Вялікдзень — галоўнае свята ўсіх хрысціян. Католікі сёлета сустрэнуць яго 17 красавіка

Перамога вечнага жыцця

Ужо заўтра вернікі пойдуць у касцёлы, каб благаславіць стравы на велікодны стол. Звычайна святочныя кошыкі пачынаюць акрапляць свянцонай вадой з раніцы да вечара суботы, у некаторых касцёлах яшчэ ў нядзелю.

Касцёл Святой Тройцы ў Гервятах.
Фото  БЕЛТА

Так, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Юзаф Станеўскі наведае ў суботу некалькі сталічных храмаў. У 10 га­дзін раніцы ён прыбудзе ў парафію Божага Цела (вул. Герасіменкі, 6/1), у 11 — святога Яна Хрысціцеля (вул. Пляханава, 28), а пасля абеду завітае ў парафію Маці Божай Ружанцовай (вул. Гашкевіча, 1) і святога Антонія (вул. Ясеніна, 68). У 14 гадзін мітрапаліта будуць  чакаць у Чырвоным касцёле.

У кожнай святыні — свой расклад. Напрыклад, у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім асвячэнне страў адбудзецца з 9:30 да 15:00. Кожныя паўгадзіны з 8:00 да 18:00 святочныя кошыкі можна прыносіць у гродзенскі касцёл святога Францішка Ксаверыя.

Благаслаўленне страў на велікодны стол будзе здзяйсняцца паводле звычайнага парадку. Але ў той жа час у сувязі з каронавірусам дзеля захавання санітарнай бяспекі трэба прытрымлівацца ўжо звыклых мер: карыстацца маскамі, захоўваць дыстанцыю.

Прадукты, якія мы прыносім у храм, лічацца пэўнымі сімваламі. Напрыклад, у кошык традыцыйна кладуць пафарбаваныя яйкі як сімвал адраджэння жыцця, бо Хрыстос уваскрос з мёртвых і перамог смерць. Таксама хлеб — успамін пра Слова, якое стала Целам. Соль, бо хрысціяне з’яўляюцца соллю зямлі. Мяса і вяндліну — гэта сімвал дабрабыту. Куліч адлюстроўвае ўмеласць і дасканаласць гаспадыні. У велікодным кошыку змяшчаецца і пасхальны баранак. Гэта сімвал Езуса Уваскрослага, а таксама адлюстраванне пакоры і лагоднасці. Фігурку потым ставяць на святочны стол. Кошык можна аздобіць вербнымі галінкамі ці веснавымі кветкамі, а ежу прыкрыць белай сурвэткай.

У той жа час святары падкрэсліваюць, што знешні бок падрыхтоўкі да Вяліка­дня зусім не такі важны — трэба сачыць, каб традыцыі і абрады не сталі падменай сапраўднага свята. Таму такія дзеянні, як асвячэнне яек і кулічоў, — толькі спадарожны, дадатковы атрыбут святкавання. Важна знайсці час, каб увечары прыйсці на вялікую ўрачыстасць — Пасхальную вігілію.

Паводле падання звычай абменьвацца фарбаванымі яйкамі на Вялікдзень быў усталяваны Марыяй Магдалінай, якая падарыла чырвонае яйка імператару Ціберыю са словамі: «Хрыстос уваскрос!» Менавіта чырвоны колер, у якім бачаць сімвал адраджэння вернікаў крывёй Хрыста, лічыцца традыцыйным у фарбаванні яек на Вялікдзень.

У нашых продкаў былі распаўсюджаны не толькі аднакаляровыя яйкі — так званыя крашанкі, але і яйкі з нанесенымі ўзорамі, сімваламі, знакамі: шкрабанкі, ці драпанкі, пісанкі, капанкі. Да дэкарыравання галоўнага сімвала свята адносіліся з вялікай адказнасцю.

З дастаўкай дадому

У суботу Белтэлерадыёкампанія арганізуе для вернікаў шэраг прамых трансляцый святочных набажэнстваў. Так, на тэлеканале «Беларусь 1» у 21:45 адбудзецца анлайн-трансляцыя Пасхальнай вігіліі. 17 красавіка велікодная раніца пачнецца са слова мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Юзафа Станеўскага.

На тэлеканале «Беларусь 3» у той жа дзень у 16:30 можна будзе ўбачыць Велікоднае Пасланне і Благаславенне «Граду і Свету» з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска.

Кулічы ў печы

Сёння ў большасці з нас няма часу на тое, каб спячы куліч самому. Справа гэта даволі затратная і патрабуе пэўных уменняў. Таму шматлікія гаспадыні аддаюць перавагу ўжо гатоваму прадукту.



Яшчэ нашы бабулі напярэдадні свята фарбавалі яйкі ў адвары з цыбулевага шалупіння і пяклі ў печы духмяныя кулічы. Цяпер у крамах можна знайсці спецыяльную фарбу для яек. Ды і кулічоў — велізарнае мноства. На любы густ і кошт. Разнастайныя вырабы ў сярэднім каштуюць каля 3—4 рублёў. Даражэй — святочная страва ад кандытараў пад заказ. Можна нават знайсці куліч, створаны без выкарыстання дражджэй на апельсінавым соку. У якасці напаўняльніка прапаноўва­юць разынкі, вяленыя журавіны, цукаты, міндаль. Кошт вырабу — 15 рублёў. Танней на 2 рублі — прыгожы велікодны ласунак з зефірнымі кветачкамі.
ЯК ВЫ АДЗНАЧАЕЦЕ ВЯЛІКДЗЕНЬ?

Людміла Катовіч,  валеолаг Глыбоцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

— У Глыбокім каталіцкі касцёл і праваслаўная царква стаяць побач як сімвал канфесійнай згоды ў гора­дзе. Вялікдзень — гэта хрысціянскае свята. І яму папярэднічае Вялікі пост, калі кожны можа задумацца, якую сферу жыцця неабходна ўпарадкаваць, з чым ёсць праблемы, ад чаго на гэты час адмовіцца і чаму больш прысвяціць свае сілы. Упэўнена, калі мы хочам атрымаць падтрымку ад Бога, трэба да лепшага змяняць сваё жыццё. Пасля прыгожай Пасхальнай вігіліі, якая адбываецца ноччу з суботы на нядзелю, мы будзем вітаць

адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос — Сапраўды ўваскрос!» Канешне, у гэты светлы дзень трэба пакінуць усе непаразуменні і крыўды і з радасцю правесці свята з сям’ёй.

Таццяна Палуносік, сакратар аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

— Наша сям’я па традыцыі ў велікодную раніцу заўсёды прыходзіць у касцёл на святочнае набажэнства. Пасля імшы мы ўсе разам збіраемся ў бацькоў за вялікім сталом. Пачынаем з узаемных віншаванняў і біткоў велікоднымі яйкамі. У каго яйка апынецца самым моцным, той будзе ўвесь год здаровым і шчаслівым — так заўсёды казала мая бабуля. Сняданак пачынаем з малітвы, частуемся асвячоным яйкам, якое пасыпаем асвячонай соллю. Пасля гэтага мы дорым адзін аднаму падарункі.

Да сямейных каштоўнасцей адношу і рэцэпт прыгатавання кулічоў, які перадаецца ад старэйшага пакалення да малодшага, таму булкі для мяне заўсёды ў гэты дзень асаблівыя. Іх мама пячэ шмат, рознага памеру і з розным начыннем. Яшчэ ў дзяцінстве мы заўсёды з нецярпеннем чакалі свята Вялікадня. З раніцы ўсе дзеці прыбіраліся, бралі кошыкі і хадзілі па вёсцы ад хаты да хаты за пачастункамі, сярод якіх былі яйкі, пірагі, яблыкі ды іншыя прысмакі. Прайшло шмат гадоў, але гэтую традыцыю я перадала сваім дзецям — у велікодную раніцу мы з віншаваннямі і спевамі абыходзім блізкіх, родных, суседзяў і атрымоўваем пачастункі.

Светлая ўрачыстасць

Напярэдаднi Пасхi Хрыстовай, якая сёлета па каталiцкiм календары святкуецца 17 красавіка, архібiскуп Юзаф Станеўскі, мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi, звярнуўся з Пастырскiм пасланнем да вернiкаў Рыма-каталiцкай царквы Беларусi. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца:

Урачыстае і велічнае перакліканне званоў, якія з самага ранку загучалі ў нашых святынях, у чарговы раз нагадалі аб радасці таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы і Пана Езуса Хрыста. На працягу многіх стагоддзяў радасным перазвонам Касцёл абвяшчае свету праўду, якую жанчыны перадалі апосталам: яны сказалі, што сустрэлі Хрыста жывога, Ён уваскрос! Ён перамог смерць! Ён выйшаў з магілы! Ён зноў з намі!



Пасланне тлумачыць, чаму Касцёл надае гэтай падзеі такі моцны акцэнт і нагадвае пра яе кожны год. Даецца такі адказ: «Касцёл хоча ўмаца­ваць у перакананні, што праўда пра ўваскрасенне нарадзілася не з жадання, не са сведчання падкупленай варты ці з нейкіх плётак, якія распаўсюджваюцца сярод легкаверных людзей. Уваскрасенне Хрыста — гістарычны факт».

У пасланні ўзгадваецца: пачынаючы з часоў Апосталаў, кожнае пакаленне хрысціянаў паклікана сведчыць аб уваскрасенні па просьбе самога Хрыста: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога».

Пасланне напамінае: са смерцю Хрыста нічога не скончылася, а толькі ўсё распачалося. У ім гаворцца: «Уваскрасенне Хрыста — гэта гарантыя нашага ўваскрасення. Хрыстус першы ўваскрос з магілы, а гэта значыць, што ў свой час і мы таксама ўваскрэснем».

Гучыць заклік цешыцца радасцю новага жыцця, якое Хрыстус абвясціў сваім уваскрасеннем: «Кожны наш дзень давайце будзем старацца пражыць паводле вучэння Хрыстовага Евангелля, ствараючы вакол сябе атмасферу хрысціянскай любові, дабрыні і міласэрнасці.

Няхай Уваскрослы Хрыстус заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці, у малітве, у працы, у абавязках, у нашых сем’ях…

Прытуліцеся да Уваскрослага і не аддаляйцеся ад Яго. Няхай гэта станецца асноўнай каштоўнасцю вашага жыцця».

Завяршаецца Пастырскае пасланне сардэчнымi вiншаваннямi са святам Уваскрасення Хрыста:

«Браты і сёстры. Няхай жа радасна загучыць нашае Мінска-Магілёўскае: Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! Аллелюя!

Усім вам жадаю радасных пасхальных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоц­ніць нашыя сілы і адновіць надзею.

Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Пасхі Хрыстовай усім вам!»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter