Писательница из Светлогорска Софья Шах сочиняет диадемы сонетов – это уникальный пример для мировой литературы

Сёлетні намінант на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне паэзіі – Соф’я Шах са Светлагорска, паэтка Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усё яе жыццё – яркі прыклад служэння слову. Напісала 30 кніг, у ліку якіх дзіцячыя і дарослыя. Летась у выдавецтве «Беларуская навука» выйшла яе «Дыядэмная споведзь» для ўсіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства. Аўтар прапануе пазнаёміцца ў выданні з санетнай дыядэмай – трохпрыступкавымі (вянкамі вянкоў вянкоў) санетамі. Прыклады падобнага цяжка адшукаць ва ўсёй славянскай і сусветнай паэзіі. «Гэта самы складаны жанр, у якім 3375 узаемазвязаных санетаў злучаюцца ў вянок вянкоў вянкоў санетаў. Пачынаецца і заканчваецца твор словамі: «Жылі калісьці продкі на зямлі…» – падкрэслена ў анатацыі.

Фото pixabay

 Муж (паэт Ізяслаў Катляроў) быў маім строгім літаратурным крытыкам і дарадцам, – узгадвае Соф’я Мікалаеўна. – А ягоныя ўсе кнігі прайшлі праз маё рэдактарства. Ухваляў мае працы, яму верыла, як нікому іншаму. Менавіта муж парэкамендаваў звярнуцца да жанру санетаў. Так і адбыліся першыя спробы. У гэтым жанры адчуваю сябе лёгка, проста, арганічна. І вельмі вольна – кожны радок вымушае працягу, магу шырока разгарнуць думкі!

У выніку ў «Дыядэмнай споведзі» выйшла санетаў ажно на 600 старонак. Іх тэматыка – каханне, любоў да роднага краю, высокія маральныя каштоўнасці. А сам прынцып «вянок вянкоў вянкоў» дазваляе шырэй раскрыць абраную тэму. У літаратуры багата прыкладаў вянкоў санетаў, ёсць вянкі вянкоў, а вось санетныя дыядэмы – спроба зусім нячастая. Кананічныя патрабаванні строгія: у вянку новы санет пачынаецца апошнім радком папярэдняга, а апошні – 15-ты – складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх.

У прадмове да кнігі сказана, што «Дыядэмная споведзь» напісана пяцістопным «шэкспіраўскім санетам», гэта дазваляе рабіць рыфмоўку больш разнастайнай, а ў змесце ўся жыццёвая аснова паэткі. Яна пацвердзіла не толькі сілу свайго таленту, але і магчымасці мовы.

З часам Соф’я Шах стала скарыстоўваць гэтую форму і для напісання твораў, адрасаваных дзеткам. Так, летась у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» выйшла яе кніга «Дзівосы казачных краін» з паэтычна сплеценымі вянкамі. Крытыкі пішуць, што ў гэтай кніжцы вольна пачуваюць сябе музыка, колеры, кветкі, з’явы прыроды, багата прыкладаў для папаўнення слоўнікавага запасу і развіцця мыслення дзяцей.

 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter