Народный календарь. Филиппов пост

Піліпаў пост — да святак мост

Калядны пост — зімовы пост у Праваслаўнай і Грэка-Каталіцкай цэрквах, напярэдадні Раства Хрыстова. Усталяваны для духоўнай падрыхтоўкі да галоўнага зімовага свята і доўжыцца 6 тыдняў — з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна. На Беларусі распаўсюджана асобая яго назва — «Піліпаўка». Звязана гэта з тым, што загавіны (апошні дзень, калі яшчэ дазволена есці скаромную ежу) прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа — 27 лістапада. У гэты дзень наведвалі храм, пасля набажэнства раздавалі жабракам міласціну. 

mebel-gu.ru

Не хадзілі ў лес, бо «На Піліпаўку воўк вые» — лічілася, што зверы ў гэтую пару робяцца занадта ўжо злымі. Наогул кажучы, надыходзячы снежань на самай справе лічыўся воўчым месяцам — лясныя драпежнікі збіраліся ў зграі і пачыналі блукаць паўсюль, часам падбіраючыся вельмі блізка да жылля. Маглі нават напасці на адзінокага падарожніка. Таму людзі імкнуліся трымацца далей не толькі ад лясоў, але і ад адкрытых мясцовасцей і палёў, дзе таксама часта можна было сустрэць ваўкоў. 

Піліпаў дзень — апошні, калі можна пачаставацца рознымі прысмакамі, бо потым 40 дзён нельга есці ні мяснога, ні малочнага, ні яек. Таму да посту загадзя калолі кабанчыка, каб паспрабаваць свежаніны, накруціць каўбас і нарабіць другіх мясных вырабаў, многія з якіх — вяндліна, паляндвіца, салёнае сала і іншае — захоўваліся аж да Калядаў. На Піліпаў дзень не толькі самі частаваліся, але і запрашалі за стол дамавіка. Для яго на стале пакідалі ежу, прыкрыўшы талерку ручніком. Падчас застолля жанчыны спявалі песні. Змест іх часцей за ўсё быў звязаны з іх асноўнымі заняткамі ў Піліпаў пост — прадзевам і ткацтвам:

Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі,

Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі.

Напрадзем, дзевачкі, паўтары цэвачкі.

Аснуем, дзевачкі, паўтары губачкі.

Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрды шукаць.

Усё сяло абыйшлі — бёрды не знайшлі,

Будзем, дзевачкі, у прасла кросны снаваць,

Будзем, дзевачкі, у тын кросны ткаць.
У Піліпаўку нельга пляткарыць і брыдкасловіць, а таксама сумаваць і плакаць, бо апошні дзень перад постам варта правесці радасна, сярод блізкіх людзей. Існуюць і народныя сельскагаспадарчыя прыметы. Напрыклад, калі раніцай на траве няма інею, лічыцца, што наступны год будзе неўраджайны. 
«У Піліпаўку дзень — паўдня», гаварылі людзі. У пост да абеду займаліся звычайнымі хатнімі справамі, увечары надыходзіў час гаспадарчых і ў некаторым родзе творчых заняткаў. Мужчыны і хлопцы майстравалі розныя хатнія прылады, сталярнічалі, займаліся пляценнем з лазы, ганчарствам. У жанчын пачыналіся вячоркі — попрадкі. Гаспадыні запрашалі да сябе суседак і самі хадзілі ў госці. Разам часалі, сучылі, дралі, наматвалі пражу. Тут жа побач сядзелі малыя дзяўчаткі — вучыліся пад іх прыглядам. Маладыя дзяўчыны збіраліся ў гурткі і вандравалі з хаты ў хату, кожны вечар да новай сяброўкі. З сабой бралі кудзелю, калаўрот, верацяно, другія прылады — «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш». Падчас попрадак спявалі, распавядалі казкі і розныя гісторыі, частаваліся поснымі прысмакамі — семкамі сланечніка і гарбуза, мочанымі яблыкамі. На вячоркі абавязкова заходзілі хлопцы — прыглядзець нявест, таму такія сустрэчы былі вельмі важнымі. Дарэчы, падчас попрадак дзяўчаты рыхтавалі сабе пасаг. 
Паколькі ў Піліпаў пост не вянчаюцца, бліжэйшыя вяселлі плануюцца толькі ў зімні Мясаед і на Масленіцу. Таму дзяўчаты сумна спявалі: «Была восень, цяпер зіма, Былі хлопцы, цяпер няма».
bebenina@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter