніг. У гонар продкаў Валянціна ўзяла падвоенае прозвішча — Бабко-Аляшкевіч. У памяць пра іх беражліва захоўвае сямейныя рэліквіі: некалькі старых фатаграфій, сярэбраную манету, якую пакінуў перад арыштам шасцігадоваму сыну дзед Ігнат, ікону з лікам Бога Саваофа, яе дзед некалі прынёс са свайго пешага паходу ў Кіева-Пячорскую лаўру. І — клапатліва даглядае ў садзе дзедаў бэз дзіўнага і нязвыклага блакітнага колеру.

Кветкавы блюз

Тры яе кіты: сям’я, кнігі і кветкі. Сям’я — шчаслівая, моцная, з Міхаілам 41 год разам, ён таксама з радкаўцаў. Дзеці дарослыя, жывуць асобна, свае сем’і і ў дачкі, і ў сына. Трое ўнукаў.

Кнігі пішуцца спраўна. А кветкі? Яны — захапленне і радасць гаспадыні. На сядзібе — 16 клумб, выкладзеных камянямі, назбіранымі на мясцовых палях. Зараз, перад зімкам, на кветніку прыгажосць, канешне, не тая. А з вясны да восені — адно замілаванне: цюльпаны, нарцысы, півоні, ружы, ірысы, гладыёлусы, вяргіні, хрызантэмы… Быў год — адных толькі лілій 124 гатункі расло!

Моду ў Радкава на вулічныя клумбы першай увяла Валянціна:

— Нацягала камянёў і зямлі, пасадзіла кветкі. Выйдзеш за веснічкі — і там прыгажосць. Спачатку на мяне глядзелі коса, маўляў, дзівачка, навошта. А цяпер многія перанялі, і ў іх пад платамі ўжо не крапіва з лебядой, а кветкі.

Дарэчы, свой кветкавы каталог з уласнымі фотаздымкамі Валянціна выдала маляўнічым падарункавым альбомам — на памяць сабе і дзецям.

Але догляду патрабуюць не толькі кветкі. Ёсць і агарод, і сад. На стол, для нарыхтовак — усё адтуль, сваё. А дзевяць гадоў таму ў гонар гадавіны вяселля пасадзілі з мужам на 13 сотках 10 бярозак. Зараз вакол іх ужо паўнацэнны новы сад, прыгожы, малады: сосны, рабіны, арэшнік, елкі, яблыні, слівы, агрэст з парэчкамі…

Сіл і часу зямля забірае многа: 25 сотак — аб’ём значны. Як паспяваюць, адкуль сілы бяруць? Валянціна адказвае так:

— Мы ж — вясковыя, трэніраваныя. Колькі сябе памятаю, працавала на зямлі. На 7 гадоў мне замест лялькі, як звычайна дзяўчынкам, падарылі матычку. Спецыяльна выкавалі ў кузні, маленькую ручку зрабілі. І я — з мамай на бурачнае поле калгаснае. Усё жыццё бацькам па гаспадарцы дапамагала. Цяжкая, канешне, загартоўка зямельным рабствам. Але як выйдзеш на сядзібу, глянеш на гэтую прыгажосць, разумееш: няма калі сядзець, трэба працаваць, варушыцца. І сілы знаходзяцца. Відаць, Божанька дае.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter