Белорусский фольклор с душой: как борисовский коллектив «Мядоцкая талака» завоевывает внимание зрителей

Першы і апошні сноп за «Мядоцкай талакой»

Як на Барысаўшчыне сялянкі народныя песні спяваюць і ручнікі вышываюць

У маіх гераінь няма гастрольнага райдара і канцэртнага дырэктара, бо ўсё, што ім трэба для выступлення, — добры настрой і прыгожыя спадніцы. У рэпертуары артыстак «Мядоцкай талакі» толькі беларускія фальклорныя песні і танцы. І што самае галоўнае для гледачоў — канцэрт абсалютна бясплатны! Пашчаслівілася паслухаць і паглядзець яго і карэспандэнту «СГ». Падчас рэпетыцыі кіраўнік Людміла Кажэўка і яе сяброўкі-пяюхі расказалі аб тым, чым жыве калектыў, а таксама пра яго фанатаў. 


Амаль немагчыма не запець з маімі суразмоўцамі: да кожнай жыццёвай сітуацыі ў іх зной­дзецца радок і танец. Здзіўляюся такому настрою: усё ж не 18-гадовыя дзяўчаты на сельскай дыскатэцы… Але яны яшчэ ім фору дадуць!

Гісторыя фальклорнага гурта «Мядоцкая талака» з вёскі Старая Мётча Барысаўскага раёна пачалася амаль 25 гадоў таму. А можа, і яшчэ раней… Фальклор ёсць фальклор. Спачатку жанчыны проста чыталі вершы, пелі ў палях, потым — у сельскім Доме культуры, дырэктарам якога працуе Людміла Кажэўка. 

Якія галасістыя былі жанчыны! — з захапленнем успамінае яна. — Зараз ужо такіх не знайсці. Акрамя «Мядоцкай талакі», вядома. 

Так, некаторы час жанчыны спявалі проста для настрою. А аднойчы Людміла капала картоплю каля сваёй хаты, міма праходзілі сяброўкі і спыталі:

— Чаго ж ты адна капаеш? Давай талакой!

— Так і сталі называць калектыў «Мядоцкая талака», — кажа субяседніца.

Склад гурта часта змяняецца. Напрыклад, самая старэйшая салістка Лідзія Сямёнаўна Слесарук не дажыла да стагоддзя ўсяго год, але ўвесь час спявала. Зараз выступаюць сем чалавек. Большасць са Старой Мётчы, але ёсць і тыя, хто на ровары прыязджае з суседніх вёсак. Як кажа Людміла Уладзіміраўна, іх рэпертуар складае больш за дзвесце песень — усё гэта не адмыслова напісаныя словы і музыка, а беражліва захаваная спадчына. 

Людміла Кажэўка.

Ведаеце, якую выснову для сябе зрабіла? — зацікаўлівае спявачка. — У сям'і абавязкова павінны быць традыцыя, абрад ці нейкая рэч, якія будуць пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Гэта захоўвае сувязь. Так, мая маці Марыя Ціханаўна навучыла мяне пець, ткаць ручнікі. А мой малодшы пляменнік бачыць, як захоплена творчасцю «Мядоцкая талака», і таксама ездзіць з намі на мерапрыемствы. 

Вазьміце і мяне! На святах пасля двух чарак таксама добра танчу, — жартую я.

Таццяна Касцюкевіч вырашыла праверыць словы на справе. Запрасіла мяне на падзікатар. Не расчуўшы, пайшла на сваю галаву… Ды так мы закружыліся, што мой малады дух і той перахваціла! 

— Гэта толькі здаецца, што рухі лёгкія, але ўсе солі з касцей выганяюцца, — з усмешкай каменціруе Людміла Уладзіміраўна.

Затым мётчанскія танцоркі распавядаюць пра нейкі «качан». «Капусты хіба?..» — пра сябе думаю я. Але гэта, аказваецца, назва вясельнага танца. Музыка ў ім падобная да вядомай «Лявоніхі», але ёсць важная асаблівасць: трэба адбіваць рытм так добра, каб маладым жылося доўга і дружна. Большасць песень у «Мядоцкай талакі» вясёлыя, але не гумарам адзіным звязаныя: часам трэба закрануць душу. У Таццяны Сяргееўны, напрыклад, любімыя радкі пра маці. Кажа, заўсёды, калі выконвае іх, яе ўспамінае.



По небу плывет луна,

На улице тишина.

Сидит и не спит одна только мама…

А утром тихонько дверь откроет она тебе,

Поверь мне, никто другой — только мама.

Да ўсіх свят у жанчын ёсць што спець. Да свята работнікаў сельскай гаспадаркі яны таксама падрыхтавалі праграму, якую актыўна рэпеціравалі тры разы на ты­дзень. Вось вытрымкі:

Тры дні печы не паліла,

Сем дней хату не мяла.

Уся брыгада выйшла ў поле, 

А я спаці лягла.

Насамрэч тэмай працы ў полі прасякнута ўся творчасць «Мядоцкай талакі». Яна, канешне, і адна з самых любімых. Кожны год жанчыны выступаюць на «Зажынках». Больш за тое, за аднасяльчанкамі першы сноп! Па заканчэнні жніва і на «Дажынкі» клічуць. У гэтым годзе, напрыклад, былі на абласных — у Стоўбцах. Там вакол калектыву збіралася вялікая колькасць людзей: разам спявалі і танчылі. Людміла Уладзіміраўна расказвае, што некаторыя зараней выведваюць, дзе будзе выступаць гурт, каб прыйсці і паслухаць беларускі фальклор. На адным з канцэртаў, як успамінае Людміла Яфрэмаўна Глухоўская, глядачка з суседняй вёскі так чакала ансамбль, што прасіла не пачынаць, пакуль тая вусны чырвонай памадай не намалюе. Пра нашых герояў сцэны ведаюць у многіх кутках краіны, але самі артысткі больш за ўсе любяць выступаць перад аднавяскоўцамі: менавіта іх любоў і павага матывуюць на спевы.



— На канцэрце да Дня маці пелі без фанаграмы дзве гадзіны, і людзі прасілі яшчэ! — кажа Валянціна Бязручонак. — А самым прыемным і нечаканым было тое, што мужчына пасля выступлення выйшаў і выказаў нам падзяку, павіншаваў са святам. Мы ўсе ледзьве не заплакалі. 

Неад'емная частка іміджу — вопратка. Вядома, у нацыянальных колерах і ўзорах. Некаторыя беласнежныя кашулі вышывала мама Людмілы Кажэўкі — Марыя Ціханаўна. Яна, дарэчы, усё жыццё працавала на трактары ў мясцовым (ужо ліквідаваным) калгасе. Трактарыстка-спявачка была ідэйным цэнтрам «Мядоцкай талакі», а зараз гэтую функцыю атрымала ў спадчыну дачка, якую ў калектыве жартам называюць «аркестрам». 

— Нашы ручнікі вышывалі тры пакаленні: бабуля, мама і я, — кажа кіраўнік ансамбля. — Памятаю, як некалькі разоў перерабляла, калі ці малюнак не глядзеўся цэласным, ці з адваротнага боку быў непрыгожы радок. Натхненне шукаю паўсюль: на паштоўках, адзенні. Аднойчы нават перемалявала ўзор з рондаля!



У Мётчанскім сельскім доме культуры аднасяльчанкі абсталявалі цэлы нацыянальны куточак. Тут вісяць ручнікі, якім ужо пад сто гадоў, эксклюзіўны андарак, дзіцячая драўляная калыска, у якой калыхалі бацькоў Валянціны Уладзіміраўны, вясковая печ, ільняное валакно (яго і багатырскай сілай не парвеш) і шмат іншага.

Пасля знаёмства доўга не пакідалі добры настрой і ўдзячнасць: пад Барысавам захоўваюць сапраўды багатую аўтэнтычную беларускую спадчыну. Прычым робіцца гэта не дзеля галачкі, а з душой. Менавіта таму «Мядоцкая талака» і заваявала глядацкую сімпатыю. Дарэчы, у мясцовым клубе зоркі не толькі з гэтага ансамбля: маладое пакаленне росцяць у калектыве «Весялінка», якому ў наступным годзе споўніцца 35 гадоў.


beleckaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter